Я ў аграрыі пайду – у ЛАК мяне навучаць! За два дні дакументы ў прыёмную камісію падалі каля 70 чалавек

Гэтымі ліпеньскімі днямі мнагалюдна ў Ляхавіцкім аграрным каледжы. Сёлетняя ўступная кампанія ў сярэднія спецыяльныя навучальныя ўстановы набірае абароты.
– Несумненна, радуе, што ў абітурыентаў карыстаецца
папулярнасцю наш агракаледж. Сітуацыя, якая склалася ў першыя дні прыёму, таму пацвярджэнне – літаральна за два дні дакументы ў прыёмную камісію падалі каля 70 чалавек. Нагадаю, новы каледжскі
набор – 170 навучэнцаў, якія будуць займацца на чатырох аддзяленнях: «лясная гаспадарка», «ветэрынарная медыцына», «вытворчасць прадукцыі жывёльнага паходжання», «вытворчасць прадукцыі расліннага паходжання». Як і летась, асабліва запатрабавана лесагаспадарчая спецыяльнасць. План набору на 2026/2027 навучальны год – 30 навучэнцаў, з якіх 15 – мэтавікі. 24 заявы паступіла ўжо за выхадныя.
Сёлета абітурыентаў, якія мараць стаць навучэнцамі ЛАКа і вучыцца па мэтавым накіраванні, стала больш. Чаму? Усё проста. Мэтавае накіраванне – гэта гарантыя працаўладкавання пасля атрымання дыплома. Ды і матэрыяльны складнік мае не апошняе значэнне. Напрыклад, ААТ «Брэсцкі мясакамбінат» навучэнцам-мэтавікам аддзялення ветэрынарнай медыцыны, акрамя іншых бонусаў, гарантуе штомесячныя даплаты да стыпендыі ў памеры ад 3 да 10 базавых велічынь, – удакладняе дырэктар Ляхавіцкага аграрнага каледжа Ірына Прыступа-Юнік.


Каледж актыўна праводзіць разнапланавую прафарыентацыйную работу. Гэтым у многім тлумачыцца высокая папулярнасць установы ў абітурыентаў. На некаторыя спецыяльнасці сёння падаюць дакументы ўчарашнія школьнікі з балам
атэстата вышэй за 8. Яшчэ адна адметнасць уступнай кампаніі-2026 і сведчанне запатрабаванасці Ляхавіцкага каледжа – сюды ў якасці абітурыентаў прывозяць сваіх дзяцей і ўнукаў колішнія тутэйшыя навучэнцы. Паралельна з падачай дакументаў патэнцыяльныя агракаляджане і іх бацькі знаёмяцца з матэрыяльнай базай установы, дзе асаблівая ўвага на забеспячэнне інтэрнатам.