«Жарабковічы»: 75 стваральных крокаў. Дзень сённяшні

Хто працуе, таму і шанцуе. Пра народную мудрасць усе 75 гадоў на сельскагаспадарчых жарабковіцкіх прасторах не проста ведаюць – кіруюцца. Таму ААТ «Жарабковічы» традыцыйна ў ліку лепшых, а працаўнікі заслугоўваюць пашаны і гонару.

Фота з архіва «ЛВ»

Эканамічна стабільнае сельгаспрадпрыемства размешчана на плошчы практычна 13 500 гектараў, з якіх сельгасугоддзі прасціраюцца на 12 338 гектарах і ўключаюць больш за 8 500 гектараў урадлівай раллі. Зямля-карміцелька тут у павазе, і кожны яе сантыметр працуе на эканамічны плюс.
Як і 75 гадоў назад, галоўная задача ААТ – вытворчасць сельскагас-
падарчай прадукцыі. Але «Жарабковічы» значна пашырылі свае вытворчыя гарызонты. Авечкаферма «Канюхі» ў рэспубліцы займае сярод нешматлікіх калег лідзіруючыя пазіцыі. Тут разводзяць племянных авечак парод асканійскай, мерыналандшаф і прэкас. Сёння ў атары амаль 2 700 галоў.
На чале падраздзялення Анжэла Таранда – кіраўнік вопытны і аўтарытэтны. У яе падначаленні працаўнікі, якія даглядаюць гаспадарчую жывёлу, як дамашнюю, з абавязковым строгім выкананнем усіх тэхналагічных працэсаў. «Жарабковічы» – адзін з лідараў у раёне па вытворчасці мяса і малака. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы за апошнія пяць гадоў павялічылася больш як на 2 000. З 9 515 галоў трэцяя частка – малочныя рагулі. Валавая прывага БРЖ за 2022 год склала амаль 1 500 тон.
Паўнаводныя і малочныя рэкі. Летась атрымалі больш за 18 000 тон малака, а валавы надой на карову склаў 5 947 кілаграмаў. Рэалізавана дзяржаве 16 575 тон малака, з якіх практычна палова гатункам
экстра. Заслуга ў тым калектываў сямі малочнатаварных фермаў, сярод якіх лідарскія пазіцыі займаюць «Чашчы» (брыгадзір Ігар Бубеньчык) – на карову тут маюць па выніках мінулага года
6 699 кілаграмаў. «Чашчы» і «Зарытава» аснашчаны па апошнім слове тэхнікі і маюць камплект высокатэхналагічнага абсталявання.
На МТФ «Зарытава» сярод лепшых гучаць прозвішчы аператараў машыннага даення Зоі Русакевіч, Таццяны Лук’янчык і Вольгі Бойка. У «Шавялях» вынікова шчыруюць Мар’яна Янковіч, Валянціна Лойка і Вольга Пранчак. На адну карову тут летась мелі 5 919 кіла-
грамаў малака. У кампанію ўдойных фермаў хутка далучыцца і малочнатаварная ферма «Падлессе», разлічаная на 1 000 галоў. Зараз адбываецца першая чарга засялення навасельцаў і пабеглі першыя ручайкі надояў.
У планах і будаўніцтва тут жа двух будынкаў – сухастою і радзільнага адзяленняў.
Капітальна адрамантаваны будынак цялятніка, таксама ў планах змена профілю фермаў «Шавялі» і «Гулічы» ў цялятнікі. Адбываецца паступовы рамонт фермаў і ўзяты курс на інтэнсіўную вытворчасць малака. Вялікія планы ў кіраўніцтва і на ўзвядзенне малочнатаварнай фермы на 1 000 галоў у Тальмінавічах і рэканструкцыю дзеючай фермы. Вядзецца работа па вырабе праектна-каштарыснай дакументацыі на ўзвядзенне ў аграгарадку Жарабковічы забойнага цэха. Сёлета аграгарадкі Падлессе і Жарабковічы ўзмацнілі свой статус газіфікацыяй населеных пунктаў. На газавыя выгоды ў ААТ разлічваюць перавесці і зернесушыльныя комплексы. Усе гэтыя змяненні пацвярджаюць уменне ААТ «Жарабковічы» прадбачыць перспектыву і быць на крок наперадзе рыначных запытаў.
«Сястра» жывёлагадоўлі – раслінаводства, на службе ў якой парк аўтатэхнікі. У ААТ ёй надаецца вялікая ўвага, што пацвярджаецца колькаснай разнастайнасцю – больш за сотню адзінак. Летась набыты пагрузчык «Амкадор-352», жняярка для траў, прэс-падборшчык рулонны, апырсквальнік трактарны і іншае. Напрыканцы 2022 года ў раёне сярод сельгаспрадпрыемстваў праходзіў конкурс на лепшы машынны двор. У «Жарабковічаў» другое месца. У ААТ на чале гэтай службы галоўны інжынер Юрый Рогаўцаў.
«Жарабковічы» славяцца і не растыражаванай у іншых рэгіёнах вытворчасцю – перапрацоўкай рапсу на алей. Міні-завод запрацаваў пяць гадоў назад і сёння цалкам забяспечвае не толькі сваю жывёлу бялковым кормам. Узначальвае ўнікальную вытворчасць
Сяргей Сергіеня. Летась з перапрацаваных 2 259 тон рапса атрымалі 1 434 тоны макухі і 720 тон алею. Рапс у мінулым годзе парадаваў ураджайнасцю – кожны гектар даў 42,6 цэнтнера, а валавы збор склаў 3 831 тону. І гэта за апошнія сем гадоў самы высокі паказчык.
Сельгаспрадпрыемств, акрамя збожжавых і зернебабовых, паспяхова
вырошчвае і бульбу, цукровыя буракі. Дзякуючы старанням працаўнікоў, агранамічнай і іншым службам гаспадарка па ўраджайнасці гэтых культур традыцыйна на вышэйшых прыступках п’едэстала. Так, летась пшаніцы ўрадзіла 64,7 цэнтнера на круг, а ячменю – 89 цэнтнераў з гектара.

