Прыгожае не азначае бяспечнае. Штогод 5 чэрвеня ў больш чым ста краінах свету, у тым ліку Беларусі, адзначаецца Дзень аховы навакольнага асяроддзя

Мерапрыемствы, што прымяркоўваюцца да гэтай даты, дапамагаюць прыцягнуць увагу грамадства да праблем навакольнага асяроддзя і падкрэсліваюць вострую неабходнасць змянення адносін чалавека да прыроды. Сёння на старонках «ЛВ» разам з начальнікам раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Інай Траяноўскай разбіраемся з экалагічна важнымі пытаннямі, у тым ліку барацьбой з інвазіўнымі раслінамі. Кіраўнік прыродаахоўнай службы раёна расказвае:

– Поле дзейнасці супрацоўнікаў райінспекцыі надзвычай шырокае. У першую чаргу – кантроль за выкананнем прыродаахоўнага заканадаўства. Разам з галоўным інспектарам Аляксандрам Курловічам ажыццяўляем кантроль за тым, як наводзіцца парадак у раёне, сочым за выкарыстаннем водных рэсурсаў, зямлі. У полі зроку і ахова атмасфернага паветра (кантроль за выкідамі забруджвальных рэчываў), жывёльнага і расліннага свету, у тым ліку жывёл і раслін, што занесены ў Чырвоную кнігу, прыродных тэрыторый, помнікаў прыроды (іх у нашым раёне тры: рэспубліканскага значэння –Савейкаўскі парк, мясцовага – Рэпіхава і Нача Брындзоўская), абыходжанне з адходамі. Наша зона адказнасці – і кантроль за распаўсюджваннем інвазіўных раслін, такіх як баршчэўнік Сасноўскага, залатарнік канадскі (сумнік) і ншыя. І гэта неабходнасць, прадыктаваная клопатам пра бяспеку людзей, чысціню і парадак.
Рэгулярнае скошванне травы, асабліва каля дамоў ці гаспадарчых пабудоў – прамая прафілактыка пажараў. А барацьба з баршчэўнікам Сасноўскага – клопат пра здароўе чалавека. Пра інвазіўныя расліны і пагаворым.

З 19 чэрвеня 2026 года ў Беларусі ўступаюць у сілу змяненні ў
Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэннях. У прыватнасці, дакумент дапоўнены новым артыкулам 16.46 – «Невыкананне работ па рэгуляванні распаўсюджвання і колькасці асобных відаў раслін». Цяпер усе ўласнікі і арандатары зямельных участкаў абавязаны змагацца з баршчэўнікам Сасноўскага, залатарнікам канадскім і іншымі інвазіўнымі раслінамі.
Гэтыя расліны не толькі псуюць знешні выгляд тэрыторый, яны небяспечны для прыроды, жывёлы і чалавека. Калі не займацца іх знішчэннем, яны вельмі хутка запаланяюць усё новыя і новыя плошчы.
Асабліва небяспечны баршчэўнік Сасноўскага. Яго лёгка вызначыць па вялізарных памерах (расліна можа дасягаць трох метраў у вышыню). За ігнараванне патрабаванняў будуць прадугледжаны штрафы ў памеры да 10 базавых велічынь. Знішчэнне пустазелля кантралюецца законам. Каб пазбегнуць штрафаў, неабходна рэгулярна праводзіць мерапрыемствы па знішчэнні зараснікаў. Нагадаю, што сок баршчэўніка Сасноўскага ўтрымлівае рэчывы, якія пры траплянні на скуру пад уздзеяннем сонечных промняў выклікаюць моцныя апёкі. Працаваць з раслінай трэба толькі ў шчыльным адзенні, пажадана непрамакальным, закрытым абутку, пальчатках і акулярах. Чалавек можа нават не заў-
важыць момант кантакту з раслінай. Дастаткова выпадкова зачапіць ліст ці сцябло, а праз некалькі гадзін пад сонцам на скуры з’яўляюцца пухіры і запаленні. Не менш агрэсіўны і залатарнік канадскі. Некаторыя дачнікі вырошчваюць яго як прыгожую дэкаратыўную расліну, нават не падазраючы, наколькі хутка ён знішчае ўсё вакол сябе. За адзін сезон куст дае сотні тысяч насення.
Яго карані выдзяляюць рэчывы, якія знішчаюць суседнія расліны. Паступова на месцы пашы і кветнікаў з’яўляюцца зараснікі аднаго
залатарніка. У мінулым годзе ў Ляхавіцкім раёне знішчана 5,89 гектара залатарніка канадскага.
І яшчэ адна тэма. Зараз сваёй прыгожай квеценню і духмяным
водарам прывабліваюць бэз, чаромха, язмін. Многія спакойна ломяць галінкі кустоў і пры гэтым не ведаюць, што тым самым парушаюць заканадаўства.

Згодна з Законам «Аб раслінным свеце», штраф прадугледжаны
за пашкоджванне дрэў і кустоў. Такім чынам, напрыклад, букет бэзу можа абысціся ў 1 350 рублёў (30 БВ).  Так што майце гэта на ўвазе перш чым сарваць букет з куста бэзу. Калі, канешне, ён не вырас на вашым участку.

Падрыхтавала Галіна КАНЬКО.