Дзіцячыя, але капітальныя планы. У цэнтры заўсёднай дзяржаўнай увагі – стварэнне ўмоў бяспекі і камфорту для дашкольнікаў

У цэнтры заўсёднай дзяржаўнай увагі – стварэнне ўмоў бяспекі і камфорту для дашкольнікаў. Гэты падыход і вызначае падрыхтоўку дзіцячых садоў да новага навучальнага года. Тым больш што хлопчыкі і дзяўчынкі ў садку праводзяць нямала часу, і ён становіцца для іх другім домам.

– Ва ўсіх установах адукацыі раёна зараз актыўна рыхтуюцца да 1 верасня. Акрамя бягучага рамонту, выкананню правіл пажарнай бяспекі і санітарна-эпідэміялагічных патрабаванняў і іншага, надаецца ўвага і ўмацаванню матэрыяльна-тэхнічнай базы. Новаўвядзенне – набор у групы дзяцей ва ўзросце ад нуля да двух гадоў, якія будуць адкрыты з 1 верасня на базе ляхавіцкіх дзіцячых садоў № 1 і № 3.

Сёння для залічэння ў групы ідзе прыём заяў ад бацькоў. Каб малышам было ўтульна і бяспечна, набываецца спецыяльная мэбля, напрыклад, ложкі з борцікамі, падбіраецца таксама дыдактычны і гульнёвы матэрыял, – расказвае начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік.
Літаральна некалькі фактаў з рамонтнага графіка дашкольных устаноў. У прыярытэце зноў жа – бяспека дзяцей і якаснае харчаванне. Распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя на капітальны рамонт харчаблока ў дзіцячым садзе № 1.
Гэта адна са старэйшых дашкольных устаноў раёна, таму наспеў час пэўнага апгрэйду. Рамантуюцца таксама санвузлы і буфетныя. На што выдаткавана каля 95 тысяч бюджэтных сродкаў. У дзіцячым садзе № 2 участкамі абновіцца падлога. Адрамантаваны трубаправод сістэмы ацяплення. У суме кошт работ склаў каля 15 тысяч рублёў. У трэцім садзе робяць санвузел і мыечную, на што з бюджэту накіравана больш за 14 тысяч рублёў. У Ліпскім садзе абнаўляецца галоўны ўваход і г. д.
У праграме абнаўлення шмат і іншых рамонтных работ, якія выконваюцца, у тым ліку, і за пазабюджэтныя сродкі.
Дарэчы, на Ляхавіччыне няма праб-лем і з уладкаваннем у дзіцячы сад ні ў горадзе, ні ў вёсцы. Бацькі для атрымання накіравання ў дзіцячы сад папярэдне прыносяць дакументы ў службу «Адно акно», дзе становяцца на ўлік маючых патрэбу ў месцы ў да-школьную ўстанову. Па інфармацыі раённага вучэбна-метадычнага кабінета, дашкольныя ўстановы раёна наведвае больш за 640 хлопчыкаў і дзяўчынак ад аднаго да сямі гадоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

