Студатрадам у нас рады. Восем прадпрыемстваў і арганізацый Ляхавіччыны з канца мая па кастрычнік гатовы прыняць студатрады
Пра студатрадаўскі рух-2026 на Ляхавіччыне расказалі ў райкаме БРСМ.
У 2025 годзе ў Ляхавіцкім раёне працавалі 12 студэнцкіх атрадаў – сем сельскагаспадарчых, тры экалагічныя, два педагагічныя. Агульная колькасць студатрадаўцаў летась – 183 чалавекі. Плануецца, што сёлета колькасць маладых людзей, якія атрымаюць магчымасць папрацаваць у вольны ад вучобы час, не будзе меншай.
20 мая ва ўрачыстай абстаноўцы ў Брэсце адкрыўся чарговы трэці працоўны семестр. У складзе дэлегацыі Ляхавіцкага раёна – першы сакратар райкама БРСМ Карына Кузьміч і 10 навучэнцаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа, якія сёлета паспрабуюць сябе ў якасці студатрадаўцаў.

– У Ляхавіцкім раёне працоўны семестр абяцае быць насычаным. Восем прадпрыемстваў і арганізацый з канца мая па кастрычнік гатовы прыняць студатрады: ААТ «Жарабковічы», «Шлях новы», «Нача», «Ляхавіцкі кансервавы завод», СВК «Ляхавіцкі», КУШВП ЖКГ
«Ляхавіцая ЖКГ», лясгас і аздараўленчы лагер «Чайка». У сельгаспрадпрыемствах і лясгасе на самастойную працу ўладкоўваюць навучэнцаў агракаледжа, «Чайка» чакае студэнтаў педагагічных ССНУ і ВНУ, а кансервавы завод і камунгас прадаставяць працоўныя месцы і для старшакласнікаў. Па традыцыі з канца лютага райкам БРСМ прымае анкеты – заяўкі, згодна якіх і ствараецца база даных жадаючых працаўладкавацца, – адзначае Карына Кузьміч.
І ў прафесійным плане выдатная праверка тэарэтычных ведаў, атрыманых падчас вучобы, і добры працоўны вопыт, і заробленыя грошы яўна не лішнія, і працаваць у камандзе зручней і весялей, сцвярджае сёлетняя выпускніца Ляхавіцкага аграрнага каледжа Дар’я Чабатар. Летам мінулага года Дар’я ў складзе каледжскага студатрада працавала на авечкаферме ў ААТ «Жарабковічы». Будучыя ветэрынарныя фельчары на працягу двух тыдняў разам з работнікамі фермы шчыравалі ў «салоне прыгажосці» для жывёлы. І, як адзначае малады спецыяліст, гэта практыка дала многае ў прафесійным плане і, напэўна, спатрэбіцца на першым працоўным месцы – у Баранавіцкім райаграсэрвісе, дзе Дар’я Чабатар днямі пачне сваю працоўную дзейнасць.

