У дзіцячы сад праз «Адно акно»

З кожным годам расце папулярнасць і запатрабаванасць службы «Адно акно» райвыканкама, якая дзейнічае па заяўным прынцыпе. Усё тлумачыцца проста: грамадзяне ў адным месцы ажыццяўляюць разнастайныя адміністрацыйныя працэдуры, пачынаючы ад падачы заявы да выдачы рашэння выканаўчага органа.
– Галоўнае ў нашай рабоце – якасць, даступнасць і хуткасць. Немалаважны і ўважлівыя адносіны да наведвальнікаў. Трэба умець чуць і слухаць. Стараемся працаваць уважліва і індывідуальна з кожным, хто звяртаецца ў нашу службу. Мы беражом час чалавека, яму няма неабходнасці хадзіць з аднаго ведамства ў другое для збору патрэбных дакументаў. У сярэднім за месяц спецыялістамі службы «Адно акно» адпраўляецца 300–400 запытаў у разнастайныя структуры для ажыццяўлення адміністрацыйных працэдур. У залежнасці ад працэдуры, пытанне можа вырашыцца мінімум за 15 мінут, максімум – за месяц, – расказвае галоўны спецыяліст сектара па рабоце са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб райвыканкама Юлія Кунцэвіч.
Паспрабуем на адным прыкладзе расказаць, наколькі зручна і эфектыўна ажыццяўляць адміністрацыйныя працэдуры праз «Адно акно». Размова пойдзе пра тое, як паставіць дзіця на чаргу для паступлення ў дзіцячы сад. Раней трэба было абавязкова звяртацца ў аддзел па адукацыі райвыканкама і прадастаўляць неабходныя дакументы. Што цяпер?
– Каб паставіць дзіця на ўлік для далейшага размеркавання ў дашкольную ўстанову, неабходна звярнуцца ў службу «Адно акно». Прычым звярнуцца могуць толькі законныя прадстаўнікі дзіцяці (бацькі, усынавіцелі, апекуны, папячыцелі). Неабходна прадаставіць пэўны пералік дакументаў, сярод якіх пашпарт ці іншы дакумент, які сведчыць асобу законнага прадстаўніка непаўналетняга; пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці (і гэта павінна быць не копія, а арыгінал). Патлумачу і наступныя нюансы: пры падачы заяўнік павінен указаць нумар канкрэтнай дашкольнай установы, а таксама месяц і год, калі плануецца, што дашкольнік пойдзе ў дзіцячы сад. Гэтая адміністрацыйная працэдура ажыццяўляецца ў дзень звароту і выконваецца бясплатна. Калі ж бацькі мяняюць месца жыхарства ў межах аднаго населенага пункта і выбраны раней дзіцячы сад можа быць нязручным, то неабходна перапісаць дзіця ў іншую дашкольную ўстанову. Зрабіць гэта можна па месцы першапачатковага звароту ў службу «Адно акно», – удакладняе Юлія Кунцэвіч.
Дарэчы, сёлета за сем месяцаў за гэтай працэдурай у «Адно акно» Ляхавіцкага райвыканкама звярнуліся 83 грамадзяніны.
Паставіць дзіця на ўлік для атрымання дашкольнай адукацыі можна і анлайн.
– На адзіным партале электронных паслуг «Е-Паслуга» для заказу даступныя новыя адміністрацыйныя працэдуры. Спынюся на 200.6.6 «Пастаноўка на ўлік дзяцей з мэтай атрымання імі дашкольнай адукацыі, спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі» і 200.6.7 «Выдача накіраванняў ва ўстановы адукацыі для засваення адукацыйнай праграмы дашкольнай адукацыі, агульнаадукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі, адукацыйнай праграмы спецыяльнай адукацыі на ўзроўні дашкольнай адукацыі ці асоб з інтэлектуальнай недастатковасцю».
Адміністрацыйныя працэдуры даступныя для заказу фізічным асобам, якія маюць ID-карту і карыстаюцца асабістым электронным подпісам ці з выкарыстаннем лагіна і пароля. Калі коратка, то ўладальніку пашпарта трэба будзе адзін раз звярнуцца ў службу «Адно акно» Ляхавіцкага райвыканкама для атрымання лагіна і пароля, а ў далейшым выкарыстоўваць іх пры ажыццяўленні любых адміністрацыйных працэдур, даступных на адзіным партале электронных паслуг «Е-Паслуга», – адзначае Юлія Кунцэвіч.
Дарэчы, любую неабходную інфармацыю па адміністрацыйных працэдурах можна атрымаць непасрэдна ў спецыялістаў службы «Адно акно» па тэлефоне 6-09-59 ці па кароткім нумары 142. Прыём дакументаў праводзіцца па адрасе: горад Ляхавічы, плошча Леніна, 3, кабінет 113. Рэжым работы: панядзелак, аўторак, чацвер, пятніца – з 8.00 да 13.00, з 14.00 да 17.00; у сераду з 8.00 да 20.00 без перапынку на абед, у суботу з 9.00 да 12.00 (па папярэднім запісе).
Галіна КАНЬКО.

