Госцяй студыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё нядаўна стала бібліятэкар з Падлесся Ляхавіцкага раёна
Госцяй студыі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё нядаўна стала бібліятэкар з Падлесся Ларыса Глеб

Яе запрасілі ў эфір не выпадкова: менавіта яна з’яўляецца аўтарам тэкстаў для песень блогера Яўгена Гуляша —саліста Нацыянальнага Акадэмічнага хору імя Цітовіча.
Размова ў прамым эфіры атрымалася цёплай і шчырай. Ларыса Мікалаеўна падзялілася, адкуль чэрпае натхненне для сваёй творчасці.
Бібліятэкар расказала слухачам і пра адметныя падзеі ў культурным жыцці рэгіёна, у прыватнасці — пра фестываль народнай творчасці «З крыніц спрадвечных», які штогод збірае ў Грушаўцы таленты Палесся. Яна падкрэсліла важнасць такіх мерапрыемстваў для захавання нематэрыяльнай культурнай спадчыны.

Падлеская сельская бібліятэка — важная частка жыцця Ларысы Глеб. Гэта не проста кніжнае сховішча, а сапраўдны культурны цэнтр вёскі, дзе ладзяцца сустрэчы з пісьменнікамі, майстар-класы для дзяцей і працуе бібліягурток «Гарэзлікі». Менавіта тут часта нараджаюцца сюжэты новых твораў.
Госця парадавала радыёаматараў вясёлымі сямейнымі байкамі, поўнымі гумару і лёгкай самаіроніі, выклікаўшы ўсмешкі ў студыі. А напрыканцы праграмы прагучалі сур’ёзныя і ўзнёслыя радкі. Ларыса Глеб прадставіла свой верш, прысвечаны беларускай мове.
Эфір з бібліятэкарам-паэтэсай стаў напамінам пра тое, што сапраўднае мастацтва жыве там, дзе ёсць любоў да роднага краю, павага да продкаў і невычэрпная крыніца народнай мудрасці.


