Лекі з вясковай аптэкі. У вёсцы Крывошын Ляхавіцкага раёна аптэкай загадвае фармацэўт, працоўны стаж якой перавышае 43 гады

У вёсцы Крывошын аптэкай № 59 загадвае фармацэўт Марыя Шведава, працоўны стаж якой перавышае 43 гады. 

Землякі з павагай называюць яе Іванаўнай. А некаторыя памятаюць яшчэ той час, калі маладым спецыялістам яна пачынала свой працоўны шлях у аптэцы пры псіхіятрычнай бальніцы. А тры дзесяцігоддзі назад узначаліла вясковую аптэку, і сёння яна за аптэчнай вітрынай – такая ж уважлівая, добрая і заўсёды гатовая прыйсці на дапамогу. Марыя Іванаўна адзначае, што за час многае змянілася ў яе працы. Раней некаторыя прэпараты гатавалі на месцы: рабілі растворы, змешвалі парашкі, а сёння аптэка рэалізуе гатовыя лекавыя формы. Нязменным засталіся кантакты з людзьмі. Кожнага наведвальніка фармацэўт імкнецца сустрэць з усмешкай і даць, калі трэба, слушную параду.

– Марыя Шведава – паважаны і аўтарытэтны спецыяліст, які дакладна выконвае патрабаванні фармацэўтычнага парадку. Пастаянна цікавіцца дасягненнямі айчыннай і замежнай навукі і практыкі ў галіне фармацэўтыкі, – з павагай гаворыць пра калегу загадчык Ляхавіцкай ЦРА № 56 Таццяна Салодкая.
Сярод наведвальнікаў вясковай аптэкі нямала пажылых землякоў.
І часам Марыя Іванаўна дастаўляе ім медыкаменты дадому.
– У гэтым асаблівасць вясковага жыцця, калі ты, як сацыяльны работнік, спяшаешся на дапамогу. Разумею, што чалавеку дрэнна, што ў яго баліць. Як можна адмовіць у такой сітуацыі? – кажа яна.
Марыла стаць медыкам з дзяцінства і ўспамінае, як у яе
роднай вёсцы Паланечцы была аптэка.
– Мне вельмі падабаліся белы халат, шапачка і гэты незвычайны пах медыкаментаў, калі заходзіш у аптэку. Хацелася вывучыцца
і дапамагаць людзям, – дзеліцца Марыя Шведава і дадае, што ў медыцыну яе ўлюбіла і яе хросная маці, якая працавала фельчарам. На пытанне, што самае важнае ў працы фармацэўта, адказвае без ваганняў:
– Дабрыня, павага да людзей і, канешне, веды. Без ведаў – ніяк. Трэба ведаць усе медыкаменты, тэрміны прыдатнасці, супрацьпаказанні. З’яўляюцца новыя прэпараты – і фармацэўт уважліва вывучае інструкцыі, каб быць упэўненым у кожнай парадзе.
– Ніколі не шкадавала, што выбрала гэтую прафесію. Люблю сваю работу і рада, што магу быць карыснай землякам, – адзначае Марыя Іванаўна, і ў гэтым галоўны сакрэт яе паспяховай працы.
Да прафесійнага свята Марыя Шведава ўзнагароджана Ганаровай граматай РУП «Фармацыя».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.