На сваёй зямлі. Падсобная гаспадарка дае гаспадарам з Ляхавіцкага раёна добры прыварак да сямейнага бюджэту. Але патрабуе клопату і ўвагі

Фото использовано как иллюстрация к материалу

Прыватныя гаспадары, якія на сваіх падвор’ях ствараюць міні-фермы: дояць кароў, гадуюць свіней, птушак, – ёсць і ў нашым раёне. Адны здаюць дзяржаве толькі лішкі прадукцыі, для другіх гэта галоўны спосаб зарабіць грошы. Занятак жывёлагадоўляй хоць цяжкі, але прыбытковы. Напрыклад, літр прададзенага малака дзяржаве каштуе 3820 рублёў, плюс 370 рублёў да закупачнай цаны – даплата з рэспубліканскага бюджэту.

Можна на прыкладзе бывалых жывёлаводаў падлічыць, наколькі гэта выгадна. Летась, напрыклад, адна з лепшых малаказдатчыц у раёне Кацярына Палаш з Навасёлкаўскага сельсавета прадала дзяржаве ад адной каровы 7088 кілаграмаў малака. Валянціна Гаўрыльчык з Вострава трымае 6 кароў. Ёсць і такія падвор’і, на якіх налічваецца па 12-18 рагуляў.

Як жывецца-працуецца сем’ям, якія маюць вялікія ўласныя гаспадаркі? Давялося трапіць у госці да Сняжаны і Руслана Гіляў, што жывуць у Вялікай Лотве.

