Ураджайны РАПСсаднік. ААТ «Жарабковічы» з’яўляецца адным з самых маштабных вытворцаў азімага рапсу ў Ляхавіцкім раёне
ААТ «Жарабковічы» з’яўляецца адным з самых маштабных вытворцаў азімага рапсу ў раёне. А на этапе ўборкі прыкладна паловы сваіх алейных плошчаў – яшчэ і самым высокаўраджайным

Фундаментальным складнікам высокай прадукцыйнасці жарабковіцкага рапсавага і не толькі гектара з’яўляецца тэхналогія. Мясцовая практычная выверанасць, дакладнасць следавання ўсім яе асноўным пастулатам на кожным з этапаў вытворчасці гэтага каштоўнага аграпрадукта не могуць не даць сваёй высокаўраджайнай «рэакцыі». А калі яшчэ і надвор’е, як у сёлетнім сезоне, не выступіць у якасці антаганіста, – шырэй расчыняй, аграрый, вароты сваіх алейна-насенных засекаў. Па стане на ўчарашні дзень, рапсавы засек прадпрыемства поўніўся больш як на паўтары тысячы тон высакапробнага чорнага золата жарабковіцкіх (падлескіх і іншых) палёў. Пры тым, што ўборка культуры толькі пачала выходзіць на свой экватар. І тым, што дзясяткі тон рапсу да склада не «даязджаюць», знаходзяцца жадаючыя набыць яго, умоўна, з-пад камбайна.
У чым і запэўніў нас начальнік цэха раслінаводства ААТ «Жараб-
ковічы» Сяргей Каляда.

Канструктыўная, як і сам працэс арганізацыі жарабковіцкага жніва, размова адбылася на ўскрайку падлескага ўборачнага палетка, на фоне работы і пад гукі матораў камбайнаў.
– Формула ўраджаю даўно вядома: дыктатура агратэхналогіі, пачынаючы з правільнасці выбару пасяўных плошчаў, ашчаднасці работы з мінеральнымі ўдабрэннямі і сродкамі аховы-догляду раслін на працягу ўсяго доўгага сезона. Вельмі важна своечасовасць правядзення кожнай маніпуляцыі. А, калі яшчэ і надвор’е выступіць саюзнікам, пра большае і марыць сорамна, – разважае вопытны спецыяліст-практык.

Неканчатковы паказчык ураджайнасці рапсу на прадпрыемстве трымаецца ў межах чатырох дзясяткаў цэнтнераў з кожнага сярэдняга гектара, якіх у гаспадаркі да пачатку жніва было 950.
За дастаўку сабранага ўраджаю на зерняток у той дзень «адказвалі» чатыры МАЗы. У гэтым плане мела месца колькасная раўнавага, па адным аўтамабілі-адвозчыку на кожны задзейнічаны на рапсавай ніве камбайн-уборшчык. Схема дастатковая, лагістычна
абгрунтаваная, каб не дазволіць прастояў як транспарту, так (тым
больш) і галоўнай у цяперашні час сельскагаспадарчай тэхніцы.
– Таксама вельмі важным лічу правільнасць у падборы гібрыдаў рапсу. І ў плане сумяшчальнасці апошніх з характарыстыкамі глебы пасяўных плошчаў, і што тычыцца надыходу тэрмінаў выспявання насення рапсу. У сёлетнім сезоне ў нашых палях іх каля дзясятка. Зараз убіраем поле з гібрыдам сярэдняй спеласці. Ураджай паказвае
12-13-працэнтны паказчык вільготнасці, дапрацоўка насення ажыццяўляецца на ЗСК «Падлессе». У выпадку змены
ўборачных лакацый магчыма задзейнічанне і іншых ачышчальна-сушыльных комплексаў. Лагістыка таксама займае важнае месца на жніве і ў эканоміцы прадпрыемства. Гэта і час, і сабекошт сабранага ўраджаю. Працуем з безумоўнай аглядкай у тым ліку і на названыя фактары. І, канешне ж, на пытанні аховы працы, якія заўсёды трымаем у ліку прыярытэтаў, – завяршае размову Сяргей Каляда.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

