Вакцына на падыходзе. Хутка пачнём прышчапляцца!
Згодна з папярэднімі прагнозамі Міністэрства аховы здароўя Беларусі, пад’ём захворвання грыпам у нашай краіне чакаецца напрыканцы студзеня – у пачатку лютага. Разам з тым не выключаецца, што грып і іншыя рэспіраторныя вірусныя інфекцыі могуць распаўсюджвацца і раней. Як вядома, лепшая прафілактыка грыпу – вакцынацыя. Масавая прышчэпачная кампанія супраць грыпу ў Беларусі стартуе з пачатку кастрычніка і прадоўжыцца да канца лістапада.
– Такіх тэрмінаў дастаткова. Імунітэт пасля прышчэпкі выпрацоўваецца на працягу 2–4 тыдняў, таму вакцынацыя ў перыяд кастрычніка – лістапада аптымальная. Разам з тым, калі чалавек па нейкіх прычынах не паспее прышчапіцца ў асноўныя тэрміны, зрабіць прышчэпку можна і ў снежні, і ў студзені. Але гэта будзе мець сэнс толькі тады, калі сітуацыя з грыпам у той момант будзе спакойнай. Прышчэпка не толькі дапаможа ў барацьбе з небяспечным грыпам, але і спрыяе прафілактыцы захворвання бактэрыяльнымі інфекцыямі. Бо асноўная мэта вакцыны – не толькі знізіць магчымасць падхапіць інфекцыю, але і папярэджванне рызыкі ўскладненняў. Мінулы сезон таму пацвярджэнне. Дзякуючы своечасова і ў значным аб’ёме праведзенай вакцынацыі восенню 2025 года ўдалося пазбегнуць пад’ёму захворвання грыпам, – расказвае ўрач-эпідэміёлаг райЦГіЭ Васілій Скараход.
Па даных санітарнай службы, сёлета плануецца прышчапіць супраць грыпу 2 137 чалавек – 10 працэнтаў насельніцтва раёна. Вакцыны набыты за кошт рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў. У асноўным выкарыстоўваецца вакцына расійскай вытворчасці «Грыпол
плюс». Тыя, хто папярэдне запісаўся на платную прышчэпку, будзе вакцынавацца французскім прэпаратам «Ваксі-грып». Вакцыны паступяць у Ляхавіцкую ЦРБ напрыканцы верасня, а непасрэдна прышчэпачная кампанія на Ляхавіччыне стартуе, як і па ўсёй краіне, з пачатку кастрычніка. Як і ў папярэднія гады, можна адначасова прышчапіцца і ад грыпу, і ад каронавіруса.
– Бясспрэчна, параю зрабіць прышчэпку. Тым самым вы не толькі паклапоціцеся пра ўласнае здароўе, але і пра здароўе тых, хто побач, – родных, блізкіх, калег. А яшчэ зберажэце ўласны бюджэт. Хваробу, грып не выключэнне, лягчэй і танней папярэдзіць, чым лячыць, – удакладняе Васілій Скараход.
Галіна КАНЬКО.

