Стабальная вышыня. Тры выпускніцы СШ № 1 г. Ляхавічы на цэнтралізаваным экзамене дасягнулі найвышэйшага бала

Сто балаў – не проста лічба ў сэртыфікаце, а ўсведамленне таго, што ўсе заняткі, хваляванні і сумненні не прайшлі дарма. Сёлета тры выпускніцы СШ № 1 на цэнтралізаваным экзамене дасягнулі найвышэйшага бала. У кожнага з іх свая гісторыя, поспехі, мары і жыццёвыя планы. Аб’ядноўвае адно – яны даказалі, што старанная праца і жаданне вучыцца абавязкова прыносяць плён. Сёння расказваем пра тых, хто змог пакарыць стабальную вяршыню.

Калі грамадазнаўства – любімы прадмет
Валерыя Бабок грамадазнаўства называе сваім любімым прадметам. Ёй падабаецца ўсё, што звязана з грамадствам: чым яно жыве і якімі законамі кіруецца. Дзяўчына плануе паступаць у Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт і нават выбрала факультэт, дзе грамадазнаўства будзе адным з вядучых прадметаў. Мара Валерыі – працаваць з людзьмі, а галоўная мэта – стаць добрым спецыялістам і, канешне, жыць у роднай краіне. З 10-га класа Валерыя – член клуба права-ахоўнай накіраванасці «Фартэцыя» і ў будучыні жадае быць супрацоўнікам праваахоўных органаў. У скарбонцы дасягненняў дзяўчыны – дыплом ІІ ступені на абласным конкурсе «Энергамарафон-2025» (настаўнік нямецкай мовы Крысціна Здановіч), была і сярод лепшых па выніках другога этапу алімпіяды па грамадазнаўстве. Любоў да прадмета і настойлівасць прынеслі выпускніцы максімальны бал на ЦЭ. Валерыя Бабок прызнаецца, што любіць спрабаваць новае і не баіцца эксперыментаваць. У свой час займалася танцамі, малявала, іграла на баяне.
– Да ЦЭ рыхтавалася сама, без рэпетытараў, два гады. Хапала школьных заняткаў, і заўсёды магла незразумелае спытаць у маёй настаўніцы Наталлі Уладзіміраўны Скрыпнік, і яна з натхненнем тлумачыла, – дзеліцца стабальніца і адзначае, што калі выйшла з аўдыторыі пасля ЦЭ, была ўпэўнена ў высокім бале.
– Заданні здаліся знаёмымі, нечаканых пытанняў не было. А калі ўбачыла вынік у асабістым кабінеце на сайце РІКВ – вельмі абрадавалася, – гаворыць Валерыя.
Яна лічыць, што важна не распыляцца і ўмець вызначаць свае прабелы, рабіць акцэнт на тым, што ведаеш горш. На пытанне, ці хапала часу на адпачынак, дзяўчына адказвае станоўча і дадае, што жыла звычайным жыццём, але з раскладам. Галоўнае –
не баяцца цяжкасцяў, старанна выконваць заданні настаўнікаў і верыць у сябе.
– Сто балаў – маё дасягненне, але заслуга ў гэтым належыць і маёй мамачцы, якая заўсёды мяне падтрымлівала, верыла ў мяне і была побач. Мама для мяне – самая галоўная апора, – шчыра прызнаецца ўладальніца максімальнага бала.

Ацэнка школьнага шляху
У актыве Ясеніі Давідоўскай 100 балаў па грамадазнаўстве і 98 – па рускай мове. Дзяўчына вучылася ў профільным класе па грамадазнаўстве і англійскай мове. Да ЦЭ па грамадазнаўстве рыхтавалася з настаўніцай Сафіяй Іванаўнай Шыбкоўскай.
– Старалася выкарыстаць усё, што давала школа. Акрамя ўрокаў, наведвала факультатывы і дадатковыя заняткі. А яшчэ ўдзельнічала ў алімпіядах, і гэта дало вельмі добрую аснову. Таму тое, што вучыла для алімпіяды, дапамагло і на ЦЭ, – з веданнем справы дзеліцца Ясенія.
Сёлета ў раённым этапе алім-піяды па грамадазнаўстве яна заняла трэцяе месца. Летась было першае месца ў раёне і трэцяе на вобласці па правазнаўстве. Яшчэ стала фіналісткай алімпіяды па пытаннях тэорыі і практыкі выбарчага працэсу. Каб атрымаць запаветную сотню, упор рабіла на матэрыялы школьных падручнікаў, раскрывае сакрэты поспеху дзяўчына і дадае, што шмат рашала тэстаў і пераканалася: калі добрасумленна рыхтавацца, 100 балаў – гэта рэальна.
На вынік па рускай мове таксама працавалі школьныя ўрокі, дадатковыя заняткі і факультатывы. Настаўніца Інэса Раманаўна Маневіч давала шмат тэстаў на ўроках, рабіла ўпор на іх рашэнне і правілы.
– За свае высокія балы, безумоўна, дзякую маім бацькам, педагогам, клубу «Фартэцыя». Веды і вопыт, якія атрымала, сапраўды каштоўныя. Там я зразумела, як на самай справе працуе сістэма правапарадку.
Сустрэчы з супрацоўнікамі міліцыі, практычныя заняткі, разбор рэальных сітуацый набліжалі мяне да маёй мары – стаць юрыс-там і абараняць правы людзей.
Не таму што гэта модна, а таму што справядлівасць павінна перамагаць, – адзначае стабальніца.
Ясенія Давідоўская знаходзіць час і для творчасці, і для самаразвіцця. Асаблівае захап-ленне – спевы. Ясенія з пятага класа выступала ў фальклорным гуртку «Кужалёк», займала-ся харэаграфіяй у ДШМ, вяла мерапрыемствы і г. д. Усё, за што бярэцца, робіць з душой. Верагодна, таму і ўдаецца. Красамоўны штрых да партрэта стабальніцы – залаты медаль як ацэнка яе 11-гадовага школьнага шляху.

Філалагічны інтарэс
Сто балаў па рускай мове – вынік, якім Ульяна Данільчык па-сапраўднаму ганарыцца. Дасягнуць яго дапамаглі не толькі ўласныя намаганні, але і прафесіяналізм настаўніцы рускай мовы Інэсы Раманаўны Маневіч, рэпетытара і, канешне, падтрымка бацькоў, расказвае стабальніца і залатая медалістка Ульяна Данільчык.
– Мовамі захапляюся з дзя-цінства. Яны мая стыхія. І, як аказалася, нездарма. Можа, гэта сямейнае: цёця выкладае беларускую мову і шмат расказвала пра значэнне мовы. Мне заўсёды была цікава руская мова, і падрыхтоўка да ўрока прыносіла сапраўднае задавальненне. Выпускніца з нецярпеннем чакае вынікаў ужо цэнтралізаванага тэсціравання па англійскай мове і разлічвае на высокі бал. У англійскую мову ўлюбіла настаўніца Алена Уладзіміраўна Якубец, і дзякуючы ёй дзяўчына зразумела, што жадае звязаць сваё прафесійнае жыццё менавіта з замежнымі мовамі.
Праз мову стабальніца знаёміцца з культурай, слухае музыку, разу-мее людзей. Уладальніца найвышэйшага бала па рускай мове на ЦЭ плануе паступаць у Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт замежных моў, каб вывучаць, выкладаць, перакладаць і адкрываць для сябе новыя магчымасці.
Свой высокі бал Ульяна тлумачыць дзвюма рэчамі: колькасцю часу, які адводзіла падрыхтоўцы да ЦЭ, і шчырай любві да рускай мовы.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

