Усё пачынаецца з мамы. Знаёмцеся – педагог-псіхолаг цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі мнагадзетная мама Дар’я Жэрко
Гераіня сённяшняй публікацыі «ЛВ» рэалізавала сябе ў прафесійнай сферы, паспяхова спраўляецца з роллю грамадскай актывісткі, але сваім самым галоўным дасягненнем лічыць мацярынства. Знаёмцеся – педагог-псіхолаг цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі мнагадзетная мама Дар’я Жэрко.
Перш за ўсё сям’я
Калі наша гераіня пачынае гаварыць пра сваіх дзяцей, то ў кожным слове чуюцца пяшчота, мацярынская любоў і замілаванне.
– Перш за ўсё я мама. Шчаслівая мама дачушак Дамінікі і Рэнаты, сыночка Данііла. Дзеці – бязмежнае шчасце, радасць, непаўторныя імгненні. У кожнага свае інтарэсы, захапленні. І адпаведна пашыраецца кола маіх інтарэсаў, бо хачу адпавядаць сваім дзецям. Усё гэта падштурхоўвае да самаўдасканалення, развіцця, – расказвае мнагадзетная маці.
А тое, што наша гераіня жыве інтарэсамі дачок і сына, пацвярджаюць многія факты.
– Нават не ведаю, хто больш хваляваўся – я ці мая дачка Дамініка, калі некалькі гадоў назад падчас акцыі «Пісьмо ветэрану» пісалі пісьмо майму дзеду, прадзеду дачкі Гапееву Даніілу Васільевічу, ветэрану Вялікай Айчыннай вайны. У нашай сям’і беражліва захоўваюць памяць пра дзеда, вучым гэтаму і сваіх дзяцей, – адзначае Дар’я.
У сям’і Жэрко дзяцей выхоўваюць чулымі і спагадлівымі не толькі ў адносінах да людзей, але і да братоў нашых меншых.
Не забываюць расказваць, як важна клапаціцца пра прыроду. Дзеці з мамай і татам, бабулямі і дзядулем высаджваюць садовыя дрэвы. Некалькі гадоў назад усёй сям’ёй сабралі 1 120 кілаграмаў макулатуры падчас акцыі сярод навучальных устаноў «Захавай дрэва – здай макулатуру», і Дамініка стала пераможцай.
З васьмігадовай Рэнатай мама пагружаецца ў прыгожы свет тэатра, у дзяўчынкі яўныя артыстычныя здольнасці. Мама – самы заўзяты балельшчык пяцігадовага Данііла, які спрабуе свае сілы ў дзюдо.
– Такое адчуванне, што з кожным са сваіх дзяцей я пражываю яшчэ адно ўласнае дзяцінства, заўжды шчаслівае, поўнае прыгод і падзей. І мне гэта вельмі падабаецца, – гаворыць Дар’я Жэрко.
Яна сцвярджае, што шчасце ў сям’і залежыць у роўнай меры і ад жонкі, і ад мужа. Таму за 13 гадоў сямейнага саюза з мужам Дзянісам яны не толькі навучыліся разумець адзін аднаго з першага слова, але і стараюцца разам, у тым ліку і з дзецьмі, рабіць хатнія справы, адпачываць.
– Многае залежыць менавіта ад жанчыны, таму імкнуся ствараць у нашым доме атмасферу любві, павагі і падтрымкі. У нашай сям’і беражом традыцыі і ствараем новыя. Разам з мужам чуем, разумеем кожнага з дзяцей і імкнёмся натхняць іх.
Важна, каб кожны з членаў сям’і ведаў, што дома яго заўжды выслухаюць. Менавіта такая сям’я становіцца моцнай і дружнай, – лічыць Дар’я. Дарэчы, у сёлетнім раённым конкурсе «Сям’я года» лепшай мнагадзетнай сям’ёй Ляхавіччыны прызнана менавіта сям’я Жэрко.
А яшчэ Дар’я на прыкладзе сваёй сям’і сцвярджае, што дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы мнагадзетным сем’ям збываецца іх агульная мара – сям’я будуе ўласны дом у Ляхавічах.
Прафесія стала прызваннем
15 гадоў Дар’я працуе педагогам-псіхолагам у цэнтры карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі.
– Люблю дзяцей. Гэтым тлумачыцца і выбар прафесіі. Мая асноўная задача – захаванне і ўмацаванне псіхалагічнага здароўя навучэнцаў цэнтра. Гэта вельмі важна – адчуваць дзяцей з асаблівасцямі развіцця, дапамагаць ім і накіроўваць у пошуку выйсця з розных сітуацый, вучыць адаптавацца да навакольнага асяроддзя. Заўжды ў пошуку новых методык у прафесійнай дзейнасці. А сваімі напрацоўкамі з задавальненнем дзялюся з калегамі на разнастайных пляцоўках па абмене вопытам. Акрамя таго, праводжу майстар-класы для настаўнікаў-дэфектолагаў, – дзеліцца сакрэтамі прафмайстэрства вопытны педагог-псіхолаг.
Дабрыні многа не бывае
У нашай гераіні сацыяльнае крэда – дабрыні многа не бывае. З 2024 года яна – старшыня раённага аддзялення РГА «Беларускі дзіцячы фонд». За гэты час у нашым раёне праведзены шэраг запамінальных мерапрыемстваў. З якім энтузіязмам і энергіяй напярэдадні Дня ведаў Дар’я Яўгеньеўна знаходзіць такіх жа неабыякавых землякоў, валанцёраў, каб разам арганізаваць сапраўднае свята з цікавай праграмай і падарункамі для рабят з асаблівымі сацыяльнымі патрэбамі. А гэта ўжо яна з такімі ж аднадумцамі спяшаецца ў дамы сямейнага тыпу, каб уручыць хлопчыкам і дзяўчынкам навагоднія падарункі. Цеплынёй і клопатам прасякнуты акцыі «Хуткая дапамога» (аказвалася дапамога медыкаментамі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей з інваліднасцю), «Яблыневы сад» (з выхаванцамі дамоў сямейнага тыпу), «Бэзавая алея» (з навучэнцамі ЦКРНіР і іх бацькамі), «Так проста быць побач» да Міжнароднага дня інвалідаў і іншыя. У межах дабрачыннага праекта «Выздараўлівай, гуляючы» ў дзіцячай кансультацыі паліклінікі абсталяваны ўтульны куток для маленькіх ляхавічан. Пералік добрых спраў, ініцыятарам якіх з’яўляецца наша неабыякавая і актыўная зямлячка, даволі шырокі.
Кажуць, што кожны чалавек – каваль свайго шчасця. Вось і Дар’я Жэрко ідзе па жыцці з верай і надзеяй, ставіць перад сабой задачы, рэалізуе мары і спадзяванні.
Яна ў поўнай меры адбылася як маці і жонка, яна класны педагог
і актыўная ў грамадскіх справах, а яшчэ мэтанакіраваная і надзейная.
Яна напоўнена энергіяй стварэння і валодае сакрэтам, як паспяваць выхоўваць траіх дзяцей, будаваць кар’еру і рабіць свет вакол сябе дабрэйшым. Упэўнена, можна дабіцца любых вышынь, галоўнае, каб былі жаданне і падтрымка родных.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.










