Санітарная наша служба. Ляхавіцкая

Памочнікі ўрача-гігіеніста Данута Багдановіч і Вольга Шчарбакова.

Хто клапоціцца і пра здароўе землякоў, і хто сочыць, каб у нашых дамах і кватэрах, а таксама ў рэках і вадаёмах была чыстая вада, у магазінах прадавалася толькі якасная прадукцыя, а ў сталоўках, кафэ і рэстаранах падавалі свежыя стравы? Хто не дапускае, каб умовы працы на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях не адпавядалі ўстаноўленым нормам? Адказ просты – санэпідслужба. У раённым цэнтры гігіены і эпідэміялогіі працуюць 30 спецыялістаў, з якіх 6 — урачы, 12 — іх памочнікі і лабаранты.

— Захаванне і ўмацаванне здароўя насельніцтва – важнейшая задача нашага цэнтра. У сучасных умовах самае дарагое багацце вызначаецца ў тым ліку і санітарна-эпідэмічным дабрабытам, чыстай прыродай і папярэджваннем захворванняў, — гаворыць галоўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў.

Усяго 3 аддзелы: гігіены, эпідэміялогіі і мікрабіялагічная лабараторыя. А колькі функцый іх супрацоўнікі выконваюць. Напрыклад, шматгаліновую структуру мае аддзел гігіены — гэта і гігіена харчавання (у тым ліку дзяцей і падлеткаў), працы, камунальная (нагляд за якасцю пітной вады, кантроль за падтрыманнем парадку на тэрыторыі зон адпачынку, аналіз пробаў вады ў рэках). На пастаянным кантролі – вучэбная нагрузка школьнікаў.

РайЦГіЭ правярае стан суб’ектаў гаспадарання лячэбна-прафілактычных устаноў аховы здароўя, школ і дзіцячых садоў, камунгаса, сельгаспрадпрыемстваў, усіх аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання. Пазапланавая дзейнасць больш шырокая, дае магчымасць часцей кантраляваць асабліва прадпрыемствы, дзе выяўлены пагаршэнні гігіенічных паказчыкаў. Цесная работа вядзецца з органамі ўлады па пытаннях добраўпарадкавання тэрыторый, у тым ліку сельсаветаў, захавання правілаў тэхнікі бяспекі і аховы працы на вытворчых аб’ектах. Толькі спачатку гэтага года ў 66 працэнтах правераных суб’ектаў выяўлены парушэнні.

Сёлета супрацоўнікі райЦГіЭ праверылі 120 аб’ектаў гандлю і грамадскага харчавання, па выніках іх каля 270 кілаграмаў прадуктаў забаронены да продажу і рэалізацыі з-за сышоўшага тэрміну годнасці.

Памочнікі ўрача-эпідэміёлага Ірына Літвіненка, Ларыса Кендыш, інструктар-дэзынфектар Тамара Хілюціч.

Незалежна ад накірункаў дзейнасці і спецыфікі аддзелаў усе супрацоўнікі цэнтра займаюцца пытаннямі фарміравання ў насельніцтва навыкаў здаровага ладу жыцця. У цэнтры ўвагі – вакцынацыя. Цяпер – летні адпачынак дзяцей.

Калектыў РайЦГіЭ – калектыў прафесіяналаў. Гэта пра ўрача-гігіеніста Валянціна Скарыну, урача-эпідэміёлага Васілія Скарахода, іх памочнікаў Дануту Багдановіч, Вольгу Шчарбакову, Валянціну Бацкалевіч, іх калег. Маладым спецыялістам узначаліў санслужбу раёна 13 гадоў назад Віталій Ціханаў, які здолеў паставіць справу на належны ўзровень. Прыжываецца тут маладое папаўненне. Санурачоў хапае, чаго не скажаш пра іх памочнікаў – не хапае пяці. Дарэчы, раённая ўлада выдзеліла двум спецыялістам кватэры.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *