«Жарабковічы» на тысячнікаў багатыя. Жніўныя палеткі ААТ «Жарабковічы» сёлета вельмі радуюць высокай ураджайнасцю і шчодрымі намалотамі

Жніўныя палеткі ААТ «Жарабковічы» сёлета вельмі радуюць высокай ураджайнасцю і шчодрымі намалотамі. На гэтым акцэнтаваў увагу першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік райсельгасхарчу Васілій Пыжык падчас ушанавання перадавікоў уборачнай кампаніі-2026

З байка на «МАЗ»

На рапсавым полі за Улазавічамі – гаманліва і ўрачыста. У цэнтры ўвагі – Юрый Шклянік, які першым на Ляхавіччыне на сёлетнім жніве перавёз тысячу тон збожжа ад камбайнаў. З працоўнай
перамогай перадавіка-вадзіцеля прыехалі павіншаваць першы намеснік старшыні райвыканкама Васілій Пыжык, дырэктар
ААТ «Жарабковічы» Андрэй Новік, а таксама прадстаўнікі аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, райсельгасхарчу, прафсаюза аграрыяў. Вадзіцелю-тысячніку ўручаны падарункі, салодкасці, вымпелы, а на кабіне яго МАЗа заззяла пацвярджэнне першай тысячы перавезенага новага ўраджаю. І неў-
забаве над шчодрым рапсавым полем (у сярэднім кожны жарабковіцкі гектар аддзячыў аграрыям больш чым чатырма дзясяткамі цэнтнераў) разнеслася музычнае віншаванне ад самадзейных артыстаў Жарабковіцкага СДК.
На віншаванне – дзясятак хвілін. І «МАЗ» вадзіцеля-тысячніка памчаў за чарговай порцыяй намалотаў.

Юрый Шклянік – патомны сельгаспрацаўнік, родам з Зубелевічаў, колішні выпускнік Ляхавіцкага аграрнага каледжа. Маці была загадчыцай фермы ў Зубелевічах, бацька працаваў асемянатарам. Так склаўся лёс, што пэўны час Юрый працаваў у лясгасе. А з 2022 года ён вадзіцель у «Жарабковічах». А першае жніво ў працоўнай біяграфіі Юрыя Шкляніка здарылася, калі ён быў яшчэ навучэнцам каледжа.
– Тэхнікай захапляюся з падлеткавага ўзросту. У сваім МАЗе ведаю кожную дэталь і абавязкова сам рыхтую аўтамабіль да выхаду ў рэйс. Сёлета ў нашай гаспадарцы выдатны ўраджай. Лічу, што мне проста
пашчасціла стаць першым вадзіцелем, які перавёз тысячу тон збожжа ў раёне. Іншыя вадзіцелі працуюць не менш сама-
аддана і вынікова, кожны разумее, хвіліна сёння – на вагу золата. Ні ў якім разе не забываем пра акуратнасць і беражлівасць. Хоць і люблю хуткую язду, але разумею, што везці зерне трэба так, каб кожнае зярнятка трапіла на КЗС. У гэтым годзе зерне патрабуе больш значнай дасушкі. Звычайна першы свой рэйс пачынаю ў 9-10 гадзін раніцы, а апошні, здараецца, прыпадае і на 10 гадзін вечара, многае залежыць ад надвор’я, стану палёў. Пасля дажджу МАЗ можа і не праехаць па вельмі мокрым полі, – расказвае Юрый Шклянік і дзеліцца меркаваннем пра камандную вадзіцельскую атмасферу ў «Жарабковічах»:
– Мы дружныя не на словах, а на справе. Трэба дапамагчы адзін аднаму ў рамонце аўтамабіля – ніколі не пачуеш адмовы. Калі па дарозе бачыш, што нехта з вадзіцеляў спыніўся, абавязкова пацікавішся, чым можна дапамагчы. Такія ўзаемавыручка і ўзаемападтрымка важныя.

Тэхніка не толькі асноўны прафесійны кампаньён для Юрыя Шкляніка, але і любімы яго занятак. З юнацтва наш зямляк сябруе з матацыкламі. Ён заўзяты байкер, удзельнік разнастайных байкерскіх фестываляў. І не толькі сам «ганяе» на матацыклах, квадрацыклах, але і перадаў байкерскі запал сваёй 15-гадовай дачцэ. А яшчэ Юрый Шклянік сапраўдны профі ў рамонце аўта-мотатэхнікі. Не дзіўна, што
да яго па тэхнічныя парады і практычную дапамогу звяртаюцца
не толькі жыхары Ляхавіччыны, але і з іншых раёнаў.
Захапленні – захапленнямі, а ўсё ж першачарговай на сёння,
па словах Юрыя Шкляніка, з’яўляецца галоўная аграрная задача: беражліва і без страт даставіць на элеватар намалочны ўраджай. Будзе краіна з хлебам, значыць палепшыцца дабрабыт і сельгаспрацаўнікоў.

Маладым фора не патрэбна

Сярод герояў жніва другі год запар і малады вадзіцель
ААТ «Жарабковічы» Уладзіслаў Бурак. Яшчэ летась у першае
дэбютнае жніво ў якасці вадзіцеля яго прозвішча ўпрыгожвала раённую Дошку гонару ў спаборніцтве сярод маладых вадзіцеляў.
І сёлета Уладзіслаў зноў першы на Ляхавіччыне малады вадзіцель, які перавёз тысячу тон збожжа. Да поўнай перамогі ў тым ліку і сярод «дарослых» вадзіцеляў яму не хапіла некалькіх рэйсаў, каб перагнаць свайго больш вопытнага калегу Юрыя Шкляніка. У гаспадарцы, нягледзячы на малады ўзрост і адносна невялікі працоўны стаж, Уладзіслава  Бурака паважаюць, бо ўпэўнены, што за такой моладдзю – адказнай і працавітай – будучыня.
– Уладзіслаў  Бурак – сапраўдны малайчына. Яму можна даверыць любую вадзіцельскую справу. Канешне, зацікаўлены ў такіх кадрах. Пакуль Уладзіслаў жыве з бацькамі ў Жарабковічах, але калі створыць уласную сям’ю, то гаспадарка дапаможа з жыллём, – адзначае начальнік па ідэалагічнай рабоце, юрыдычных, кадра-вых і сацыяльных пытаннях  ААТ «Жарабковічы» Святлана Новік.

З чарговай працоўнай перамогай юнака павіншавалі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі аграрных прафсаюзаў, сельгаспрадпрыемства і аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.