Гатовыя! Наколькі – пакажа зіма. Наколькі гатовы народнагаспадарчы комплекс Ляхавіцкага раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд

Як толькі на вуліцы пахаладала, адным з хвалюючых пытанняў
для многіх стала, калі ж уключаць ацяпленне ў дамах, кватэрах, сацыяльных установах і іншых аб’ектах.
– Ацяпленне пачнуць уключаць у жылых дамах, калі сярэднясутачная тэмпература паветра пратрымаецца на адзнацы плюс 10 градусаў
і ніжэй на працягу трох сутак запар. Пакуль на гэтым тыдні чакаецца пацяпленне. Так што ў бліжэйшы час батарэі ў жылым сектары
не пацяплеюць, – расказвае начальнік аддзела архітэктуры, будаўніцтва і ЖКГ райвыканкама Марына Завадская.
Яшчэ адно не менш важнае пытанне – наколькі гатовы
народнагаспадарчы комплекс раёна да работы ў асенне-зімовы перыяд 2026/2027 года. Гэта тэма стала адной з асноўных на вераснёўскім пасяджэнні райвыканкама.
Як адзначыла Марына Завадская, у Дзяржэнерга-газнаглядзе
зарэгістраваны пашпарты гатоўнасці 43 цеплакрыніц раёна і 107 рэгіянальных спажыўцоў – стапрацэнтны вынік. Ляхавіцкі раён своечасова завяршыў праверку гатоўнасці кацельняў да работы
ў чарговым ацяпляльным сезоне.
Першым атрымала заключэнне ТАА «ТМТ». У лепшы бок па выніках абследавання адзначаецца тэхнічны стан кацельні СААТ «Ляхавіцкі
малочны завод».
Марына Завадская падрабязна спынілася на тым, як падрыхтаваўся да ацяпляльнага сезона шэраг арганізацый. Праведзеная КУШВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ» падрыхтоўчая работа павінна забяспечыць устойлівую работу аб’ектаў камунгаса, устаноў і арганізацый сацыяльна-культурнай сферы. На балансе камунгаса – 25 кацельняў, з іх 9 – на газе, 16 – цвёрдапаліўных.
Ляхавіцкі раён электрасетак у межах падрыхтоўкі да халадоў займаўся рэканструкцыяй электрычных сетак у вёсках Ураджайнай і Дарава-Чыж, капітальным рамонтам паветраных ліній электраперадачы, комплексных трансфарматарных падстанцый, заменай кабельных ліній. Акрамя таго, да канца 2026 года будуць заменены комплексныя трансфарматарныя падстанцыі на мачтавыя ў аграгарадках Нача, Жарабковічы, Русінавічы, Падлессе; сілавыя трансфарматары ў Ляхавічах, Зубелевічах, Жарабковічах, Ганчарах, Канюхах; рэканструяваны электрасеткі ў райцэнтры і Крывошыне.
У планавым рэжыме Ляхавіцкі раён газазабеспячэння праводзіць арганізацыйна-тэхнічныя мерапрыемствы, якія забяспечваюць надзейнае і ўстойлівае газазабеспячэнне спажыўцоў. Сярод асноўных мерапрыемстваў – мадэрнізацыя дзеючай газаразмеркавальнай сістэмы (заменены 4 устройствы на шаравыя краны, ліквідавана 6 сеткавых збудаванняў, якія адслужылі свой тэрмін); пабудаваны газаправод сярэдняга ціску працягласцю 4 436 метраў у Ліпску; заменена 455 адзінак маральна састарэлага газавага абсталявання за кошт сродкаў уласнікаў абсталявання; прыступілі да рэалізацыі праекта па павелічэнні прапускной здольнасці газаразмеркавальных сетак у вёсцы Літве.
Ляхавіцкі лясгас паставіў камунгасу 8,6 тысячы кубаметраў дроў (план – 13 тысяч кубаметраў), шчапы паліўнай – 1,28 тысячы кубічных метраў (план – 8 тысяч). Насельніцтву згодна з заяўкамі рэалізавана 5,57 тысячы кубічных метраў дроў паліўных.
Ляхавіцкая райбальніца тперад пачаткам ацяпляльнага
сезона правяла праверку будынкаў устаноў аховы здароўя раёна, праведзена прамыўка сістэм ацяплення, манометраў, цеплалічыльнікаў. Зроблены рамонт у кацельнях медустаноў. Для забеспячэння электрасілкаваннем на выпадак аварыйнай сітуацыі ў бальніцы ёсць дызельная электрастанцыя і запас паліва для яе работы на працягу сутак.
На балансе ДРБУ-200 – 427,3 кіламетра мясцовых аўтамабільных дарог і 182 кіламетры вуліц сельскіх населеных пунктаў. Для бесперабойнай работы прадпрыемства ў зімовы перыяд у наяўнасці 26 адзінак транспарту, што можа выкарыстоўвацца для барацьбы са снежнымі сумётамі і слізкімі дарогамі. На спецыяльнай пляцоўцы зараз назапашана 1 700 тон пясчана-салянай сумесі. Ствараецца запас халоднага асфальтабетона ў колькасці 25 тон, запас дызельнага паліва – 10 тон, бензіну – 3 тоны.
Падводзячы вынікі, Марына Завадская падкрэсліла, што выкананыя мерапрыемствы павінны забяспечыць бесперабойны і безаварыйны рэжым работы інжынерных сістэм і пабудоў у халодны перыяд, папярэдзіць надзвычайныя сітуацыі, звязаныя з ацяпленнем, што, у сваю чаргу, забяспечыць бяспеку і камфорт спажыўцоў цяпла.
Галіна КАНЬКО.

