У аснове – сістэмнасць і выверанасць рабочых падыходаў. Паўгадавая лічба ўдойнасці сярэдняй рагулі ў Ляхавіцкім раёне — 3 718 кілаграмаў
Лічбы яскрава дэманструюць ход спраў у жывёлагадоўлі
і аграпрамысловым комплексе ўвогуле. Калі яны з месяца ў месяц дэманструюць рост, ёсць падстава гаварыць пра сістэмнасць, выверанасць пастаноўкі работы ўсёй сельскагаспадарчай галіны.
Як сведчыць аператыўная статыстыка абласнога АПК, за першыя шэсць месяцаў 2026 года жывёлагадоўля Брэстчыны паставіла некалькі рэкордаў.

Валавая вытворчасць малака за студзень – чэрвень у сельскагаспадарчых арганізацыях Брэсцкай вобласці склала
1 мільён 304 тысячы тон – як ніколі раней. А сярэдняя прадукцыйнасць дойнага статка склала 4 297 кілаграмаў – удойнасць сярэдняй абласной каровы перавысіла паказчык мінулага года прыкладна на дзве сотні кілаграмаў. Вобласць знаходзіцца на вяршыні агульнарэспубліканскага рэйтынгу.
Якое месца на гэтым «малочным свяце» займае жывёлагадоўля нашага раёна?
Лепшыя з пазіцыі прадукцыйнасці каровы ўтрымліваюцца ў гаспадарках Іванаўскага раёна, дзе за мінулыя паўгода ад сярэднестатыстычнай рагулі атрымана больш за 5 330 кілаграмаў малака. Другое месца замацавалі за сабой жывёлаводы Брэсцкага раёна, дзе паўгадавая лічба ўдойнасці сярэдняй рагулі дасягнула 5 012 кілаграмаў. Ляхавіцкі раён на названыя паказчыкі ўдойнасці пакуль не выйшаў. Наша актуальная лічба зафіксавана на ўзроўні 3 718 кілаграмаў па выніках паўгадавой работы. Сярэдняя ўдойнасць у істотнай ступені «недаатрымалася» з-за невысокай прадукцыйнасці дойнага статка СУП «Белазем’е». За шэсць месяцаў года ўнітарнае прадпрыемства атрымала ад кожнай сваёй рагулі ўсяго толькі крыху больш за дзве тоны малака.
Пры гэтым мінус у параўнанні з чэрвенем леташняга года ледзь не дасягнуў 900 кілаграмаў. Другі момант ужо са знакам плюс. Сярэднестатыстычная карова СВК «Ляхавіцкі» за тыя ж паўгода дала 5 054 кілаграмы 100-працэнтна высакаякаснага малака, і гэта на сем з паловай цэнтнераў перавышае аналагічную сярэднеабласную лічбу, на чатыры дзясяткі кілаграмаў – сярэдні паказчык удойнасці па Брэсцкім раёне і толькі на 280 кілаграмаў не даганяе лідарскі паказчык Іванаўскага раёна. Просіцца выснова: раўненне на сваіх, на «Ляхавіцкі»! А «Ляхавіцкаму» – на больш як 10-тонныя ўдоі
на фінішы бягучага года.
Насуперак нізкаму малаку, хочацца адзначыць факт нядрэн-
ных прываг буйной рагатай жывёлы ў СУП «Белазем’е» – амаль 760 грамаў у суткі на кожнай галаве, што вышэй за сярэднераённы прырост на тры дзясяткі грамаў. Добрую дынаміку па прывагах жывёлы на вырошчванні і адкорме набралі ЗАТ «Белпрампрыбор», ААТ «Жарабковічы».
А раённым лідарам працягвае заставацца ўсё той жа «Ляхавіцкі».
Гэтымі днямі сельская гаспадарка раёна жыве жніўнымі клопатамі. Ад іх вынікаў, лічбавых і якасных ураджайных характарыстык поўнасцю залежыць наша і хлебнае, і ў значнай ступені малочнае багацце.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

