«Звязда» і «Фенікс» з «Энергіяй» узяліся за справу. З 20 ліпеня тры сельскагаспадарчыя студатрады пачалі працаваць у гаспадарках Ляхавіцкага раёна
Лета – 2026 для навучэнцаў школ Ляхавіччыны і аграрнага каледжа багата не толькі на цікавы адпачынак, але і запомніцца працоўнымі буднямі. «ЛВ» трымае сваіх чытачоў і падпісчыкаў у курсе спраў трэцяга працоўнага семестра і расказвае пра яго найбольш яркія і захапляльныя старонкі.

– З 20 ліпеня тры сельскагаспадарчыя студатрады пачалі працаваць у гаспадарках Ляхавіцкага раёна. Атрад «Звязда» імя Героя Савецкага Саюза Святланы Яўгеньеўны Савіцкай у складзе 10 навучэнцаў гарадскіх школ працуе на аб’ектах ААТ «Шлях новы». 20 навучэнцаў Ляхавіцкага аграрнага каледжа і два Начаўскай СШ аб’ядналіся ў атрад «Энергія» імя Героя Савецкага Саюза Алены Рыгораўны Мазанік і пачалі працоўныя будні ў ААТ «Нача»: фарбуюць, прыбіраюць, рамантуюць. 18 агракаляджан з атрада «Фенікс» імя Героя Савецкага
Саюза Надзеі Віктараўны Траян адшліфоўваюць свае аграрныя навыкі ў СВК «Ляхавіцкі», – расказвае першы сакратар райкама ГА БРСМ Карына Кузьміч.
Байцы ўсіх трох студатрадаў будуць працаваць у якасці падсобных
рабочых. Клопатаў у рабят нямала: навядзенне парадку на сельгас-
аб’ектах, выкананне некаторых будаўнічых работ, якія не патрабуюць высокай кваліфікацыі.

– Для нашых агракаляджан студатрадаўскі вопыт важны і для будучай прафесіі. У асноўным у атрады трапілі навучэнцы, якія закончылі першы курс па розных спецыяльнасцях. Таму для іх важна папрацаваць на фермах, комплексах, якія ў будучым стануць іх асноўным месцам працы. З ААТ «Нача» ў каледжа наладжана цеснае і плённае супрацоўніцтва. У СВК «Ляхавіцкі» раней працавалі старшакурснікі ЛАКа, а сёлета ўпершыню падчас трэцяга працоўнага семестра гаспадарка прыняла на работу першакурснікаў –
усе яны жыхары Ляхавіцкага раёна. Упэўнена, што ў СВК яны пройдуць выдатную сельскагаспадарчую школу, – тлумачыць дырэктар агракаледжа Ірына Прыступа-Юнік.
З першых дзён студатрадаўскага дэсанту ў ААТ «Нача» кіпіць работа.
Удзельнікі атрада «Энергія» прыбіраюць старую салому, чысцяць тэрыторыю МТФ «Цэнтр», шчыруюць на ўборцы на тэрыторыі КЗС. З работай будучыя аграрыі спраўляюцца добра, і такія работнікі тут вельмі патрэбныя, адзначаюць у сельгаспрадпрыемстве.
– Лічу, пашчасціла трапіць у студатрад. Гэта мой першы вопыт у такім статусе. Работа для мяне звыклая, цяжкасцей не баюся – сам родам з вёскі. Тым больш каманда ў нас дружная, дапамагаем адзін аднаму. Канешне, важна, што магу зарабіць грошы. Плюс студатрада і ў тым, што можна больш даведацца пра сваю будучую прафесію, – гаворыць навучэнец аддзялення вытворчасці прадукцыі расліннага паходжання ЛАКа Васілій Масцілоўскі.
Дарэчы, з 23 ліпеня ў раёне пачне працаваць яшчэ адзін студатрад – на новай змене ў летніку «Чайка» будзе дзейнічаць студэнцкі педагагічны атрад «Партызанская іскра» імя Героя Савецкага Саюза Таццяны Мікалаеўны Барамзіной у складзе 9 чалавек.
Галіна КАНЬКО.

