3 ліпеня – Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Беларусь – краіна дасягненняў

Беларусь моцная! Беларусь незалежная! Беларусь міралюбівая! Мы любім сваю Радзіму і ганарымся ёю.
За ўсю гісторыю свайго суверэнітэту Беларусь прайшла вялікі шлях – ад аднаўлення народнай гаспадаркі да інавацыйных праектаў будучыні. Дата галоўнага свята краіны – Дня Незалежнасці – выбрана не выпадкова. 3 ліпеня 1944 года – дзень вызвалення беларускай сталіцы – Мінска – ад фашысцкай акупацыі. Свята замацавана ў нашым календары, абапіраючыся выключна на пажаданні жыхароў краіны. На рэспубліканскім рэферэндуме 24 лістапада 1996 года за перанос Дня Незалежнасці на 3 ліпеня прагаласавалі 88,2 працэнта беларусаў. Стваральная энергія Вялікай Перамогі нашаму народу надала вялікую сілу. За даволі кароткія тэрміны была адноўлена поўнасцю разбураная вайной краіна.
Усе поспехі і дасягненні розных пакаленняў беларусаў ствараюць гісторыю дзяржавы, аб’ядноўваюць беларусаў у пачуцці гонару за сваіх суайчыннікаў, фарміруюць імідж краіны – незалежнай
і стваральнай.
Тое, што маем сёння, – гэта плённая праца і талент мільёнаў беларусаў розных пакаленняў, гэта наша гісторыя і наша незалежнасць!
Абноўкі для здароўя
Два мільёны рублёў – сума, на якую летась з розных крыніц фінансавання было набыта сучаснага медыцынскага абсталявання для ўстаноў аховы здароўя Ляхавіччыны. Сярод жыццёва важных абновак – шасціканальны электракардыёграф, апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, лапараскапічная стойка, мікрааўтобус для перавозкі пацыентаў на гемадыяліз, перасоўны медыцынскі комплекс.
Радзіма ў сэрцы
Больш за 100 юных жыхароў раёна сёння ўваходзяць у склад ваенна-патрыятычных клубаў і атрадаў. Для старшакласнікаў гарадскіх школ і гімназіі, Начаўскай СШ, навучэнцаў Ляхавіцкага агракаледжа гэта не даніна модзе, а свядомы выбар. Ваенна-патрыятычны профіль – гэта не толькі форменнае адзенне, воінская дысцыпліна, а і паглыблены інтарэс да гісторыі сваёй краіны і малой радзімы, актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
Сёлета ВПК «Доблесць пакаленняў» стаў лепшым ваенна-патрыятычным клубам Узброеных Сіл Беларусі. Вось гэта ўзровень!
Памяць на ўсе пакаленні
55 пахаванняў ваенных часоў стаіць на ўліку ў Ляхавіцкім раёне. Да кожнага не зарастае народная сцежка. І няхай не ўсе імёны герояў і ахвяр вайны вядомыя, яны назаўсёды ў нашай памяці. Захаваць гістарычную праўду, перадаць яе наступным пакаленням, навучыць з дзяцінства цаніць і шанаваць народны подзвіг – вялікая справа.
І сёння праводзіцца істотная работа па ўдакладненні спісаў загінулых і пахаваных на тэрыторыі раёна ў час Вялікай Айчыннай вайны, па аднаўленні даных пра ахвяры генацыду. Летась на Ляхавіччыне з’явіўся яшчэ адзін помнік – спаленым вёскам. Мы помнім!
Інвестыцыі ў дэмаграфічную бяспеку
525 мнагадзетных сем’яў у раёне за дзесяцігоддзе атрымалі сямейны капітал. Адзін з яркіх прыкладаў дзяржаўнага клопату – «Сямейны
капітал» для мнагадзетных сем’яў. Праграма працуе з 2015 года і развіваецца: умовы становяцца больш гібкімі, а колькасць сем’яў, якія скарысталіся падтрымкай, павялічваецца. На Ляхавіччыне датэрмінова выкарысталі сямейны капітал ужо 319 мнагадзетных сем’яў. Ільготы, дапамогі, жыллёвыя праграмы, якія робяць жыццё беларускіх сем’яў больш стабільным і ўпэўненым, – у нашай краіне створаны надзейны фундамент для дэмаграфічнай бяспекі.
