Гарачыя сэрцы супраць надзвычайных сітуацый. У Ляхавіцкім РАНС нясуць службу тыя, хто здольны за лічаныя хвіліны прыняць рашэнне, ад якога залежыць жыццё


25 ліпеня – прафесійнае свята тых, хто змагаецца са стыхіяй і ідзе ў агонь, каб выратаваць іншых. Іх свята – адначасова і гімн мужнасці, і прызнанне нястомнай працы. Гісторыя беларускай пажарнай службы пачалася ў 1853 годзе, калі ў Мінску з’явілася першая прафесійная пажарная каманда. Сёння гэта сучасная, высокатэхналагічная служба, гатовая да любога выкліку. Але галоўная сіла выратавальнікаў-пажарных – не ў машынах і абсталяванні, а ў людзях, адданых справе.
У Ляхавіцкім РАНС таксама нясуць службу тыя, хто здольны за лічаныя хвіліны прыняць рашэнне, ад якога залежыць жыццё. Іх вопыт – гэта загартоўка, якую не атрымаеш ні з аднаго падручніка.
Сёння побач з прафесіяналамі ў адным страі – шэсць маладых супрацоўнікаў РАНС. Зараз яны вучацца быць моцнымі ў любой сітуацыі, браць на сябе адказнасць, не паддавацца паніцы і працаваць у камандзе. Усе прайшлі курсы перападрыхтоўкі і ганарацца сваёй прыналежнасцю да братэрства выратавальнікаў-пажарных.
Нядаўна ў калектыў райаддзела на пасаду выратавальніка-пажарнага ПАСЧ № 1 прыйшоў Віктар Плескацэвіч. Два месяцы назад ён атрымаў дыплом Навагрудскага дзяржаўнага каледжа тэхналогій і бяспекі па спецыяльнасці «тэхнік папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый». Выратавальнікі-пажарныя Данііл Валчкоў і Мікіта Цімашок пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі выбралі кантрактную службу ў ПАСЧ № 1 у Ляхавічах, і час пацвердзіў, што прафесійны выбар зроблены правільна. Мікіта пасля 11 месяцаў службы адзначае, што ў калектыве знайшоў падтрымку і разуменне калег, якія заўсёды імкнуцца падказаць і навучыць. Камандзір ПАСЧ №1 Ігар Русакевіч з’яўляецца настаўнікам маладога спецыяліста і разам з начальнікам дзяжурнай змены Іванам Негарожыным уводзяць яго ў курс справы. Мікіта Цімашок прызнаецца, што добра памятае свой першы выезд на задымленне лазні ў адным з населеных пунктаў Ляхавіччыны. Менавіта тады ён зразумеў сапраўднае значэнне каманднай работы – калі адзін за ўсіх і ўсе за аднаго.
– Галоўнае – не рабіць неабдуманых дзеянняў, а ўважліва слухаць загады камандзіра і начальніка дзяжурнай змены. Канешне, спачатку хваляваўся, каб не падвесці, каб справіцца са страхам. Але сёння ўсё ўжо ў мінулым. І я ганаруся тым, што я – выратавальнік-пажарны, – дзеліцца Мікіта.
Завяршае навучанне і зараз праходзіць практыку на ПАВП № 11
у Ліпску вадзіцель Артур Бохан. Ён выдатна разумее адказнасць, якая ўскладаецца на яго пры дастаўцы калег да месца надзвычайнай сітуацыі.
А вадзіцель Шчэрбаўскага ПАВП № 12 Уладзіслаў Курыловіч нядаўна паказаў сапраўдны майстар-клас, калі разам са старшым матросам-выратавальнікам Асвода Генадзіем Палеевым выратавалі юнака, які вырашыў пераплыць Ведзьму, але зразумеў, што яму не хапае сіл… Дарэчы, у вольны ад нясення службы час матросамі-выратавальнікамі працуюць і дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання РАНС Сяргей Жуган, і выратавальнік-пажарны Віктар Плескацэвіч.
За кожным з маладых работнікаў РАНС замацаваны настаўнікі –
вопытныя супрацоўнікі, якія дапамагаюць «пачаткоўцам» асвоіцца і пераняць навыкі. Настаўнікам Сяргея Жугана стаў дыспетчар з 14-гадовым стажам Уладзімір Будчанін. Для Віктара Плескацэвіча галоўны настаўнік – старшы інструктар-выратавальнік Вадзім Дыдышка, які ў прафесіі амаль два дзесяцігоддзі. Вадзіцелю Артуру Бохану перадае вопыт Генадзій Хмарук, Уладзіславу Курыловічу – вадзіцель ПАВП № 12 Дзмітрый Ліхач.
– Гэта выдатная традыцыя, калі вопытныя супрацоўнікі
перадаюць свае веды і ўменні маладым работнікам. Важна, што калектыў абнаўляецца, расце, у тым ліку і ў прафесіянальным плане. Віншую ўсіх з Днём пажарнай службы! Няхай кожны выезд заканчваецца перамогай, а дома заўсёды чакаюць родныя і блізкія. Моцнага здароўя, мірнага неба і сухіх рукавоў! – адрасуе словы віншавання калегам начальнік РАНС Юрый Буйкевіч.

Да прафесійнага свята супрацоўнікі РАНС адзначаны ўзнагародамі рознай вартасці. Інспектару РАНС Таццяне Калгушкінай уручана Падзяка міністра МНС. Нагрудны знак МНС «Выдатнік» атрымаў старшы інструктар-выратавальнік Тальмінавіцкага ПАВП № 13 Раман Папко, юбілейныя медалі «170 год пажарнай службе Беларусі» – старшы інжынер РАНС Віталій Сідаркевіч, старшы інструктар-выратавальнік Ліпскага ПАВП № 11 Сяргей Зянько, вадзіцель Шчэрбаўскага ПАВП № 12 Дзмітрый Ліхач і вадзіцель Тальмінавіцкага ПАВП № 13 Сяргей Нікулін.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.




