Баль школьных надзей: няхай усё спраўдзіцца. Як у Ляхавічах прайшоў раённы выпускны баль

Такая радасная, чаканая падзея, з лёгкім адценнем смутку, прадчуваннем новага і невядомага. Гэта пра школьны выпускны баль. Традыцыйна на Ляхавіччыне ён праходзіць пад назвай, якая гаворыць сама за сябе: «Не паўтараецца такое ніколі».

Сёлета надвор’е ўсё ж унесла істотныя карэктывы ў сцэнарый свята. Халоднае дажджлівае, далёка не летняе, не дазволіла атрымаць асалоду ад многіх цікавых эпізодаў, якія падрыхтавалі арганізатары. А іх было запланавана нямала. Цэнтрам раённага выпускнога балю – 2026 стаў гарадскі Дом культуры. Хол ГДК нагадваў суцэльную музычную пляцоўку, у плэйлісце – шчымлівыя школьныя мелодыі. Вакол суквецце прыгажосці і маладосці: дзяўчаты ў модных сукенках, юнакі ў стыльных касцюмах, хвалююцца бацькі, як заўжды, побач педагогі. Усе ў прадчуванні дзейства, якое стане важнай прыступкай паміж дзяцінствам і дарослым жыццём.

Гучаць фанфары, і раённы выпускны баль аб’яўляецца адкрытым. Вось і настаў момант, якога не толькі юнакі і дзяўчаты, але і іх настаўнікі, канешне ж, бацькі, родныя чакалі 11 гадоў. Яны разам прайшлі нялёгкі, але ў той жа час захапляльны і непаўторны шлях. Настае чарга выпускнікоў-2026 вяршыць гісторыю, пісаць яе стваральныя старонкі, прадаўжаць слаўныя традыцыі мінулых пакаленняў, дзеля сябе, сваёй сям’і, сваёй Радзімы – Беларусі.
Лёгкае хваляванне прысутнічае і ў гасцей свята, сярод якіх кіраўніцтва раёна, праваахоўных органаў і пракуратуры, ваеннага камісарыята, аддзела па адукацыі райвыканкама, грамадскіх аб’яднанняў, свяшчэннаслужыцелі.

Цёпла, шчыра, з бацькоўскім наказам годна прайсці выбраны шлях, атрымаць прафесію і помніць, што на Ляхавіччыне іх заўжды чакаюць, вітаў выпускнікоў старшыня раённага Савета дэпутатаў Юрый Чаранкевіч. Кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна адрасаваў словы падзякі бацькам за выхаванне дзяцей і педагогам, якія вялі дзяцей па школьнай сцяжынцы ведаў, творчасці, сяброўства.

Начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Марыя Саракавік пажадала, каб важны крок – выбар будучай прафесіі – быў паспяховым у кожнага выпускніка, каб старт у дарослае жыццё быў дастойным.
І вось яны, трыумфатары сёлетняга балю выпускнікоў. Ганарова гучыць: залаты медаль, памятны сувенір выпускніку, падзяка бацькам ад Ляхавіцкага райвыканкама, і далей прозвішчы 11 выдатнікаў: Паліны Погас, Аляксандры Пірштук, Віктара Ляўковіча з гімназіі, Ульяны Данільчык, Ясеніі Давідоўскай, Мацвея Буйкевіча з СШ № 1, Марыі Шкут, Андрэя Валуя, Андрэя Піваварчука з СШ № 2, Анастасіі Каляда з Жарабковіцкай СШ імя М. Г. Мінкевіча, Дар’і Курак з Малагарадзішчанскай СШ.
Якія таленавітыя нашы юнакі і дзяўчаты! Сярод выпускнікоў і тыя, чый лідарскі, крэатыўны касцёр не згасне ніколі. Актыўным удзельнікам патрыятычнага руху, пераможцам прадметных алімпіяд і навукова-практычных канферэнцый, творчых конкурсаў, спартыўных і турыстычных спаборніцтваў адрасаваны падзякі і ўручаны падарункі. Сярод адзначаных – члены ваенна-патрыятычных клубаў, пошукава-даследчых атрадаў, пераможцы абласных, рэспубліканскіх, міжнародных творчых конкурсаў, прававых турніраў, навучэнцы «Школы міру» і іншыя.

Загучалі чароўныя акорды вечна маладога вальса, і закружыліся ў віхуры танца пары юнакоў і дзяўчат. У гэты святочны дзень для герояў урачыстасцей было ўсё: і словы віншаванняў, і музычныя нумары, і фотасесіі, каб пуцёўка ў дарослае жыццё запомнілася назаўжды. Няхай усе добрыя пажаданні абавязкова збудуцца. «У добры шлях, выпускнікі-2026!» – няхай гэтыя словы-наказ стануць спраўджанымі для ўсіх, хто сёлета развітваецца са школай і дзяцінствам.

Далей эстафету школьных выпускных падхапілі непасрэдна навучальныя ўстановы. І зноў гучалі віншаванні і цёплыя пажаданні, ушаноўвалі лепшых, дзякавалі педагогам і бацькам, а яшчэ спявалі, танцавалі і сустракалі світанак. А «ЛВ» на сваіх друкаваных, электронных старонках пастараўся перадаць усю непаўторную атмасферу школьнага балю.

Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.