Аграмайстэрства пацверджана! Навучэнцы Ляхавіцкага агракаледжа перамаглі ў рэспубліканскім конкурсе прафмайстэрства
На працягу двух дзён на базе Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта праходзіў рэспубліканскі конкурс «Аграмайстэрства» па спецыяльнасці «агранамія» сярод устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку спецыялістаў для сельгасарганізацый. На іспыт з усіх раёнаў краіны сабраліся восем каманд, сярод якіх і навучэнцы Ляхавіцкага аграрнага каледжа: Сяргей Астрэйка, Аляксей Максімовіч і Яўгеній Журко.

Будучым аграномам патрабавалася прайсці тэарэтычныя і практычныя выпрабаванні. У рамках конкурсу яны выконвалі заданні, якія датычылі земляробства, планавання севазваротаў, метадаў апрацоўкі глебы і іншых прафесійных пытанняў.
Вынікі конкурсу пацвердзілі высокі ўзровень падрыхтоўкі ў каледжы – каманда Ляхавіцкага аграрнага каледжа прызнана пераможцай рэспубліканскага конкурсу. Чацвёртакурснік Яўгеній Журко ў асабістым першынстве заняў ганаровае трэцяе месца.
«Бронзавы» пераможца родам з Клецкага раёна, і менавіта туды ён размеркаваўся на сваё першае працоўнае месца. Летам працаваў у сельгаспрадпрыемстве падсобным рабочым, тут праходзіў і вытворчую практыку. А хутка пойдзе туды і на пераддыпломную практыку. Яўгеній адзначае, што любоў да зямлі ў яго з дзяцінства: ён жыве ў вёсцы, і ў сельскай гаспадарцы працуюць яго бацькі. Для яго будучая праца аграномам – не проста асэнсавана выбраная прафесія, а магчымасць прымяняць сучасныя веды на роднай зямлі. Летам дапамагае бацькам і адказы на некаторыя пытанні ведае дзякуючы, як кажуць, жыццю.
Немалое значэнне мае і ўдзел у студатрадаўскім руху. Летась разам
з іншымі каляджанамі шчыраваў у СВК «Ляхавіцкі», а сёлета праца-
ваў на кансервавым заводзе.
На конкурсе найбольшую складанасць уяўлялі пытанні па земля-
робстве – напрамак гэты даволі маштабны і аб’ёмны, тлумачыць юнак.
– Паспрабаваць свае сілы ў такім конкурсе, лічу, вельмі прэстыжна. Да яго мы шмат рыхтаваліся з выкладчыкамі Наталляй Мікалаеўнай Вярбіла і Кацярынай Аляксандраўнай Юрчык. Вельмі ўдзячны ім за веды і вопыт, – падкрэслівае Яўгеній.
Трэцяе месца ў конкурсе дае яму права паступлення ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт без уступных экзаменаў. І гэтай магчымасцю юнак пастараецца абавязкова скарыстацца.
– Ганарымся нашымі навучэнцамі і ўдзячны педагогам, якія
падрыхтавалі каманду. Трэці год запар каледж становіцца пераможцам гэтага рэспубліканскага конкурсу. І гэта вынік мэтанакіраванай і сістэмнай працы ўсяго калектыву і непасрэдна педагогаў і навучэнцаў, якія ўнеслі асабісты ўклад у перамогу ў конкурсе «Аграмайстэрства», – адзначае дырэктар Ляхавіцкага аграрнага каледжа Ірына Прыступа-Юнік.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.



