Даведка без ажыятажу. Як і калі можна ў Ляхавіцкай ЦРБ атрымаць медыцынскую даведку

У жніўні, як звычайна, адчувальны ажыятаж у паліклініках.
І звязана гэта з тым, што менавіта ў перыяд, які папярэднічае пачатку новага навучальнага года, павялічваецца колькасць зваротаў за атрыманнем неабходных медыцынскіх даведак пра стан здароўя для афармлення ва ўстановы адукацыі.

Па інфармацыі галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама, прыняты меры, каб пазбегнуць чэргаў у паліклініках і зрабіць атрыманне даведак камфортным і зручным.
Пры выдачы медыцынскай даведкі аб стане здароўя ва ўстановы адукацыі будуць улічвацца дыспансерныя агляды, іншыя медагляды, праведзеныя на працягу 12 месяцаў, што папярэднічаюць месяцу, у якім афармляецца медыцынская даведка пра стан здароўя.
Выдача медыцынскай даведкі будзе ажыццяўляцца на працягу аднаго дня пасля правядзення медыцынскага агляду.

Пры правядзенні медыцынскіх аглядаў 18-гадовым грамадзянам плануецца ўлічваць звесткі, указаныя ў пераводных эпікрызах з дзіцячых паліклінік. Акрамя таго, галоўныя ўрачы ўстаноў аховы здароўя атрымалі ад галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя даручэнне – не прадастаўляць урачам-спецыялістам водпускі ў жніўні.
Якая сітуацыя ў нашым раёне? За каментарыямі «ЛВ» звярнуўся ў райбальніцу.
– Згодна з Пастановай № 83 Міністэрства аховы здароўя «Аб парадку правядзення дыспансерызацыі дарослага і дзіцячага насельніцтва», такога кшталту штогадовае абследаванне здароўя пажадана праходзіць менавіта ў месяц нараджэння дзіцяці. Адпаведная даведка будзе дзейнічаць на працягу 12 месяцаў. Напрыклад, калі маленькі пацыент атрымаў даведку аб праходжанні дыспансерызацыі і ацэнцы стану здароўя 28 красавіка 2026 года, то дакумент дзейнічае да 28 красавіка 2027 года, і няма ніякай неабходнасці паўтараць такое
медыцынскае абследаванне перад пачаткам бягучага навучальнага года ў тым жа жніўні. Іншая справа – рабяты, што ўпершыню пойдуць у школу.  У Ляхавіцкім раёне 156 будучых першакласнікаў напярэдадні 2026/2027 навучальнага года павінны атрымаць медыцынскую даведку. Па стане на 24 ліпеня амаль 100 дзяцей маюць такую даведку.  Не варта адкладваць важную справу на апошні момант. Пра клопат бацькоў аб здароўі сваіх дзяцей гаворыць і той факт, што 60 працэнтаў дзяцей ва ўзросце да 18 гадоў прайшлі дыспансерызацыю, – расказала ўрач педыятр раённы Інэса Драздовіч.

Галіна КАНЬКО.