Дзякуй за працу!


Кіраўніцтва ААТ заахвочвае перадавікоў, а  прафсаюз арганізоўвае працоўнае спаборніцтва і падводзіць вынікі работы на пасяўной, жніве і ў жывёлагадоўлі. Сёлета пераможцамі на перадпасяўной апрацоўцы глебы аб’яўлены механізатары Сяргей Юруць, Уладзіслаў Пабягайла і Аляксандр Навумчык. На ворыве вызначыліся Дзмітрый Туцін, Ігар Васілевіч і Сяргей Бурак. Многія з пералічаных працаўнікоў сталі перадавікамі ў іншых намінацыях конкурсу. На ўборцы травяністых кармоў майстар-клас паказвалі Анатолій Чаркас, Уладзімір Сакалоўскі і Аляксей Зянько. Першымі на ўнясенні мінеральных удабрэнняў названы Андрэй Дзянішчык, Юрый Булко і Яўгеній Тарабаш.
Працаўнікі «Жарабковічаў» вызначаюцца і на раённым, абласным узроўнях. Спатрэбіцца шмат часу пералічваць усе мінулыя дасягненні, абагульніць можна так: калі праводзіцца спаборніцтва, то жарабковіцкія сярод пераможцаў. На леташніх раённых «Дажынках» у аграгарадку Навасёлкі гучалі апладысменты ў гонар лепшых камбайнераў, сярод якіх Андрэй Дзянішчык, Віктар Клемяня,
Георгій Жук, Уладзімір Баўтрукевіч, Сяргей Бурак, партрэт якога змешчаны на Галерэі славы Ляхавіцкага раёна.
Міхаіл Праневіч, Ігар Каўроўскі, Вячаслаў Шклянік – вадзіцелі, якія таксама атрымалі ўзнагароды на свяце ўраджаю.
– Галоўная каштоўнасць жарабковіцкага краю – людзі. Працавітыя і добрасумленныя, якія здольны ў тэрмін пасеяць, сабраць ураджай без страт, дагледзець жывёлу так, каб былі прывагі і надоі. Пашанцавала з намеснікамі Леанідам Варвашэвічам, Аленай Навалочка і
Сяргеем Калядой. Кожны – аўтарытэтны прафесіянал. Ведаюць сваю справу і спецыялісты гаспадаркі. Любім сваю зямлю і з задавальненнем працуем на ёй, – адзначае дырэктар ААТ «Жарабковічы» Антон Булаты, які кіруе гаспадаркай,
што стала для яго месцам росту і сілы, з 2016 года. Пра сельгасвытворчасць ведае не па кніжках – сам мясцовы, пачынаў трактарыстам, быў аграномам, займаў пасаду намесніка дырэктара.
Гаспадарка – адзінае месца працы і яшчэ для 16 працаўнікоў. Сярод іх галоўны бухгалтар Таццяна Герус, інжынер па механізацыі працаёмкіх працэсаў Валерый Кудзін, галоўны заатэхнік Леанід Новік, галоўны энергетык Васілій Селяйковіч, кіраўнік участка Аляксей Навалочка, бухгалтары Вольга Кухарчык і Людміла Войтуль, прараб Людміла Мікуліч і іншыя. Людміла Мікуліч, дарэчы, шмат гадоў узначальвае прафсаюзную пярвічку. У «Жарабковічах» лічаць: каб добра працаваць, трэба ўмець адпачываць. Таму для працаўнікоў прафсаюз арганізоўвае экскурсіі і паездкі, туры выхаднога дня ў санаторыі і г. д. А мясцовая каманда спартсменаў заўсёды ў ліку лепшых на разнастайных спаборніцтвах.
Пацвярджэннем папулярнасці гаспадаркі з’яўляецца і той факт, што з больш як пяці сотняў работнікаў 79 чалавек – узростам да 31 года і ўсе члены БРСМ. Кіруе пярвічкай малады аграном Віктар Навумчык.
Асобна пра жарабковіцкае ўменне гасцінна сустрэць і смачна накарміць. Калі быць дакладным, то стравы канюхоўскай сталовай выклікаюць жаданне яшчэ раз вярнуцца сюды за дабаўкай. Загадчыца сталовай Ганна Барташэвіч і старшы повар Ірына Грамак адказваюць за абеды мясцовых і начаўскіх працаўнікоў і кормяць іх па-дамашняму сытна.
Яшчэ адным доказам таго, што ў гаспадарцы клапоцяцца пра сваіх людзей, з’яўляюцца тры фірменныя магазіны – у Зарытаве, Падлессі і Тальмінавічах, дзе на тавары мінімальныя гандлёвыя надбаўкі і разнастайны асартымент.
75 гадоў – доўгі шлях для гаспадаркі? Не, гэта старт для новых планаў і прадаўжэння пачатага.
– Шчыра віншую землякоў з юбілеем. Нізкі паклон вам за плённую працу! За ўсё дзякуй ветэранам сельгаспрадпрыемства. Няхай жарабковіцкі каравай заўсёды будзе важкім і смачным, а жыццё радуе шчаслівымі падзеямі і працоўнымі поспехамі. Здароўя, дабрабыту і міру вам і вашым сем’ям, дарагія землякі! –
адрасуе віншаванні калектыву-юбіляру дырэктар сельгаспрадпрыемства Антон Булаты.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота з архіва «ЛВ».