Нашы духоўныя карані

Фота БЕЛТА

Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл пабываў з афіцыйным візітам у Мінску. Візіт быў прымеркаваны да 1000-годдзя спачыну хрысціцеля Русі святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра, а таксама да святкавання памяці Сабора беларускіх святых і да 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з высокім госцем у Палацы Незалежнасці.
Падчас размовы Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў Беларусі жывуць прадстаўнікі розных веравызнанняў, у пытаннях рэлігіі «людзі самі вырашаюць, дзе ім быць, як ім быць».

«Я не бачу ніякіх праблем ва ўзаемаадносінах нашых вернікаў. Мы гэта вельмі цэнім і будзем берагчы, наколькі гэта магчыма», – падкрэсліў Прэзідэнт.
Важнасць гэтага даказвае сітуацыя ва Украіне. Канфлікт тут пачаўся менавіта з расколу ў царкве, «калі было здраджана духоўным каштоўнасцям, калі яны сталі зневажацца». «Усё гэта перайшло ў плоскасць ужо ваеннага процістаяння», – заявіў беларускі лідар і падкрэсліў, што міратворчая місія Беларусі па ўрэгуляванні сітуацыі ва Украіне вядома.
Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл назваў тое, што адбываецца ў брацкай нам краіне жалем: «Гэта сапраўды рана на сэрцы».
Прэзідэнт выказаў удзячнасць Патрыярху Кірылу за ўсё, што ён робіць для Беларусі. У краіне ўсе добра ведаюць падзвіжніцкую ролю Патрыярха, яго стаўленне да краіны. Беларусь – гэта славянская калыска, дадаў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, Патрыярх Кірыл неаднаразова бываў у Беларусі і мог на свае вочы пераканацца, наколькі адданыя беларусы духоўным караням і каштоўнасцям.
Прадстаяцель РПЦ расказаў, што асабліва хацеў наведаць Беларусь у год 70-годдзя Перамогі. Ён падкрэсліў, што Беларусь адыграла асаблівую ролю ў Вялікай Перамозе, і ў год яе 70-годдзя лічыць сваім абавязкам пакланіцца героям, якія загінулі за свабоду і незалежнасць Айчыны.
Патрыярх Кірыл уручыў Прэзідэнту Беларусі ордэн прападобнага Серафіма Сароўскага І ступені, а таксама перадаў у дар абраз святога роўнаапостальнага князя Уладзіміра.
Аляксандр Лукашэнка перадаў у дар Патрыярху абраз «Анёл-ахоўнік». Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы правёў для Патрыярха кароткую экскурсію па залах Палаца Незалежнасці.
Пасля сустрэчы з Прэзідэнтам і ўскладання вянкоў да манумента Перамогі Свяцейшы Патрыярх Кірыл у Мінскім Свята-Духавым кафедральным саборы ўдзельнічаў у Богаслужэнні. У гэты ж дзень ён прыняў удзел у адкрыцці новага Духоўна-адукацыйнага цэнтра Беларускай Праваслаўнай царквы.
А потым на маршруце  Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла быў Брэст, дзе ў Свята-Уваскрэсенскім саборы ён правёў Боскую літургію, у Мікалаеўскім гарнізонным храме Брэсцкай крэпасці адслужыў кароткую памінальную літыю па загінулых воінах і прыняў удзел у мітынгу-рэквіеме.

Каб неба  было  мірным

Мітынг-рэквіем, прысвечаны 74-й гадавіне пачатку Вялікай Айчыннай вайны, адбыўся ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой». Жалобная цырымонія па традыцыі пачалася ў 4 гадзіны раніцы. Да гэтага ўсе яе ўдзельнікі прайшлі своеасаблівай дарогай у мінулае. На працягу ўсяго шляху ад увахода ў мемарыял «Зорка» да плошчы Цырыманіялаў рэканструктары ўзнаўлялі эпізоды апошняга мірнага вечара ў цытадэлі над Бугам.
Пагранічнікі па традыцыі спусцілі на воды Буга вянкі са свечкамі, запаленымі ад Вечнага агню мемарыяла. Адначасова гірлянды з кветак былі ўскладзены да пліт некропаля. Вянкі да Вечнага агню ўсклалі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатолій Ліс і Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл. Мінуту маўчання на плошчы мемарыяла разрадзілі залпы ружэйнага салюту.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў мітынгу-рэквіема, Анатолій Ліс адзначыў, што памяць аб ваенных падзеях з’яўляецца сапраўды ўсенароднай і не мае нацыянальных і дзяржаўных граніц. Пацвярджэнне гэтага – тысячы людзей, якія штогод прыязджаюць у Брэсцкую  крэпасць з розных краін, каб аддаць даніну павагі загінулым героям. Вялікі гонар для ўсіх, што гэты Дзень памяці і смутку з прысутнымі раздзяляе Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Кірыл.
Са словамі падзякі губернатар звярнуўся да ветэранаў, пажадаў ім здароўя і даўгалецця, а моладзі – вучыцца ў іх стойкасці, мужнасці і вернасці Радзіме. «Жадаю ўсім, каб неба над нашай зямлёй заўсёды было мірным, а Брэсцкая крэпасць заставалася месцам памяці аб гераізме, славе і велічы атрыманай перамогі», – рэзюмаваў кіраўнік Брэсцкай вобласці.
Пасля мітынгу Анатолій Ліс і Патрыярх Кірыл падышлі для кароткай гутаркі з ветэранамі. Потым прадстаяцель РПЦ наведаў музей абароны Брэсцкай крэпасці.
Па матэрыялах БЕЛТА .

Фота БЕЛТА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *