І на прылавак, і ў запасы. «ЛВ» пацікавіўся, як у раёне ідуць нарыхтоўчыя справы.

Вішню замарозілі, кампот з парэчак зварылі, варэнне-пяцімінутку з маліны назапасілі, чарніц насушылі. Яшчэ нешта засталося? Ёсць некалькі варыянтаў: пачаставаць суседзяў-сяброў, прадаць або здаць нарыхтоўшчыкам. «ЛВ» пацікавіўся, як у раёне ідуць нарыхтоўчыя справы. Галоўны закупшчык лішкаў садова-агародніннай прадукцыі – райпо.
– Адна з галоўных задач – своечасова і ў неабходным аб’ёме закупіць сельгаспрадукцыю ў насельніцтва і ў фермерскіх гаспадарак па цэнах, выгадных як для райпо, так і для прадаўцоў. Імкнёмся задаволіць сезонныя запыты землякоў. За кошт плённай работы з фермерскімі гаспадаркамі змаглі павялічыць аб’ём закупак якаснай прадукцыі, пашырылі лінейку рэалізаванай прадукцыі – памідоры і капуста розных сартоў, зяленіва і іншае. Нарыхтоўчая кампанія не абмяжоўваецца Ляхавіцкім раёнам. Нашы нарыхтоўшчыкі выязджаюць у Івацэвіцкі, Баранавіцкі, Лунінецкі, Столінскі, Ганцавіцкі і іншыя рэгіёны Брэстчыны. Для камфорту і зручнасці пакупнікоў сезонны гандаль арганізаваны не толькі ў магазінах «Родны кут» у горадзе і сельскіх населеных пунктах, а таксама ў павільёнах райпо на рыначнай плошчы і каля магазіна «Мясная лаўка» ў райцэнтры. Час паказаў запатрабаванасць гэтых гандлёвых кропак, – адзначае старшыня праўлення райпо Васілій Некрашэвіч.
Дарэчы, сёлета менавіта райпо першым прапаноўвала тыя ж клубніцы, кабачкі, бульбу новага ўраджаю. Нават апярэджвала гаспадароў-прыватнікаў і ферме-раў. І прадаўжае трымаць марку. Напрыклад, на мінулым тыдні нарасхват былі свежыя клубніцы, закупленыя ў фермера, і буякі таннейшыя, чым на рынку ў гаспадароў-прыватнікаў.
– У райцэнтры дзейнічаюць некалькі нарыхтоўчых пунктаў: па завулку Вакзальным, 3, вуліцы Савецкай, 65, вуліцы Камса-мольскай,60. Тут закупляюць у тым ліку і дары агародаў і садоў. Ягады, агуркі, памідо-ры, кабачкі, ранняя бульба, буракі, морква, цыбуля адразу адпраўляюцца ў продаж.
Акрамя таго, нарыхтоўкай займаюцца загадчыкі гандлёвых аб’ектаў райпо – у гарадскія і вясковыя магазіны можна здаць садавіну, агародніну, ягады, грыбы, – удакладняе Васілій Некрашэвіч.
Ды і лічбы пацвярджаюць: нарыхтоўчы працэс у райпо сёлета наладжаны вынікова. Па інфармацыі раённага спажывецкага таварыства, за паўгоддзе нарыхтоўчы абарот больш як на трэць перавысіў аналагічную мінулагоднюю лічбу. Істотна больш закупілі бульбы, агародніны, пладоў і ягад.
Акрамя забеспячэння ўласных патрэб, райпо заключыла дагавор на пастаўку прадукцыі на ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод».
Каб нарыхтоўчая кампанія праходзіла якасна і бесперабойна, загадзя адрамантавана і прыве-дзена ў належны стан тара для нарыхтоўкі і захоўвання пладова-ягаднай прадукцыі.
Урадзілі дык урадзілі! Гэта пра яблыкі, дакладней, іх сёлетняе багацце. У які сад ні зазірні – галіны гнуцца ад пладоў. Для гаспадынь прастора для кансервава-кулінарнай творчасці: кампоты, варэнне, павідла, сушка, пірагі, піражкі, шарлоткі – пералічваць можна бясконца. Райпо аб’явіла стапрацэнтную гатоўнасць да яблычнага сезона, нарыхтоўшчыкі абяцаюць забраць усю прадукцыю, прапанаваную насельніцтвам, фермерамі, прадпрыемствамі.
Увогуле, планаў жа на нарыхтаваную прадукцыю ў райпо нямала. Частка яе застанецца для патрэб прадпрыемстваў сістэмы – засольваецца, квасіцца і потым адпраўляецца ў продаж, на прадпрыемствы грамадскага харчавання, на захоўванне.
Галіна КАНЬКО.
Па выніках работы за сем месяцаў гэтага года Ляхавіцкае райпо займае першае месца сярод аналагічных падраздзяленняў Брэсцкага аблспажыўсаюза па нарыхтоўчай дзейнасці.
Тэмп росту нарыхтоўчага абароту за студзень – ліпень 2026 года па вобласці склаў 104,2 працэнта, па Ляхавіцкім райпо – 131,5 працэнта. Тэмпы росту закупак у насельніцтва па спажыўтаварыствах Брэстчыны склалі 83,2 працэнта да сямі месяцаў 2025 года, а па Ляхавіцкім райпо – 135,9 працэнта.

