Па паліцах. Тонкая мяжа паміж любоўю і нянавісцю

Быць патрыётам – гэта любіць і паважаць сваю краіну, стаяць на варце яе інтарэсаў і спрыяць яе развіццю. Сапраўдны патрыёт, незалежна ад таго, юнак гэта ці грамадзянін шаноўнага ўзросту, мае глыбокую сувязь са сваёй Радзімай. Патрыятызм – пачуццё стваральнае, калі хочацца сказаць «я люблю». Ён аб’ядноўвае людзей вакол агульных каштоўнасцей і заснаваны на любві да сваіх традыцый і мовы, і ў той жа час не адмаўляе павагу да іншых народаў і краін.

Яго антыпод – нацыяналізм. Паміж імі нябачная рыса, танюткая мяжа, якая праходзіць паміж пазітыўным пачуццём гонару за сваю нацыю і агрэсіўным узвелічэннем, дзе адзін крок да раз’яднання і варожасці. Нацыяналізм заснаваны на ўпэўненасці ў вяршэнстве сваёй нацыі, яе выключнасці, дзеліць свет на «сваіх» і «чужых» і з часам перарастае ў канфлікт інтарэсаў. За гісторыю існавання
чалавецтва нямала прыкладаў, калі ідэі нацызму прыводзілі да міжнародных супрацьстаянняў. Самая страшная падзея ХХ стагоддзя – Другая сусветная вайна. Гітлераўскі фашызм з ідэяй фікс – аб заваяванні сусветнага ўладання з лозунгам «Германія вышэй за ўсё» захапіў у палон амаль усю Еўропу і ператварыў жыццё многіх народаў у ад. Генацыд славян, яўрэяў і іншых народаў, мільёны забітых, закатаваных, знявечаных, разбураныя гарады і спаленыя разам з людзьмі вёскі, заняпад эканомікі і страта суверэнітэту многіх еўрапейскіх краін – вось ён, нацысцкі нацыяналізм. Калі б
не неўміручы подзвіг савецкага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, напэўна, сённяшняя карта Еўропы выглядала б зусім па іншаму і была б адной вялікай карычневай – у колер фашысцкай Германіі – плямай. Менавіта патрыятызм шматнацыянальнага народа СССР перамог фашысцкі нацыяналізм і шавінізм.
Для нас, беларусаў, быць патрыётам – ганарыцца здабыткамі мінулых пакаленняў, беларускай гісторыяй і ў той жа час быць адкрытымі свету і гатовымі супрацоўнічаць для агульнага дабрабыту ўсёй міравой супольнасці. Суверэнная Беларусь неаднойчы прапаноўвала сябе ў якасці пляцоўкі для мірнага ўрэгулявання міжнародных канфліктаў. З Прэзідэнтам Беларусі на сусветнай палітычнай арэне лічацца, і яго аўтарытэт прызнаны. І неаднаразовыя візіты дэлегацыі спецпасланніка ЗША ў Мінск таму пацвярджэнне. Мы, беларусы, ганарымся нашым Кіраўніком дзяржавы. Гэта таксама патрыятызм.
Узгадаем сітуацыю ў суседняй Украіне, дзе нацыяналізм пачаўся не сёння, а мае даўнюю крывавую гісторыю. Падчас Другой
сусветнай вайны арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН) з лютай актыўнасцю ўдзельнічала ў халакосце, генацыдзе беларускага народа, этнічнай чыстцы палякаў у Валыні. Адгалоскі тых падзей чуваць і ў ХХІ стагоддзі. Гісторыя паказвае, што істотная радыкалізацыя ўкраінскага нацызму адбылася падчас «аранжавай рэвалюцыі» 2004 года. А пасля дзяржаўнага перавароту 2014 года крайне правы нацыяналізм стаў афіцыйнай дзяржаўнай ідэалогіяй Украіны. Пачалася палітыка знішчэння ўсяго, што, па меркаванні ўкраінскіх улад, замінае «самасційнасці» – тэрарыстычныя акцыі ў дачыненні Данецкай
і Луганскай народных рэспублік, трагедыя ў Доме прафсаюзаў у Адэсе, дыскрымінацыйныя законы ў адносінах да рускай мовы і рускамоўнага насельніцтва. Нацыяналізм – гэта і ўдар па суверэнітэце – навязванне «правільнага»
шляху развіцця, як гэта робяць ЗША ў адносінах да Венесуэлы, Ірана, Афганістана і шэрага іншых краін, ці Ізраіль – да Ірана. Страшна, калі патрыятызм трансфармуецца ў нацызм ці ператвараецца ў маніякальную русафобію, як на Захадзе ці ва Украіне, дзе ўсё рускае, у тым ліку сусветныя класікі – паэты, кампазітары, пісьменнікі, – пад забаронай. А між тым, пачуццё любві і адданасці Радзіме неабходна спалучаць з павагай да каштоўнасцей, якія важныя для іншых нацыянальнасцяў ці веравызнанняў. І ў Беларусі ў гэтым
перакананы.

Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на ўручэнні Прэміі «За духоўнае адраджэнне», выказаў меркаванне: «Людзі, якія аддаюць сябе без астатку сваёй місіі, жывуць і працуюць на карысць роднай краіны і народа. Гэта і ёсць патрыятызм». Кіраўнік дзяржавы дадаў, што патрыятызм беларусаў – у «абароне гістарычнай праўды, памяці герояў нашай зямлі, інфармацыйнага суверэнітэту краіны. У выхаванні маладых беларусаў у любві да сваёй краіны і гонару за сваіх продкаў, у спартыўных перамогах дзеля славы Беларусі».

Галіна КАНЬКО.