Мудрасць, якая патрэбна кожнаму. Колькі б часу ні прайшло, колькі б нам ні было гадоў – бабулі і дзядулі застаюцца для нас самымі роднымі людзьмі

Колькі б часу ні прайшло, колькі б нам ні было гадоў – бабулі і дзядулі застаюцца для нас самымі роднымі і самымі разумеючымі людзьмі. Час піша свой сцэнарый – а яны па-за яго вымярэннем.

Іх голасам гаворыць мудрасць, і гэта мудрасць назапашана
жыццём. Не задаваліся пытаннем, чаму ў сучасным вымярэнні, дзе ўсё падпарадкавана часу, тэхніцы і штучнаму інтэлекту, мы не можам прагарнуць відэа пра настальгічны сюжэт з вёскі дзяцінства. Дзе ў веснічках цябе чакае бабуля, а дзед гатовы бясконца слухаць пра твае дасягненні. Для іх ты заўжды тая гарэза, якой прабачалі ўсе выкрунтасы, чые жаданні былі і застаюцца нумарам адзін у спісе жаданняў. Не ведаю, ці можна ўявіць жыццё без бабуляў і дзядуляў? Гэта багацце, якое вымяраецца безліччу дзіцячых усмешак.
Час хутка робіць нас дарослымі, накідвае дарослых
клопатаў, закручвае ў віры працоўных будняў. А побач з імі хвіліны запавольваюцца, нібы дзяцінства вяртаецца, і грэе душу той самы ўспамін, як бабуля будзіла раніцай на самыя
смачныя бліны ў свеце, а дзед майстраваў самыя першыя ў жыцці арэлі. Час ідзе, а мы ўсё гэтак жа спяшаемся па знаёмых адрасах, папаўняем галерэю смартфона самымі шчырымі кадрамі – бо гэтыя сюжэты пазламі выкладваюць карціну жыцця.
…У беларусаў так заведзена, што сям’я ў самым шырокім сэнсе ёсць галоўная апора і падтрымка чалавека. Павага да сваіх бацькоў, дзядоў – гэта тое, што ўпісана ў наш генетычны код, тое, што робіць нас мацней.

Дзяржава ў сённяшніх рэаліях бачыць у пакаленні мудрасці – людзей, чые вопыт, веды, прыклад – неабходны складнік развіцця.
Шчыра сказаць, гляджу на нашых бабуляў-дзядуляў, як на людзей, чые вочы бачылі,  як будавалася краіна, чыімі рукамі ў тым ліку ўмацоўваўся наш суверэнітэт. Канешне, іх вопыт – гэта пласт неабходных ведаў пакалення людзей, якія ў складаныя часы рабілі, здаецца, немагчымае дзеля нас.

Клопат пра людзей паважанага ўзросту ў нашай краіне – факт неаспрэчны. Дзяржава імкнецца стварыць усё магчымае для самарэалізацыі, для атрымання якасных медпаслуг, сацпадтрымкі. Заслужаны адпачынак часта становіцца стартам да знаёмства з новымі сабой. На нашых ветэранаў працы ўскладаюць няпростыя і працоўныя задачы – навучыць моладзь, даць старт у жыццё.

Праз два месяцы ляхавічаніну Мікалаю Піліногу споўніцца 77 гадоў.
І ён па-ранейшаму ў працоўным страі. Больш за 20 гадоў працуе слесарам КВПіА ў КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». І ўвесь гэты час Мікалай Іванавіч – сярод лепшых работнікаў камунгаса. Сапраўдны майстар сваёй справы, вопытны, адказны і граматны работнік абслугоўвае газавую кацельную гаспадарку.

Сёння на прадпрыемствах і ў арганізацыях Ляхавіччыны шчыруюць 1 497 землякоў, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку (усяго ў раёне налічваецца 7 491 пенсіянер). А ў камунгасе, напрыклад, слесарам КВПіА працуе Мікалай Пілінога. Пра такіх, як ён, гавораць: «незаменны працаўнік». У свае 76 гадоў дасць фору моладзі – у раёне ён даўжэй за ўсіх працягвае працоўную дзейнасць.


…Гэта да таго, што без вопыту, мудрасці, ведаў, без цеплыні і шчырасці, настальгічных успамінаў немагчыма! Гэта тое, што сілкуе нас. Колькі б нам ні было гадоў, заўжды трымаеш у галаве парады старэйшых калег, заўвагу ўспрымаеш як кіраўніцтва да дзеяння. Побач з дзядулем ты ўсё той жа гарэза, а бабуліна вячэра смачная не толькі ад страў, проста з ёй па-асабліваму ўтульна. 1 кастрычніка – гэта яшчэ адна нагода сказаць словы ад сэрца тым, хто там знаходзіцца назаўжды.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.