ФАП едзе да вас. Каб убачыць, як на месцах аказваецца меддапамога, карэспандэнты «ЛВ» адправіліся па маршруце перасоўнага медыцынскага комплексу

Перасоўныя медыцынскія комплексы імкліва ўехалі ў вясковае жыццё і сталі яго сучаснымі рэаліямі. Насельніцтва ўсё большай колькасці рэгіёнаў Беларусі абслугоўваюць фельчарска-акушэрскія пункты на колах. У лістападзе мінулага года і на Ляхавіччыне з’явілася такая медыцынская абноўка. З таго часу штодня, акрамя суботы і нядзелі, яна адпраўляецца на выезды па аграгарадках і вёсках.

Усё па раскладзе
Каб убачыць, як непасрэдна на месцах аказваецца меддапамога, карэспандэнты «ЛВ» адправіліся па маршруце перасоўнага медыцынскага комплексу. У аграгарадку Конькі, куды ФАП прыехаў згодна з раскладам у 9.20, і бліжэйшых вёсках, што знаходзяцца ў зоне медабслугоўвання, зараз зарэгістравана 288 чалавек, старэйшаму жыхару 95 гадоў, малодшаму няма і паўгода. Святлана Юнік расказала, што, напрыклад, у чэрвені меддапамога на колах прыязджала ў Конькі па графіку 10 і 17, прыпынак адзін і той жа – каля аграгарадскога магазіна.
З першых кіламетраў работы на Ляхавіччыне на перасоўным ФАПе працуюць памочнікі ўрача Наталля Татарыновіч і Святлана Семяновіч, якія штодня пацвярджаюць, што прадстаўніцы прыгожай паловы могуць усё, у тым ліку аказаць прафесійную медыцынскую дапамогу нават у выязных умовах.
– Гэта выдатны тандэм вопыту і маладосці. Наталля Татарыновіч у прафесіі больш за два дзесяцігоддзі, доўгі час працавала на сваёй малой радзіме ў Ганчарах у тутэйшай урачэбнай амбулаторыі, зараз яна памочнік урача ў паліклініцы. А Святлана Семяновіч – малады спецыяліст, удала ўпісалася ў калектыў і выдатна спраўляецца з ускладзенымі абавязкамі. Дарэчы, абедзве хутка засвоілі новыя ўмовы і ад пацыентаў атрымліваюць у свой адрас станоўчыя водгукі, – удакладняе Святлана Юнік.
А што гэта на самай справе так, пацвердзілі і жыхары Конек, якія прыйшлі на прыём. Уважлівыя, шчырыя, добразычлівыя, заўсёды дапамогуць, растлумачаць – такімі эпітэтамі ўзнагародзілі медработнікаў ФАПа аграгараджане. «Веснікаўскі» маніторынг паказаў, што таксама станоўча характарызуюць работу медыкаў перасоўнага комплексу і жыхары іншых населеных пунктаў Ляхавіччыны.