Эканоміка на пазітыве
З 210 мільёнаў рублёў у 2020 годзе да 346 мільёнаў рублёў у 2025 годзе павялічыўся аб’ём прамысловай вытворчасці раёна ў дзеючых цэнах. Мінулая пяцігодка паказала відавочныя пазітыўныя змены ва ўсіх галінах і сферах жыццядзейнасці Ляхавіцкага раёна.
На Ляхавіччыне амаль не засталося стратных прадпрыемстваў, адкрыліся новыя вытворчасці, заяўляюць пра сябе прыватныя прадпрыемствы, расце прыток інвестыцый у асноўны капітал. Ільнозавод першым у раёне быў уключаны ў рэспубліканскую праграму «Адзін раён – адзін праект». Летась пачалася рэалізацыя праекта па мадэрнізацыі кансервавага цэха ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод». А з гэтага года на СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» рэалізуецца інвестыцыйны праект «Арганізацыя вытворчасці харчовага казеіну».
Наш утульны дом
126 кіламетраў аўтамабільных дарог і вуліц населеных пунктаў на Ляхавіччыне за мінулую пяцігодку абнавілі дарожнае пакрыццё.
У планах на бягучую пяцігодку – штогод уладкоўваць каля сямі тысяч квадратных метраў аграгарадскіх вуліц. Будуецца і рамантуецца жыллё, у тым ліку арэнднае. За пяць гадоў яго, дарэчы, атрымалі 228 чалавек. Добраўпарадкаванне і навядзенне чысціні – яшчэ адзін важны і прыгожы штрых у карціну сучаснай Ляхавіччыны. Абнаўляюцца спартыўныя аб’екты. А сёлета распачалося будаўніцтва басейна.
Формула клопату
122,1 мільёна рублёў за пяць гадоў – столькі склалі расходы на адукацыю ў Ляхавіцкім раёне. І гэта 36 працэнтаў сродкаў раённага бюджэту за гэты час. Акрамя заработнай платы, бягучых рамонтаў і будаўнічых работ, немалая частка сродкаў накіроўваецца на аздараўленне дзяцей.
За пяць гадоў у лагерах розных тыпаў раёна адпачылі і аздаравіліся каля пяці тысяч хлопчыкаў і дзяўчынак. Аздараўленчы лагер «Чайка» штогод прымае летам больш за чатыры сотні дзяцей.
Аграрныя плюсы
Звыш 200 мільёнаў рублёў інвестыцый накіравана ў аграрную сферу раёна за мінулую пяцігодку. 327 тысяч тон малака надаілі гаспадаркі раёна за мінулую пяцігодку, і гэта на 16,7 працэнта больш задання.
Растуць надоі, прывагі, паляпшаецца культура земляробства, будуюцца новыя і рэканструююцца старыя жывёлагадоўчыя прадпрыемствы, значны прагрэс назіраецца ў аснашчэнні машынна-трактарнага парка сельгаспрадпрыемстваў. А наперадзе новыя вырашальныя задачы. У прыватнасці, павелічэнне ў 1,6 раза выручкі ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі, у 1,3 раза прадукцыйнасці працы ў арганізацыях АПК, рост вытворчасці валавой прадукцыі ў сельгаспрадпрыемствах на ўзроўні 115 працэнтаў да 2025 года ў супастаўных цэнах, запланавана будаўніцтва трох малочна-
таварных комплексаў: «Бажкі» (ААТ «Шлях новы»), «Дамашы» (ААТ «Жарабковічы»), «Альхоўцы» (СУП «Белазем’е»).

