Задачы пастаўлены жорсткія, але выканальныя. Іван ВІТКО, старшыня СВК «Ляхавіцкі»

Жніво – экзамен для ўсіх: улады, кіраўніцтва і спецыялістаў гаспадарак, камбайнераў, вадзіцеляў, аператараў ЗСК, кожнага задзейнічанага на ўборцы працаўніка. Таму патрабаванні Прэзідэнта Беларусі, агучаныя падчас рэспубліканскай селектарнай нарады, жорсткія, але справядлівыя. Што тычыцца непасрэдна нашага сельгаспрадпрыемства, то гатоўнасць уборачнай тэхнікі і сушыльнай гаспадаркі заўжды знаходзіцца на асаблівым кантролі.

На сёння ў «Ляхавіцкім» працуюць тры зернесушыльныя комплексы, адзін з якіх сёлета мадэрнізаваны. Гэтымі днямі на ўборку рапсу выходзілі пяць камбайнаў, на трыцікале – два камбайны. Усе тры ЗСК працуюць у рэжыме максімальнай загрузкі, забяспечваючы своечасовую дапрацоўку збожжа, што паступае на сушку з палёў.
Няма ў нас кадравых праблем. Акрамя пастаянных работнікаў гаспадаркі, у жніве ўдзельнічаюць работнікі іншых арганізацый, а таксама студэнты. Для ўсіх удзельнікаў жніўнай кампаніі-2026 створаны неабходныя бытавыя ўмовы, арганізавана двухразовае гарачае харчаванне, дзейнічае празрыстая сістэма заахвочвання за высокія намалоты. Асноўная задача для нашай гаспадаркі такая ж, як і для іншых, – сабраць вырашчаны ўраджай своечасова і без страт, дакладна захоўваючы ўсе тэхналагічныя рэгламенты. Для нас, аграрыяў, селектарная нарада Прэзідэнта – слушны напамін, дакладны алгарытм дзеянняў. Жніво не даруе абыякавасці, не дазваляе работы «з вокнаў кабінетаў». Трэба мабілізаваць усе рэсурсы, стаўка – на жалезную дысцыпліну. Задачы пастаўлены жорсткія, але выканальныя.