Зажынкі мясцовага маштабу. 29 чэрвеня «Шлях новы» выйшаў на ўборку азімага ячменю

29 чэрвеня ААТ «Шлях новы» выйшаў на ўборку азімага ячменю

Такім чынам у Ляхавіцкім раёне стартавала збожжаўборачная кампанія 2026 года. Здаецца, на момант выхаду камбайнаў у поле, а гэта адбылося роўна апоўдні, гарачыня на ўборачным палетку дасягнула сваёй найбольшай вышыні. І ў сэнсе тэмпературы, і што тычыцца вытворчай актыўнасці на ячменным палетку.

Частка з шасці задзейнічаных на той дзень ва ўборачных работах камбайнаў «пылілі» ўжо глыбока ў полі. Вакол некаторых асобных экіпажы шчыравалі ў пошуках максімальна ашчадных дарэгуліровак. Што называецца, на месцы, у залежнасці ад планаў на будучы ўраджай, вільготнасці збожжа, ступені палегласці поля і іншых важных для чысціні работ характарыс-тык. Квартэт МАЗаў грузаёмістасцю ад 20 да 40 тон стаў на ўскрайку. Вадзіцелі ўважліва ўзіраліся у палявы прастор. Ці не загарэлася на нейкай з уборачных машын «люстра» аранжавага колеру – як сігнал аб напоўненасці бункера першым новым збожжам і каманда на выезд. Былі і ёмістасці з вадой у якасці машын прыкрыцця. Тут жа, у гатоўнасці «круціць» сваю справу, знаходзіўся рулонны прэс-падборшчык. Кіраўніцтва райсельгасхарчу на чале з Васіліем Пыжыкам і дырэктар акцыянернага таварыства Андрэй Коктыш сабраліся ў фармаце першай у гэтым годзе планёркі непасрэдна ў жніўнай лакацыі.
– Пра ўраджайнасць дэбютных гекта-раў дакладна стане вядома бліжэй да вечара. Палі выглядаюць не менш як на паўсотню бункерных цэнтнераў з гектара. Спякота апошніх дзён паскорыла пачатак уборкі. Збожжа гатова, вільготнасць ячменю вагаецца ў межах 16-17 працэнтных пунктаў. У гэтых мясцінах у нас размяшчаюцца два азімаячменныя масівы агульнай плошчай каля сотні гектараў, – адзначыў Андрэй Коктыш.
Экіпажы ўсіх сваіх збожжаўборачных камбайнаў гаспадарка сфарміравала са сваіх жа работнікаў. У тым ліку за кошт пераразмеркавання механізатараў, пераключэння на работу на камбайне асобных спецыялістаў інжынернага профілю. Напрыклад, інжынер па сельгасмашынах акцыянернага таварыства Яўгеній Камінскі стаў на перыяд уборкі камбайнерам. Як і штатны загадчык машыннага двара гаспадаркі Аляксандр Суднік.
– Усе нашы як старшыя камбайнеры, так і камбайнеры маюць механізатарскія пасведчанні. А значыць, маюць права падмяніць адзін аднаго за штурвалам машыны, – падкрэсліў дырэктар ААТ.
І дапоўніў жніўную тэму лагістычным фактам: першыя сабраныя дзясяткі тон ячменнага збожжа паступяць на дапрацоўку на Дараўскі ачышчальна-зернесушыльны комплекс. Ёсць і іншыя, у тым ліку дадаткова адрамантаваныя.
А яшчэ ў кожнага экіпажа, іншых удзельнікаў жніва-2026, некаторых спецыялістаў прадпрыемства ёсць прыёма-
перадавальныя ўстройствы. На выпадак неабходнасці ўнесці хуткія карэктывы ў ход уборачных работ.

Іван КАВАЛЕНКА.