Важна чалавека навучыць здаровым быць
Дзень медыцынскіх работнікаў – прафесійнае свята і тых, хто працуе на прафілактыку – работнікаў раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. Сярод іх інструктар-валеолаг Наталля Юруць. Сёння яе галоўны інструмент – слова.

Па адукацыі Наталля Юруць – фельчар-акушэр. І, дарэчы, медык у другім пакаленні. Мама шмат гадоў працавала медсястрой, і Наталля з дзяцінства ведала, што такое белы халат. Прафесійную дзейнасць пачынала ў хірургічным аддзяленні Ляхавіцкай ЦРБ. У райЦГіЭ – з хімічнай лабараторыі, дзе разам з калегамі правярала якасць вады і прадуктаў, даследавала пробы і г. д. А з 2021 года тлумачыць дзецям і дарослым простую і важную ісціну: здароўе – гэта адказнасць і штодзённая праца самога чалавека.
– Мая работа – фарміраванне здаровага ладу жыцця сярод дзяцей і дарослых, на прадпрыемствах, у школах, – адзначае інструктар-валеолаг. Яна, дарэчы, курыруе рэспубліканскі праект «Здаровыя гарады і пасёлкі», праекты, якія датычаць здаровага харчавання школьнікаў, фарміравання правільнай постаці, прафілактыкі шкодных звычак, іншае. У тым ліку дзякуючы яе сістэмнай рабоце Ляхавіцкі раён не раз атрымліваў прызавыя месцы ў абласных конкурсах. Па выніках мінулага года наш райцэнтр заняў другое месца ў абласным конкурсе на лепшы населены пункт, што паспяхова рэалізуе дзяржаўны прафілактычны праект «Здаровыя гарады і пасёлкі». А дзіцячая пляцоўка па вуліцы Будаўнікоў і Ляхавіцкі камунгас – сярод пераможцаў абласнога конкурсу пляцовак. За поспехамі і штодзённая карпатлівая, але не заўсёды заўважная праца інструктара-валеолага.
Сёлета ў абласным семінары-практыкуме Наталля прэзентавала зробленае ў раёне ў рамках праекта «Школа – тэрыторыя здароўя».
Медыцынская адукацыя дапамагае інструктару-валеолагу пераканаўча і даходліва тлумачыць, чаму шкодныя
звычкі скарачаюць жыццё і маюць негатыўныя наступствы, а здаровы лад – гэта здорава.
Рабочы дзень Наталлі пачынаецца з маніторынгу сайтаў, тэлеграм-каналаў, рассылак… І гэта яшчэ адна важная частка яе прафесійнай дзейнасці, якая ўключае распрацоўку матэрыялаў для газеты, сацсетак і г. д., інфармаванне пра тэматычныя дні здароўя, разнастайныя акцыі і многае іншае.
– Наталля з тых супрацоўнікаў, якія ўсюды паспяваюць і добрасумленна спраўляюцца з працоўнымі абавязкамі. Нераўнадушная, адказная і ўважлівая да дэталяў, – падкрэслівае галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў.
Наталля Юруць паспявае быць і добрай мамай для траіх дзяцей і ведае, як знайсці баланс паміж прафесіяй і сям’ёй. На пытанне, як ёй удаецца трымаць усё пад кантролем, дзеліцца, што трэба любіць тое, што робіш і рабіць гэта шчыра.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.


