Прад’явіце пашпарт, чатырохлапы. Дзе афіцыйна зарэгістраваць хатнюю жывёлу і выканаць усе правілы заканадаўства
Заканадаўства дакладна рэгламентуе правілы ўтрымання хатняй жывёлы. У прыватнасці, сабакі і каты, якія знаходзяцца ў жылых памяшканнях, належаць абавязковай рэгістрацыі, а за валоданне сабакам неабходна яшчэ плаціць і падатак. І зусім не важна, выходзіць ваш кот з кватэры пагуляць ці ён узорны дамасед, рэгістраваць яго абавязкова. Сёлета з 1 ліпеня ўступаюць у сілу новыя правілы падаткаабкладання ўладальнікаў сабак: падатак давядзецца плаціць нават за незарэгістраваных гадаванцаў.

Дзе афіцыйна зарэгістраваць хатнюю жывёлу і выканаць усе правілы заканадаўства? Адсутнасць рэгістрацыі будзе лічыцца парушэннем, і за гэта можна панесці адміністрацыйную адказнасць. «ЛВ» даведаўся, як «прапісаць» ката і як будуць выяўляць чатырохлапых «нелегалаў». Сама рэгістрацыя не займае шмат часу. У Ляхавіцкім раёне
катоў і сабак афармляюць па месцы жыхарства ці рэгістрацыі гаспадара. У горадзе рэгістрацыяй жывёлы займаецца КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» згодна з рашэннем райвыканкама ад 26.08.2025 «Аб дэлегаванні паўнамоцтваў па ажыццяўленні адміністрацыйных
працэдур». А ў вёсках і аграгарадках функцыі замацаваны за сельвыканкамамі.

– З пачатку года ў Ляхавічах вырасла колькасць жадаючых зарэгістраваць сваіх гадаванцаў. Напрыклад, за ўвесь 2025 год было зарэгістравана толькі 9 сабак і ні адной кошкі. А сёлета па стане
на 15 чэрвеня – 40 сабак і 23 кошкі.
Увогуле, па правілах аформіць сабаку ці ката неабходна на працягу трох дзён пасля набыцця. Калі гэта кацяня, то яго неабходна рэгістраваць ва ўзросце ад 3 да 3,5 месяцаў. Дарэчы, усё гэта датычыцца не толькі кватэр, але і прыватных дамоў. Працэдура рэгістрацыі бясплатная. Нагадаю, што да 1 ліпеня 2026 года гадаванцаў – катоў і сабак – неабходна прапісаць. У жыроўцы за камунальныя паслугі ёсць спецыяльная графа – падатак за валоданне сабакам. А вось каты ад падатку вызваляюцца, – удакладняе майстар участка «Жылфонд» камунгаса Дзяніс Леснік.
Вернемся да алгарытму рэгістрацыі.
– У камунгас з уласным пашпартам звяртаецца ўладальнік чатырохлапага. Калі ў кватэры жывуць некалькі ўласнікаў, то для рэгістрацыі гадаванца патрэбна пісьмовая згода кожнага паўналетняга ўладальніка жылля. Калі ж вы здымаеце кватэру, то ў такім выпадку трэба з сабой прынесці згоду арэндадаўца. Прыходзіць асабіста яму ці іншым уладальнікам жылля няма патрэбы. Аформленую на спецыяльным бланку заяву трэба перадаць
майстру Ляхавіцкай ЖКГ. Праз літаральна некалькі хвілін гаспадар ката ці сабакі атрымлівае пасведчанне і жэтон. Жэтон павінен быць у гадаванца на ашыйніку. Калі кот прападзе ці выскачыць з акна альбо балкона (што асабліва актуальна ў цёплую пару года), гэта паскорыць яго пошук. Нельга выпускаць жывёлу з кватэры без суправаджэння гаспадароў, пакідаць адных у грамадскіх месцах, нават калі яны на прывязі, – удакладняе галоўны спецыяліст аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Наталля Маслоўская.
Нягледзячы на правілы, не ўсе спяшаюцца рэгістраваць сваіх гадаванцаў. Маўляў, не буду гэтага рабіць, кот столькі гадоў жыве без «прапіскі і дакументаў», навошта гэта рабіць зараз.
– Адсутнасць рэгістрацыі лічыцца парушэннем Правілаў утрымання
хатніх сабак і катоў, а таксама адлову безнаглядных жывёл. Згодна з артыкулам 16.30 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за гэта пагражае штраф ад 1 да 15 базавых велічынь. Штраф атрымаюць і гаспадары за перавышэнне колькасці жывёлы ў кватэры. Прычым патрабаванні заканадаўства, па якіх сабакі і кошкі павінны быць зарэгістраваны, дзейнічаюць з 2001 го-
да, – адзначае Наталля Маслоўская.
Яшчэ адзін важны аспект. Схаваць, затаіць тое, што дома жыве кот без рэгістрацыі, не атрымаецца. Інфармацыю пра гэта могуць перадаваць як самі камунальнікі, так і ветэрынарныя службы. Гэта можа стаць вядомым і падчас планавых рэйдаў камунальных службаў і міліцыі. Навошта пераступаць закон і плаціць штраф, калі можна выдзеліць зусім крыху ўласнага часу і зрабіць неабходныя дакументы свайму чатырохлапаму сябру.
Галіна КАНЬКО.

