Калі справы аб’ядноўваюць. На чарговым пасяджэнні грамадска-палітычнага цэнтра пры раённым аддзяленні Беларускай партыі «Белая Русь» традыцыйна абмяркоўвалі важныя пытанні

На чарговым пасяджэнні грамадска-палітычнага цэнтра пры раённым аддзяленні Беларускай партыі «Белая Русь» традыцыйна абмяркоўвалі важныя пытанні. Гаварылі пра дзяцей, пра гістарычную памяць і пра тое, як зрабіць жыццё ў раёне лепшым. У сустрэчы прынялі ўдзел старшыня раённага Савета дэпутатаў член савета раённага аддзялення партыі Юрый Чаранкевіч і кіраўнік раённага аддзялення Алег Траццяк.

Асноўны блок пытанняў тычыўся рэалізацыі грамадзянскіх ініцыятыў. Як дапамагчы тым, хто жадае штосьці змяніць да лепшага вакол сябе, і што трэба, каб добрыя пачынанні не засталіся толькі на паперы. Вопытам падзяліліся старшыні Крывошынскага і Востраўскага сельвыканкамаў. Адной з такіх ініцыятыў стала будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі ў аграгарадку Ліпск на месцы знесенага будынка старой канторы. Мясцовае насельніцтва выказала гатоўнасць падтрымаць праект фінансава, расказаў кіраўнік Крывошынскага сельвыканкама Сяргей Баргамон. Даведаліся, якія спартыўныя пляцоўкі ўстанаўліваюцца, колькі яны каштуюць. У выніку вызначылі, што агульная сума праекта складзе 17 000 рублёў. На аснове гэтых даных падрыхтавалі праект грама-дзянскай ініцыятывы «Спорт для ўсіх», які падтрымалі ў райсавеце дэпутатаў і накіравалі ў абласны Савет дэпутатаў. Брэсцкая абласная асацыяцыя мясцовых Саветаў дэпутатаў у рамках абласнога конкурсу выдзеліла больш за 15 000 рублёў на будаўніцтва пляцоўкі. Мясцовае насельніцтва сабрала 1 700 рублёў. На сённяшні дзень праведзена працэдура закупкі, заключаны дагаворы, па якіх да канца ліпеня пляцоўка будзе ўстаноўлена. Акрамя гэтага, летась у сельсавеце было рэалізавана яшчэ дзве ініцыятывы, дзякуючы якім на могілках выдалены аварыйныя дрэвы і ўстаноўлена новая бетонная агароджа, тры кантэйнерныя пляцоўкі.
Вопыт рэалізацыі ініцыятыў маецца і ў Востраўскім сельсавеце. Пра гэта расказаў яго кіраўнік Дзмітрый Гібеж. У Куліках, дзякуючы ініцыятыве мясцовага насельніцтва, з’явіўся павільён, які служыць месцам прыпынку аўтобуса і аўталаўкі. А на могілках у Рагачах устаноўлена агароджа і выдалены аварыйныя дрэвы – і гэта заслуга вяскоўцаў, якія сабралі больш за 3 000 рублёў. Дарэчы, грошы перадавалі і тыя ўраджэнцы населенага пункта, хто зараз жыве далёка ад малой радзімы. Але чые сваякі пахаваны на мясцовых могілках. Сёння ідзе мантаж агароджы на могілках у Востраве. На гэта сабралі 2 600 рублёў жыхары Заполля, Траццякоўцаў, Бярэзак, Падлаззя. Яшчэ каля 4 000 рублёў сабралі востраўскія аграгараджане на выдаленне аварыйных дрэваў на востраўскіх могілках.
– Калі чалавек укладвае ўласныя сродкі ў вырашэнне праблемы, у яго з’яўляецца зусім іншае стаўленне да выніку, і гэта аб’ядноўвае грамадства, – падкрэсліў Алег Траццяк.
Кіраўнік дэпутацкага корпусу Юрый Чаранкевіч адзначыў, што грамадзянскія ініцыятывы – гэта рэальны механізм, які дазваляе людзям уплываць на жыццё сваіх населеных пунктаў.

Адно з пытанняў пасяджэння тычылася прафілактыкі злачыннасці сярод непаўналетніх і моладзі. Намесніка старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталлю Мацкевіч хвалюе, што з пачатку года непаўналетнія ўчынілі 12 парушэнняў правілаў дарожнага руху.
Сярод іх «лідзіруе» кіраванне матацыклам. Юныя аматары хуткай язды атрымліваюць вадзіцельскія правы, але веды ПДР у іх неглыбокія. Тэорыю вывучаюць дзеля экзамену, а не дзеля бяспекі. Дарога ж памылак не даруе, і цана такой недасведчанасці можа быць занадта высокай.
Гаварылі і пра аздараўленне падрастаючага пакалення, летнюю занятасць і эфектыўнасць прымаемых мер прафілактыкі.
У цэнтры ўвагі тэма, якая сёння хвалюе кожнага, хто неабыякавы да сваёй краіны, – гістарычнай памяці. Гаварылі пра тое, як важна перадаваць праўду пра вайну, пра подзвіг продкаў, не фармальна, а так, каб маладыя сэрцы адгукаліся.
Асобная размова прысвечана дзейнасці мясцовага партыйнага аддзялення для сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёна і вырашэння надзённых праблем землякоў.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.