Час рэалізоўваць мары. Ёсць пытанне ад «ЛВ»

Нярэдка ад маладых людзей і сярэдняга ўзросту можна пачуць фразу: «Вось выйду на пенсію і…», а далей прапануюцца разнастайныя варыянты: займуся сабой, буду падарожнічаць, праводзіць час з дзецьмі і ўнукамі… Як жывецца на пенсіі? Заслужаны адпачынак –час рэалізоўваць мары ці чаканы пасіўны адпачынак? Чаму і пасля дасягнення пенсійнага ўзросту людзі застаюцца працаваць? На гэтыя тэмы разважаюць землякі шаноўнага ўзросту.
Людміла ЛАНКУЦЬ, г. Ляхавічы:
– Асабіста для мяне пенсія – гэта выдатная магчымасць рэалізаваць многія мары і задумкі, на якія так не хапала часу, калі працавала. Здавалася б – шмат вольнага часу. Але для мяне распісаны кожны дзень! Разам з іншымі ляхавічанкамі залатога ўзросту аб’ядналіся і тройчы на тыдзень наведваем фітнес-заняткі для людзей залатога ўзросту пры ДЮСШ. Удзячны, што маем такую магчымасць бясплатна займацца спортам.
Канешне ж, з нецярпеннем чакаем адкрыцця спартыўна-аздараўленчага комплексу ў Ляхавічах, асабліва басейна.
Стараюся не прапускаць наведванне фестывалю нацыянальных культур у Гродне, фестывалю на Браслаўскіх азёрах, «Славянскі базар»… Сёлета з сяброўкай пабывалі ў незвычайным лагеры, дзе ў якасці адпачывальнікаў – дарослыя. Вельмі падабаецца ўдзельнічаць у разнастайных мерапрыемствах – фестывалях, велапрабегах, арганізаваных касцёлам і царквой. Мае захапленні – агарод
і лес, бо атрымліваеш непаўторнае задавальненне і ад працы на свежым паветры, і ад адпачынку на прыродзе. А галоўная крыніца энергіі, натхнення і стварэння – унукі, мая сям’я.
Валянціна КАРПОВІЧ, аграгарадок Малое Гарадзішча:
– Наколькі гэта выдатна – адчуваць сябе патрэбным чалавекам, нягледзячы на ўзрост. У нашай краіне з павагай і пашанай ставяцца да пажылых людзей. Маеш сілы, ёсць жаданне працаваць? Калі ласка, рэалізуй свае магчымасці. Па ўзросце я даўно на пенсіі, але па-ранейшаму працую загадчыкам Малагарадзішчанскага сельскага клуба і атрымліваю задавальненне ад сваёй работы, якая звязана непасрэдна з людзьмі. Калі арганізоўваеш разнастайныя культурныя мерапрыемствы для дзяцей, моладзі, і сам нібыта маладзееш, а гэта дадатковая крыніца энергіі, натхнення і радасці. Люблю справу, якой займаюся больш за 40 гадоў. Шмат клопатаў і дома. Люблю кулінарыць, асабліва падабаецца гатаваць разнастайныя беларускія стравы. Калі прыязджаюць унукі, а іх у нас з мужам пяцёра, то заказваюць дранікі, наліснікі. Увогуле, жыццё такое цікавае.
І галоўнае ў ім не ўзрост, а настрой. Таму стараюся жыць на пазітыве.

