Вясельны чэрвень. Чэрвень стаў месяцам нараджэння дзвюх дзяўчынак і трох хлопчыкаў у Ляхавіцкім раёне.

Чэрвень стаў месяцам нараджэння дзвюх дзяўчынак і трох хлопчыкаў у Ляхавіцкім раёне. Пасведчанні аб нараджэнні бацькам уручыла ў аддзеле загса райвыканкама яго начальнік Вольга Новік. Дачок бацькі назвалі Маргарыта і Мія, сыноў – Яраслаў, Аляксандр і Валерый.
Першынец зарэгістраваны ў адной сям’і, яшчэ ў адной –
другое дзіця. Тры сям’і з нараджэннем дзіцяці сталі мнагадзетнымі.
Сярэдні ўзрост чэрвеньскага бацькі – 36 гадоў, маці – 30.
Чэрвень на Ляхавіччыне выдаўся вясельным – марш Мендэльсона гучаў для 16 пар. 12 з іх атрымалі першы сямейны дакумент у аддзеле загса райвыканкама, дзве пары – у Крывошынскім сельвыканкаме, па адным – у Альхоўскім і Конькаўскім сельвыканкамах.
Сярэдні ўзрост чэрвеньскага жаніха – 32 гады, нявесты – 28. Юныя маладыя – 20-гадовы жаніх і 18-гадовая нявеста. Абмяняліся заручальнымі пярсцёнкамі і 50-гадовыя ляхавічане.
У люстэркавую дату – 26.06.2026 – у аддзеле загса райвыканкама зарэгістравана пяць шлюбаў, у тым ліку адна выязная цырымонія прайшла ў аграсядзібе.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.