Патрыёт. Настаўнік. Сябар. Ёсць людзі сэрцам адданыя прафесіі. Гэта і пра настаўніка гісторыі, кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 2

Ёсць людзі сэрцам адданыя прафесіі. Гэта і пра настаўніка гісторыі, кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 2 Віталія Толкача. Урокі гісторыі і грамадазнаўства ў яго выкананні ператвараюцца ў цікавае і пазнавальнае падарожжа і пошук, а выхаванне патрыёта – у галоўны сэнс педагагічнай дзейнасці. Настаўнік не проста перадае веды – ён натхняе

– Калі дзіця шаблонна запамінае даты, назвы, падзеі – гэта не выхаванне, а трэніроўка памяці. Я ж імкнуся, каб мае навучэнцы на ўроках гісторыі вучыліся думаць і адчуваць. Каб яны ведалі гісторыю малой радзімы, перажывалі за лёс салдата, якому паставілі помнік. Каб разумелі каштоўнасць сям’і, паважалі бацькоў і ганарыліся Айчынай і беларускім народам. Патрыятызм – гэта не толькі ганарыцца перамогамі дзядоў, а штодня ўкладваць сілы ў сваю школу, свой горад і край. І рабіць гэта не таму, што трэба, а таму што хочацца. Калі мы гэта прапусцім – ніякія гучныя фразы не дапамогуць, – упэўнены Віталій Аляксандравіч.
Нядаўна Віталій Толкач стаў пераможцам абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў у намінацыі «Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія».
Шлях у педагогіку
Віталій Толкач прыйшоў у педагогіку з дыпломам БДУ 13 гадоў назад, з іх дзевяць належаць СШ № 2. З 2021 года ва ўстанове адукацыі ён кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, курыруе дзейнасць пошукавая групы «Следапыты», лектарскай групы навучэнцаў.
Школьны музей «Баявой і працоўнай славы» – пляцоўка, дзе праходзяць урокі памяці, экскурсіі, мерапрыемствы. Галоўны прынцып настаўніка – адсутнасць фармалізму. Ён робіць не дзеля
«птушачкі». На ўроках імкнецца праводзіць асацыяцыі, зачапіць гістарычны факт з сучаснасцю, прывязаць кароткім выразам, каб факт застаўся ў памяці. Улічвае ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці вучняў і, канешне прымяняе ўсе сучасныя педагагічныя метады і тэхналогіі.
Поспех настаўніка – у поспехах вучняў
Сапраўдны поспех настаўніка, калі вучні лічаць яго сябрам, могуць даверыць самае патаемнае і вызначаюцца не толькі добрымі ведамі, але і грамадскай актыўнасцю. Выхаванцы Віталія Толкача – пастаянныя ўдзельнікі і пераможцы конкурсаў, праектаў, навуковых канферэнцый абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. Яны ўдзельнічаюць у міжнародных акцыях разам са школамі Расіі, робяць відэаролікі пра памяць і Перамогу.
Віталій Толкач удзельнік суперфіналу абласнога конкурсу «Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні» і ўвайшоў у пяцёрку лепшых на Брэстчыне. Быў удастоены гонару стаць важатым прэстыжнага беларуска-расійскага праекта «Цягнік Памяці». Двойчы прызнаваўся Чалавекам года Ляхавіцкага раёна, яго партрэт быў занесены на Галерэю Славы раёна. Кожная працоўная адзнака для яго дарагая, але юбілейны медаль «80 гадоў вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў» ён лічыць асабліва важным:
– Мір – гэта жыццё і шчасце ўсіх беларусаў, заўтрашні дзень майго сына. І я раблю ўсё магчымае, каб вучні разумелі: мір трэба берагчы, гісторыю – ведаць, а тых, хто гэты мір абараніў, – памятаць і ніколі
не забыць!
Перамога ў конкурсе – камандная работа
Нядаўна імя настаўніка СШ № 2 Віталія Толкача гучала падчас абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў, дзе ён пацвердзіў, што з’яўляецца спецыялістам высокага класа. Каб стаць пераможцам, давялося вытрымаць складаны экзамен, адзін з якіх – урок у незнаёмым класе. Тэму «Адукацыя і навука ў 1860-х гг. – пачатку XX ст.» тлумачыў васьмікласнікам брэсцкай школы. І з першых хвілін дзеці паказалі, што не трэба хвалявацца і максімальна справіліся з задачай.
– Перамога – работа камандная. Гэта падтрымка сям’і і калег, якім я вельмі ўдзячны, – адзначае Віталій Толкач.
Сямейна-педагагічны саюз
Кажуць, што ў кожнага педагога быў прыклад, ад якога ён «захварэў» школай. У Віталія Толкача гэта яго настаўніца гісторыі і мама, якая выкладала беларускую мову і літаратуру, займала пасаду дырэктара і ўлюбіла ў педагогіку. Сёння ў школу Віталій Толкач ідзе ўсёй сям’ёй: вядзе за руку сына-трэцякласніка, а жонка Вольга – настаўнік беларускай мовы і літаратуры. Такі саюз, па словах педагога, дапамагае разам вырашаць мноства прафесіянальных задач.