Прыём на колах
Аднак, вернемся ў Конькі. У сельскіх населеных пунктах, як гаворыцца, усё навідавоку. Некалькі аграгараджан ужо чакалі прыезду медыкаў. Дарэчы, прыём пачаўся праз некалькі хвілін. Цяпер цёплая пара, таму людзі могуць пачакаць прыёму на вуліцы. Але гэта не абавязкова, пры жаданні можна падняцца па зручных прыступках у невялікі пакойчык з кампактнай канапай. У кабінеце, дзе вядзецца прыём, ёсць свой апарат ЭКГ, халадзільнае абсталяванне для захоўвання аналізаў і нават аптэчны міні-пункт.
А тым часам на ФАП падымаецца чарговы пацыент. 62-гадовая Тамара Аляксандраўна прыйшла памераць ціск. Хвіліна-другая – і Наталля Татарыновіч адзначае: «Ціск добры,130 на 80». Акрамя таго, медык раіць пенсіянерцы прыйсці праз тыдзень, прайсці дыспансерызацыю і здаць неабходныя аналізы. Тамара Аляксандраўна адзначае, што такі медкомплекс – вельмі зручна, можна праверыць здароўе і адтрымаць неабходную
дапамогу, лічы, па месцы жыхарства.
– Тут бяром аналіз крыві, у тым ліку біяхімічны, і іншыя, вымяраем ціск. Робім электракардыяграму, гінекалагічны агляд. Акрамя таго, у нас можна прайсці дыспансерызацыю – памераць вагу, рост, пры неабходнасці унутрывочны ціск. І, дарэчы, вяскоўцы больш дысцыплінаваныя і клапоцяцца пра ўласнае здароўе. Папярэдне мае калегі тэлефануюць і запрашаюць на дыспансерызацыю. У гэтым плане цесна ўзаемадзейнічаем з амбулаторыямі ўрача агульнай практыкі і стацыянарнымі ФАПамі. Напрыклад, у Флер’янове ёсць бабулька 1929 года нараджэння, якая прыходзіць даволі часта, каб праверыць ціск і зрабіць іншыя маніпуляцыі. Увогуле, у сярэднім за дзень паслугамі нашага перасоўнага медпункта карыстаюцца каля 15 чалавек. Хаця ў аддаленых населеных пунктах накшталт Новых і Старых Будаў, Навасёлак прыходзіць значна больш людзей, – расказвае Наталля Татарыновіч.
Аграгараджанка Алена адзначае, што асабіста для яе ФАП на колах – вельмі зручна, бо ёй даводзіцца часта па медыцынскіх паказаннях здаваць аналізы, у райбальніцу так часта ездзіць даволі праблематычна, а тут, як гаворыцца, усё на месцы.
А тым часам на прыём у Коньках да Наталлі Татарыновіч прыходзіць чарговы пацыент. Леанід Міхайлавіч набывае лекавыя прэпараты і таксама гаворыць пра запатрабаванасць і неабходнасць перасоўнай медыцынскай установы, расказвае, якія добразычлівыя прафесіяналы працуюць на такім ФАПе.
– Наша аптэчная прапанова – папулярная. У абавязковым парадку
ў продажы пералік першачарговых лякарстваў – каля 40 найменняў, адпускаем і па рэцэптах. Зноў жа зручна для людзей, – гаворыць Наталля Татарыновіч.
Яшчэ адзін важны аспект. На перасоўным ФАПе аказваюць экстранную меддапамогу, пры неабходнасці выклікаюць хуткую дапамогу. З медыцынскай сумкай у руках спяшаецца медык па вясковых адрасах да пацыентаў, якія па стане здароўя не могуць самі прыйсці на перасоўны медпункт.
Знаёмства з работай ФАПа на колах не будзе поўным і ўсебаковым без яшчэ аднаго работніка – вадзіцеля Анатолія Шчэрбы. Менавіта ад яго ў многім залежыць і захаванне графіка прыезду медпункта, і тэхнічны стан аўтатранспарту, каб як мага радзей узнікалі вымушаныя прастоі і паломкі. У сельскіх населеных пунктах цяпер з нецярпеннем чакаюць не толькі магазін на колах, але і перасоўны ФАП.
Паспяховасць работы перасоўнага медкомплексу – гэта не толькі безліч станоўчых водгукаў з боку пацыентаў з сельскай прапіскай. На калегіі Міністэрства аховы здароўя, дзе падводзіліся вынікі работы ўстаноў аховы здароўя краіны за першы квартал 2026 года, медпункт на колах Ляхавіцкай ЦРБ прызнаны адным з лепшых у краіне па выніках маніторынгу эфектыўнасці работы ФАПаў.

– Штодня на шляху ФАПа на колах некалькі населеных пунктаў. Час знаходжання ў кожным дакладна вызначаны і вядомы аграгараджанам і вяскоўцам. Пастаянна размяшчаем інфармацыю пра работу комплексаў на старонках «ЛВ» і на інтэрнэт-рэсурсах раёнкі, – адзначае намеснік галоўнага ўрача УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» Святлана Юнік.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.





