Калі справа па душы. Ляхавічанка Таццяна Андрушкевіч – уладальніца звання «Чалавек года» раёна

Колькі нашых землякоў удастойваліся звання «Чалавека года»! Каб яго заслужыць, не трэба быць героем – дастаткова быць лепшым у сваёй справе. Добрасумленна, стваральна, творча працаваць, дасягаць высокіх паказчыкаў, рабіць усё магчымае для росквіту і развіцця роднай зямлі.
Сёння «ЛВ» знаёміць з прафесіяналам гандлёвай справы, абаяльнай ляхавічанкай загадчыцай магазіна «Усходні» Таццянай Андрушкевіч.

У магазіне «Усходні» ў райцэнтры закупаюцца не толькі жыхары суседніх дамоў, сюды ідуць і едуць пакупнікі літаральна з усяго горада. Такая папулярнасць абумоўлена многімі фактарамі, сярод якіх – і спалучэнне асартыменту і якасці. Вельмі запатрабавана прадукцыя ўласнай вытворчасці, прыгатаваная па-дамашняму. А яшчэ візітоўка «Усходняга» – прыветныя прадаўцы.

Калектыў «Усходняга» – прафесійны, зладжаны, камунікабельны. Немалая заслуга ў гэтым загадчыцы магазіна Таццяны Андрушкевіч. У гандлі яна амаль 15 гадоў, апошнія чатыры працуе ва «Усходнім». Пачынала прадаўцом, а праз некалькі месяцаў назначана загадчыцай. Маркетолаг па адукацыі, Таццяна добра ведае, як прыцягнуць увагу пакупніка, на што будзе большы попыт і як стварыць пазітыўны настрой. Вынік даюць не толькі навуковы падыход да справы і немалы вопыт у сферы абслугоўвання. Загадчыца магазіна пастаянна павышае прафесійны ўзровень на разнастайных курсах і семінарах. Разважае пра тое, што сёння гандлёвае прадпрыемства даражыць кожным сваім пакупніком і дзеля канкурэнтаздольнасці не мае права спыняцца ў пошуку сучасных формаў абслугоўвання, прапановы тавараў і г. д. Калектыў магазіна не стамляецца эксперыментаваць і спрабаваць. Як вынік – давер пакупнікоў.
Таццяна Пятроўна любіць сваю работу. Акрамя заключэння дагавораў і афармлення заявак, паспявае па-майстарску выкласці тавар, праверыць тэрмін прыгоднасці прадуктаў, стан таварных запасаў і г. д. Яшчэ і на міжнародную выставу «ПрадЭкспа» за новымі пастаўшчыкамі абавязкова завітвае.
– Працаваць з Таццянай Андрушкевіч вельмі лёг-ка – надзейная, адказная, старанная і кампетэнтная. Да справы ставіцца творча, па-дзелавому і з эканамічна абгрунтаваным падыходам, – характарызуе загадчыцу магазіна намеснік дырэктара гандлёвага дома «Уладзімір» Людміла Радзюк.
А дома Таццяна цудоўная жонка і клапатлівая мама двух сыноў Уладзіслава і Цімафея. Пакуль муж Дзмітрый з сынамі на рыбалцы ці гуляюць у футбол, гаспадыня гатуе ім смачнае печыва. Яе хлопцы асабліва паважаюць медавік.
Летась за высокія дасягненні ў працы і вялікі асабісты ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё раёна ў намінацыі «прамысловасць, бытавое абслугоўванне, гандаль і паслугі» Таццяне Андрушкевіч прысвоена ганаровае званне «Чалавек года».

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.