І сянаж, і сена. Надвор’е спрыяе ляхавіцкім касцам

Надвор’е спрыяе касцам: раніцай раса, а сонца паднімецца – сена падсыхае на вачах. Узяліся касіць траву на сена ў СВК “Жарабковічы”, “Шлях новы”, “Ліпнянка”, ДП “Нача”: за касілкамі ідуць варушылкі, – зляжацца пракосам няма шанцу.

Адначасова рыхтуецца сянаж. Найбольш яго ў рулонах нарыхтавалі ў СВК ”Ляхавіцкі” (1418 тон) і работа працягваецца, як і ў СВК “Шлях новы”, дзе працуюць 2 прэспадборшчыкі-абмотчыкі і ўжо назапашана 1236 тон рулоннага корму. Амаль 1000 тон яго ўжо ў ААТ “Ляхавіцкі райаграсэрвіс”, столькі ж у ЗАТ “Белпрампрыбор”. Райаграсэрвіс сёлета, як і летась, дапамагае “Ліпнянцы”: 41 тона сенажу ў рулонах ужо ёсць і ў гэтым сельгаскааператыве.

Ля сянажных траншэяў у “Ляхавіцкім”, “Шляху новым”, “Начы” найбольш ажыўлена: машыны падвозяць зялёную масу, якая тут жа старанна ўтрамбоўваецца. Адказныя спецыялісты, якія кругласутачна дзяжураць на аб’ектах, вызначаюць тэмпературу і вільготнасць корму. У гэтых гаспадарках стараюцца прытрымлівацца вызначанай тэхналогіі: распачатую траншэю неабходна закрыць за 2-3 дні, – толькі тады корм будзе якасным. Напрыклад, у “Начы”, каб паскорыць працэс закладкі сенажу ў траншэі, вырашана павялічыць рабочы дзень (з падвоенай аплатай працы за звышурочныя гадзіны).

Наогул, усе сельгаспрадпрыемствы раёна прыступілі да нарыхтоўкі кармоў, акрамя СВК “Востраў-Агра”, дзе спадзяюцца на дапамогу.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *