Білет на памятны маршрут. Сталі вядомы імёны ўдзельнікаў культурна-адукацыйнага праекта Саюзнай дзяржавы «Цягнік Памяці-2026». Сярод іх і навучэнец СШ № 2 г. Ляхавічы
Сталі вядомы імёны ўдзельнікаў культурна-адукацыйнага праекта Саюзнай дзяржавы «Цягнік Памяці-2026». Сярод іх і навучэнец СШ № 2 Ягор Цямчык. Запаветны білет на патрыятычны маршрут ён заваяваў падчас удзелу ў фінале рэспубліканскага конкурсу «Я патрыёт сваёй краіны». Ягор не хавае шчасця і дзеліцца, што вельмі хвалююча было пачуць сваё прозвішча ў ліку пераможцаў.

– Гэта быў сапраўдны шок, але самы прыемны ў жыцці. Яшчэ не да канца паверыў, што стану ўдзельнікам маштабнага беларуска-расійскага праекта. Для мяне ўдзел у «Цягніку Памяці» – вялікі гонар і адказнасць, магчымасць аддаць даніну павагі свайму прапрадзеду, які ваяваў і дайшоў да Берліна. Гэта прадзядуля маёй мамы – Іван Дзмітрыевіч Клімовіч. Яго я бачыў толькі на фота, але ведаю ад бацькоў пра яго шмат добрага, – дзеліцца Ягор і дадае, што паездка дапаможа лепш зразумець гістарычную сувязь народаў Беларусі і Расіі, дасць магчымасць убачыць на ўласныя вочы месцы баявой
славы і пазнаёміцца з равеснікамі не толькі з роднай Беларусі, але і з іншых краін.
Сёлета ў конкурсе «Я патрыёт сваёй краіны» за перамогу змагаліся 12 тысяч дзесяцікласнікаў з усёй Беларусі. У фінале Ягор прадстаўляў візітную картку, дзе расказваў пра сябе і свае дасягненні, прэзентаваў праект «Пін-код», які рыхтаваў разам з педагогамі. Плюс творчае эсэ, у якім трэба было пераканаўча расказаць, чаму менавіта ён павінен стаць пасажырам цягніка. Ягор шчыра ўдзячны за падтрымку і дапамогу ўсім, дзякуючы каму ён стаў пераможцам. Асобныя словы ўдзячнасці адрасуе педагогам Вераніцы Васільеўне Кумейша, Вользе Аляксандраўне і Віталію Аляксандравічу Толкачам.
Ягор Цямчык – фіналіст рэспубліканскага конкурсу «Лідар года», дыпламант дыстанцыйнага конкурсу педагагічнага відэакантэнту «Настаўнік, які змяняе», разам з аднакласнікамі з педгрупы адстойваў гонар школы на IV абласным фестывалі педагагічных класаў, дзе прадстаўнікі СШ № 2 заваявалі дыплом I ступені. Ягор – навучэнец педгрупы – атрымаў дыплом III ступені ў намінацыі «Мой настаўнік». Да ўсяго ён яшчэ і актыўны ўдзельнік раённых і школьных мерапрыемстваў. Нядаўна праехаў па маршруце праваслаўнага аўтамотавелапрабегу «Моладзь за здаровы лад жыцця».
Галоўнае захапленне дзесяцікласніка – музыка. Ён барабаншчык
кавэр-бэнда «Space» і вольны час прысвячае рэпетыцыям. Ягор марыць стаць журналістам і звязвае сваю прафесійную будучыню
са словам і творчасцю.
22 чэрвеня Ягор Цямчык разам з равеснікамі з іншых краін адправіцца ў двухтыднёвае падарожжа па старонках гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. На маршруце – Брэсцкая крэпасць-герой, Хатынь, Мамаеў курган і, канешне, сустрэчы з ветэранамі, гісторыкамі і іншымі цікавымі людзьмі.
Сёлетні сезон культурна-адукацыйнага патрыятычнага праекта «Цягнік Памяці» – юбілейны, пяты. І, як і раней, ён будзе жывым урокам гісторыі, які назаўсёды застанецца ў сэрцах кожнага яго ўдзельніка.
Наталля ПЕРАПЕЧКА
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

