Не маем права здрадзіць Вялікай праўдзе. Чэрвеньскі акцэнт падчас работы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, якія працавалі ў раёне ў мінулы чацвер, быў зроблены на важнай для кожнага патрыёта тэме
Чэрвеньскі акцэнт падчас работы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп, якія працавалі ў раёне ў мінулы чацвер, быў зроблены на важнай для кожнага патрыёта тэме. Чэрвень, і яго 22-і дзень, нагадвае нам, якой цаной нам падорана мірнае жыццё. Гэты дзень 85 гадоў назад паказаў свету, што любая бесчалавечнасць, жаданне знішчыць чужых і ўзняць сябе вышэй за іншых не перамогуць еднасць народа, не зломяць той стрыжань патрыятызму, які перадалі нам нашы дзяды і прадзеды.

Інфармацыйная група пад кіраўніцтвам старшыні дэпутацкага корпуса раёна Юрыя Чаранкевіча сустрэлася з калектывам мясцовага райпо.
– Заходні свет імкліва мяняе мінулае, падмяняе легендарны, гістарычна неаспрэчны факт савецкай перамогі над фашысцкай Германіяй. Аднак нам і нашым дзецям варта разумець, што наш
славянскі свет базіруецца на гісторыі, мы глядзім на будучыню праз наша гераічнае мінулае. Адняць тое, чым мы даражым, значыць, адняць нашу душу – душу патрыётаў. Мы, жыхары Першага рэгіёна – нашчадкі тых, хто першымі прынялі на сябе ўдар нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гісторыя Брэсцкай крэпасці – гісторыя мужнасці, любві да радзімы да сваёй сям’і. Яе абаронцы – гэта сімвал няскоранасці карычневай чуме. Брэстчына заплаціла страшны кошт за мір: знішчана больш за 400 тысяч чалавек, 887 населеных пунктаў гарэлі ў фашысцкім агні, у 91 вёсцы больш ніколі не гучаў дзіцячы смех. А лічбы па краіне – гэта як страшны сон, які ніколі не канчаецца. Ці маем мы права здрадзіць гэтай праўдзе? – адзначыў Юрый Чаранкевіч.
– Нам патрэбна памятаць пра тое, што менавіта наш народ стаў пераможцам, што менавіта мы перажылі генацыд і перамаглі! Чаму патрэбна памятаць? Бо калі мы не перададзім гэтую памяць сваім дзецям, то праз 30–40 гадоў гісторыя можа быць перапісана,
і нашай перамозе там можа не знайсціся месца. Беларусы
не сталі на калені перад ворагам, яны не скарыліся захопнікам,
яны выбралі смерць, але не здраду Радзіме і самім сабе. Забыць – значыць паўтарыць трагедыю, значыць здрадзіць памяці магіл нашых ветэранаў. Мы не звяры, не варвары, мы беларусы, маем
права жыць свабодна, маем права ганарыцца сваімі дасягненнямі, маем права і абавязак памятаць і перадаваць свой гонар перамогі сваім дзецям і ўнукам, – расставіў акцэнты падчас свайго выступлення настаўнік гісторыі, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Начаўскай СШ Уладзімір Погас.
Калектыў ДРБУ-200 таксама стаў прыпынкам на маршруце інфармацыйна-прапагандысцкай групы на чале з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарчу Васіліем Пыжыкам. Сярод спікераў – настаўнік гісторыі, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні СШ № 2 Віталій Толкач.
– Бяссцэнна, што наша моладзь актыўнічае ў рабоце па ўвекавечанні памяці аб Вялікай Айчыннай вайне. Сёння яна на перадавой, калі ствараюцца музейныя экспазіцыі, алеі памяці, калі ідзе працэс лічбавізацыі помнікаў і іншае. А які створаны ўнікальны міжнародны культурна-адукацыйны праект «Поезд Памяці». Стаць яго ўдзельнікам – гэта стаць часткай вялікай памятнай падзеі. З 22 чэрвеня па 4 ліпеня навучэнец СШ № 2 Ягор Цямчык разам з патрыётамі з 18 краін адправіцца ў падарожжа на «Поездзе Памяці» па старонках гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У школах вобласці працуюць больш за 360 пошукавых і краязнаўчых атрадаў, у якіх займаюцца 6 тысяч навучэнцаў. Таксама на базе СШ № 2 члены пошукава-даследчага атрада «Следапыты» стварылі летапіс «Ляхавічы. Гісторыя Перамогі», – расказвае Віталій Толкач.
– Для прадухілення спроб фальсіфікацыі і аднаўлення гістарычнай справядлівасці ў красавіку 2021 года Генеральным пракурорам Рэспублікі Беларусь узбуджана і расследуецца крымінальная справа па факце генацыду беларускага народа падчас Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Шмат новых фактаў было адкрыта падчас работы, мы знаходзім новыя імёны ахвяр вайны, і гэты працэс набірае абароты. Сёння маем звесткі яшчэ пра адно месца, якое столькі гадоў маўкліва захоўвала падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Будзем працаваць далей, – расказаў пракурор Ляхавіцкага раёна Ігар Палыка.
Таксама сустрэчы ў рамках ІПГ прайшлі ў калектывах РАНС, малочнага завода, дзіцячага сада № 4, камунгаса.
Рыта КРАСАВІЦКАЯ.
Фота аўтара.


