Вакцынацыя і прафілактыка наступаюць на гепатыт
У Сусветным календары здароўя 28 ліпеня пазначаны як Сусветны дзень прафілактыкі вірусных гепатытаў. Такая ўвага
невыпадковая, бо гэтыя хваробы з’яўляюцца актуальнай праблемай ва ўсім свеце. Вірусныя гепатыты – група інфекцыйных захворванняў, якія праяўляюцца ў выглядзе запалення печані, што можа прывесці да цырозу ці анкалогіі печані, маюць вострую і хранічную форму і выклікаюцца вірусамі гепатытаў А, В, С, D, Е, G.
Гепатыты А і Е – вострыя інфекцыйныя захворванні, падобныя па сімптаматыцы і перадаюцца пераважна праз забруджаную ваду, прадукты харчавання і брудныя рукі. Чалавек, які хварэе гепатытам А ці Е, – заразны, таму неабходна абмежаваць кантакт з ім. Варта звярнуць увагу на наступныя сімптомы: адсутнасць апетыту, моцную слабасць і хуткую стамляльнасць, адчуванне цяжару ў вобласці печані, павышэнне тэмпературы цела. Потым наступае жаўтушны перыяд: жаўцеюць склеры, слізістыя і скураныя пакровы і г. д. Пры з’яўленні прыкмет неабходна неадкладна звярнуцца да ўрача. Пацыенты, якія перахварэлі гепатытам А ці Е адзін раз, набываюць імунітэт да гэтых інфекцый. Захаванне правілаў асабістай гігіены, ужыванне чыстай вады, стараннае мыццё садавіны і агародніны –
асноўная прафілактыка гепатытаў А і Е.
Гепатыты В, С, D, G адносяцца да групы парэнтэральных гепатытаў. Перадаюцца праз кроў (пры ін’екцыйным увядзенні наркотыкаў, пры выкарыстанні нестэрыльных інструментаў падчас нанясення татуіровак, пірсінгу, пры правядзенні касметычных, манікюрных і педыкюрных працэдур, медыцынскіх маніпуляцый, звязаных з парушэннем цэласнасці скуры і слізістых абалонак), а таксама ад інфіцыраванай маці да дзіцяці пры родах.
Каб засцерагчыся ад гепатытаў В і С, трэба ведаць, што ў мікраскапічных дозах кроў можа знаходзіцца на брытвах, манікюрных нажніцах, зубных шчотках і іншых прад-
метах асабістай гігіены. Таму пры нанясенні татуіровак, пірсінгу важна, каб гэтыя працэдуры праводзіліся аднаразовымі стэрыльнымі інструментамі.
Вялікая роля ў дзейснай прафілактыцы вірусных гепатытаў адводзіцца вакцынацыі. Вакцыны супраць гепатытаў А і В эфектыўныя і бяспечныя, выкарыстоўваюцца на працягу многіх гадоў у многіх краінах свету. У Беларусі імунізацыя насельніцтва супраць гепатыту В праводзіцца ў межах Нацыянальнага календара
прафілактычных прышчэпак, робіцца яна бясплатна дзецям і дарослым, якія раней не былі прышчэплены. А вакцыну ад гепатыту А таксама можна атрымаць бясплатна, але па эпідэміялагічных паказчыках. Супрацьвіруснае лячэнне пры хранічным гепатыце
В не дазваляе поўнасцю выдаліць вірус з арганізму, але дае магчымасць знізіць вірусную нагрузку, што, у сваю чаргу, прыводзіць да зніжэння рызыкі развіцця цырозу ці раку печані.
Вакцына супраць гепатыту С пакуль не распрацавана. Разам з тым, дасягнуты значныя поспехі ў лячэнні хранічнага гепатыту С.
Прарыў у лячэнні звязаны са з’яўленнем новых высокаэфектыўных і бяспечных прэпаратаў, якія дазваляюць поўнасцю вылечыцца ад гепатыту С.
Вось чаму важна своечасова дыягнаставаць гэтыя хваробы, а калі захварэлі, то выконваць усе рэкамендацыі ўрача.
Ілья НЕСЦЯРОВІЧ,
урач агульнай практыкі Ляхавіцкай ЦРБ.

