Брыльянты праз 60 гадоў. Ляхавічане Міхаіл і Ірына Сіцько ў мінулую пятніцу адзначылі брыльянтавае вяселле

Сям’я – галоўнае ў жыцці кожнага чалавека. Гэта надзейная апора і невычэрпная крыніца душэўнай цеплыні, месца, дзе захоўваюцца каштоўныя традыцыі для наступных пакаленняў і закладваюцца традыцыйныя маральныя арыенціры. Шчаслівая сям’я – трывалая аснова моцнай дзяржавы. І няхай гэта шчасце ў кожнай сям’і доўжыцца шмат гадоў!

Ляхавічане Міхаіл і Ірына Сіцько ў мінулую пятніцу адзначылі
брыльянтавае вяселле. 17 ліпеня 1966 года ў Ляхавіцкім бюро ЗАГС для іх прагучала «Аб’яўляю вас мужам і жонкай!». І з таго часу вось ужо 60 гадоў яны ідуць поруч – разам у радасці і нягодах. Абодва родам з вёскі (ён з Рачкан, яна з Гайнінца), працавітыя і
добрасардэчныя. Міхаіл Юльянавіч усё жыццё працаваў вадзіцелем, Ірына Аляксандраўна шмат гадоў рабіла ў ашчадкасе, а потым – у дзіцячым садку. У шчаслівым шлюбе выгадавалі дваіх дзяцей –
дачку Жанну і сына Мікалая. Радуюцца поспехам трох унучак і самааддана любяць праўнучка.
Брыльянтавых юбіляраў са знамянальнай падзеяй сямейнага жыцця павіншавала начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга Новік.
– Сваім шматгадовым саюзам вы ўвасабляеце ідэалы сумеснага жыцця: узаемнае каханне, павагу, давер і адданасць. Усе гэтыя гады ваша сардэчнасць саграе блізкіх вам людзей цяплом і пяшчотай, нясе бязмежнае шчасце ў дом, – падкрэсліла Вольга Новік і пажадала землякам моцнага здароўя, узаемаразумення, цёплай увагі і клопату родных і блізкіх.
Юбіляры паставілі подпісы ў Кнізе сямейнага Шчасця і Мудрасці аддзела загса. Далучаемся да ўсіх віншаванняў, якія прагучалі ў адрас гэтай моцнай сям’і, і жадаем дабра, здароўя і душэўнага цяпла!
Святлана Стыкуць.
Фота Сяргея Варановіча.