Сняжана без будзільніка прачынаецца каля пяці гадзін. Асцярожна, каб не разбудзіць дачок – Аліну і Алесю, якія на золаку салодка спяць, выходзіць на ганак. Раніца сустракае яе падбадзёрлівай прахалодай і нязменнай прыгажосцю: ружовае неба толькі кранулі сонечныя промні – дзень будзе светлым.
Услед і Руслан ужо на нагах. Пакуль Сняжана падключае даільны апарат да адной каровы, пасля да другой, ён паспявае выдаць рагулям пайку камбікорму. Асабліва ўвіхаецца каля дзвюх каровак, якія вось-вось дадуць прыплод. Гаспадыня тым часам пералівае сырадой у вёдры, шчыльна закрывае іх і выносіць на спецыяльна пабудаваны стол-эстакаду, адкуль на малакавозе забяруць прадукцыю. Сёння з падвор’я Гіляў паступіць на малаказавод 50 літраў малака. Гэта пакуль дояцца 2 каровы, але хутка гаспадары будуць здаваць удвая больш сырадою, як звычайна, ужо некалькі гадоў.
Ідэя ўсур’ёз заняцца гаспадаркай належыць Руслану. Ён па прафесіі ветэрынарны фельчар: “падкаваны” тэорыяй, ёсць і практычныя навыкі. Умее збалансаваць рацыён кармлення, сочыць за здароўем сваіх чатырох рагуляў, калі што – сам і лечыць. Па сутнасці, на яго плячах і трымаецца гаспадарка.
Звычайна Сняжана прыгатуе снеданне, прыбярэ дачушак да школы і сама ўжо ў дарозе: з Вялікай Лотвы да райбальніцы ў Ляхавічах, дзе яна працуе санітаркай, некалькі кіламетраў.
У абед, а пасля і вечарам даіць-карміць кароў будзе гаспадар. З уласнага вопыту ён зрабіў выснову: нават пры выдатнай пашы на ноч трэба класці ў жолаб карове зялёную масу. Зрэшты, вясковы статак тут заўсёды пасвіцца па добрым травастоі: СВК “Шлях новы” выдзяляе ўчасткі з разнатраўем, якія падкошваюцца і падкормліваюцца. А ў гаспадарцы Руслана заўсёды накляпаная каса: невялікі пракос свежай травы — і каровы забяспечаны кормам да раніцы.
У добрым месцы пабудаваліся Гілі: за агародам – поле. Зручна арандаваць зямлю, і гаспадар сядзібы гэты шанс не ўпусціў. Сельвыканкам выдзеліў Руслану Гілю 4 гектары – працуй!
Набыў трактар, не новы, праўда, часта даводзіцца рамантаваць, аднак пакуль што і арэ, і сее, і косіць – прычапныя прылады таксама свае. Гілі на двух гектарах вырошчваюць ячмень і пшаніцу, ёсць з паўгектара бульбы, сенажаць, дзе Руслан косіць траву на падкормку і сушыць сена. Але на зіму чатыром каровам гэтага мала. Добра, што заўсёды можна разлічваць на супрацоўніцтва з мясцовым СВК “Шлях новы”. Плануе гаспадар падгадаваць цялят і здаць іх у сельгаскааператыў. Узамен атрымае як мінімум 12 рулонаў спрасаванага сена. Дадаць да гэтага свае канцэнтраты і магчымасць купіць зерне ў сельгаскааператыве, набыць жом — зімаваць можна будзе бязбедна. Хопіць кармоў і іншай жыўнасці, што ёсць на падворку: курам, качкам. Увосень Сняжана і Руслан плануюць набыць і пару парасят, а як справа пойдзе – больш. На сямейным савеце падлічылі, што і колькасць кароў можна павялічваць. Гаспадар тэрмінова ўзяўся дабудоўваць “другую чаргу” хлява: як мінімум 3 рагулі неўзабаве тут зоймуць месца, а ў арсенале тэхнікі прыбавіцца яшчэ адзін даільны апарат.
Самае галоўнае, што працавітых бацькоў падтрымліваюць дзеці. Старэйшы Арцём, якому ўжо 16 гадоў, у Ганцавіцкім ліцэі атрымлівае прафесію трактарыста. Калі прыязджае дадому – бацьку адчувальная падмога. Дзяўчынкі, хоць яшчэ і малыя, але ўжо нешта стараюцца зрабіць па гаспадарцы, дапамагчы маме і тату. І вельмі любяць сырадой. Наогул, як прызнаецца Сняжана, сям’я мала што купляе ў магазіне – усё сваё: малако, вяршкі, тварог, сыракваша, на якой гаспадыня пячэ пульхныя аладкі. На ўра ідзе смажаная курыца ці качка з маладой бульбай, у дастатку свежай агародніны. Нават хлеб у Гіляў свой: купілі хлебапечку — і яна не прастойвае.
Але ўсё ж нялёгка даюцца сям’і Гіляў і грошы за прададзенае малако, і шчодры стол з натуральнымі прадуктамі, і ружовыя ранкі, у якіх не заўсёды праглядаецца рамантыка. Гэта праца паўсядзённая і напружаная. Магчымасць адпачыць Руслану, які працуе начным вартаўніком у райветстанцыі, дае яго даўняе хобі – сад. Некалі давялося папрацаваць садаводам, асвоіў тэхналогію прышчэпак фруктовых дрэў. Свой сад закладваў з асаблівай любоўю. Падвоі прывёз з Пружаншчыны, прышчапіў самыя смачныя і лёжкія сарты яблык. Гілевы яблыні пладаносяць штогод. А побач – плантацыя чорных парэчак: частка ўраджаю прадаецца, з часткі Сняжана гатуе варэнне.
Усе свае даходы і расходы яны падлічваюць, размяркоўваюць і плануюць. Вось-вось падыдзе чарга гэтай шматдзетнай сям’і на атрыманне крэдыту на рэканструкцыю дому. А з грошай, атрыманых за малако, адкладваюць на падрыхтоўку дзяцей да школы.
На вуліцы Маладзёжнай у Вялікай Лотве жыве звычайная сям’я – бацькі і трое дзяцей. Праблемы, радасныя падзеі, поспехі, няўдачы як у ва ўсіх. Адзначу адну акалічнасць: дзеці тут выхоўваюцца на прыкладзе бацькоў, якія заўзята працуюць. Напэўна і яны вырастуць такімі ж.
Аліна ЛАПІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *