Сямейныя сродкі для навучання. Як выкарыстаць сродкі сямейнага капіталу для навучання, тлумачаць у Ляхавіцкім ТЦСАН

Сямейны капітал у Беларусі – аднаразовая дзяржаўная безнаяўная фінансавая падтрымка для мнагадзетных сем’яў. Сямейны капітал назначаецца мнагадзетным сем’ям пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступнага дзіцяці.
З 1 студзеня 2026 года памер сямейнага капіталу складае 35 505 рублёў. У такім памеры сямейны капітал назначаецца сем’ям пры нараджэнні (усынаўленні, удачарэнні) трэцяга або наступных дзяцей у перыяд з 1 студзеня па 31 снежня 2026 года.
Па даных тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, на Ляхавіччыне сямейны капітал з 2015 года назначаны 525 мнагадзетным сем’ям, сёлета – сямі.
З 2020 года гэтай дзяржаўнай дапамогай можна скарыстацца датэрмінова. На Ляхавіччыне з 2020 года па сённяшні дзень атрымалі дазвол на датэрміновае выкарыстанне сямейнага капіталу 319 мнагадзетных сем’яў. З іх 274 сям’і накіравалі сродкі на паляпшэнне жыллёвых умоў, 20 сем’яў – на стаматалагічныя паслугі, 25 сем’яў пажадалі выкарыстаць дзяржаўную дапамогу на атрыманне адным з дзяцей вышэйшай ці сярэдняй спецыяльнай адукацыі на платнай аснове. Сёлета прынята 10 рашэнняў на датэрміновае распараджэнне сродкамі сямейнага капіталу. Усе выкарысталі іх на паляпшэнне
жыллёвых умоў.
Загадчык аддзялення ТЦСАН Наталля Юрлевіч растлумачыла, як працуе механізм датэрміновага выкарыстання сямейнага капіталу на атрыманне адукацыі. Размова ідзе пра навучанне ў дзяржаўных установах сярэдняй спецыяльнай або вышэйшай адукацыі, а таксама ва ўстановах спажывецкай кааперацыі і Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Выкарыстаць сродкі сямейнага капіталу можна датэрмінова, не чакаючы дасягнення сынам ці дачкой 18-гадовага ўзросту. Пры гэтым сродкі могуць быць накіраваны і на аплату навучання членаў сям’і – дзяцей, бацькоў або мужа і жонкі.
Форма навучання не мае значэння: сродкі могуць быць выкарыстаны як для вочнага, так і завочнага або дыстанцыйнага навучання. Гэта дазваляе выбраць найбольш зручны варыянт.
Для афармлення датэрміновага распараджэння сродкамі сямейнага капіталу неабходна звярнуцца ў службу «Адно акно» з адпаведнай заявай і пакетам дакументаў, у які ўваходзяць дакументы заяўніка і навучэнца, якія сведчаць асобу, рашэнне
аб назначэнні сямейнага капіталу, дагавор з навучальнай установай, даведка аб навучанні, а таксама дакументы, якія пацвярджаюць сямейнае становішча і занятасць бацькі ў поўнай сям’і, занятасць маці ў няпоўнай сям’і.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

