Каб абед у полі быў смачны. «ЛВ» пацікавіўся, як у Ляхавіцкім раёне кормяць удзельнікаў масавых палявых работ

З году ў год прафсаюзы сумесна са спецыялістамі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама, райЦГіЭ манітораць, як на ўборачнай выконваюцца патрабаванні аховы працы, арганізацыі харчавання ўдзельнікаў жніва і іншыя бытавыя ўмовы сельгасвытворцаў.
– Адна з асноўных мэт – непасрэдна на месцы азнаёміцца, як у сельгаспрадпрыемствах арганізавана забеспячэнне гарачымі абедамі і падвячоркамі ўдзельнікаў масавых палявых работ, – гаворыць старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў АПК Вольга Анікей. Увага звяртаецца на якасць прадуктаў і гатовых страў, умовы харчавання, наяўнасць посуду і абсталявання, своечасовасць дастаўкі страў у поле і іншыя аспекты.
Вольга Анікей адзначае, што на балансе сельгаспрадпрыемстваў зараз знаходзіцца пяць аб’ектаў грамадскага харчавання – у ААТ «Шлях новы», «Жарабковічы», «Ляхавіцкі льнозавод», ЗАТ «Белпрампрыбор», СУП «Ліпнянка».
Астатнія гаспадаркі таксама арганізоўваюць гарачае харчаванне.
Сталовая на колах прыязджае на палявы стан выключна па графіку:
на ўборцы ўраджаю хлебаробы выкарыстоўваюць кожную хвіліну
добрага надвор’я, таму перапынак на прыём ежы мінімальны. Такі строгі расклад харчавання работнікаў і ў ААТ «Шлях новы». На якім бы ўчастку (а гаспадарка займае значную плошчу на тэрыторыі некалькіх сельсаветаў) ні шчыравалі тутэйшыя працаўнікі, абеды і падвячоркі заўжды дастаўляюцца з полымя, з жару са сталовай гаспадаркі, якая знаходзіцца ў аграгарадку Навасёлкі. За шмат гадоў работнікі сталовай дасканала вывучылі апетыты і смакавыя прыхільнасці механізатараў, але ўсё ж абавязкова цікавяцца, якія стравы найбольш падабаюцца, што новенькага жадаюць пакаштаваць. Работнікі сталовай гатуюць з любоўю, разумеюць, што ад ежы залежаць і сіла, і настрой удзельнікаў жніва.
– Штодня з сямі гадзін раніцы пачынаем смажыць-варыць-гатаваць.
Гатуем выключна для тых, хто працуе ў «Шляху новым» – у сярэднім у дзень 90 абедаў, 45 падвячоркаў, 8 порцый для работнікаў зернетакоў, якія працуюць у начную змену. Стараемся разнастаіць меню, каб стравы былі смачнымі, не горш, чым дома. Вось, напрыклад, меню аднаго дня: на абед прапануем халаднік, бульбу тушаную з мясам, агуркі салёныя, кампот, хлеб; на падвячорак – макароны па-флоцку, салат з капусты, морс, батон, хлеб, – расказвае загадчык сталовай Роза Дымар.
Намеснік дырэктара ААТ «Шлях новы» Таццяна Гатоўчыц расказала пра тое, што сёлета абедзенную залу ў сталовай упрыгожылі новыя сталы, на чарзе далейшае абнаўленне мэблі. Транспарт для перавозкі страў уладкаваны ўсім неабходным.
– Як і ў папярэднія гады, тыя, хто харчуецца ў полі, плацяць за два
прыёмы ежы ў дзень сімвалічную суму – усяго 10 працэнтаў ад агульнага кошту, – адзначае намеснік дырэктара гаспадаркі.
Не менш, чым вытворчым момантам, надаецца ўвага арганізацыі харчавання і ў ААТ «Жарабковічы». Штодзень дастаўляецца на поле, зернетакі, у розныя кропкі раёна ў сярэднім 190 абедаў і каля 90 падвячоркаў са сталовай таварыства. І гэта для работнікаў «Жарабковічаў». Акрамя таго, у сталовай у Канюхах гатуюцца стравы і для працаўнікоў ААТ «Нача», СВК «Ляхавіцкі», ільнонасенстацыі.
– Стравы едуць на спецыяльна абсталяваных аўтамабілях прама на палявы стан ці на зернетакі.
Выконваюцца ўсе санітарныя патрабаванні: стравы – у тэрмасах, посуд – у кантэйнерах, для мыцця рук – вада ў бітонах, сурвэткі. На пастаяннай аснове абнаўляем посуд. Так, сёлета закупілі новыя тэрмасы для пітной вады і для ежы. У абавязковым парадку
маніторым і якасць харчавання, і тое, ці задавальняе меню людзей. Асноўныя траты – 90 працэнтаў ад агульнага кошту бярэ на сябе гаспадарка, работнікі аплачваюць толькі 10 працэнтаў. Імкнёмся набываць прадукцыю напрамую ў прадпрыемстваў, частка – уласнай вытворчасці.
Курыруе хлебаробскае меню загадчыца сталовай Таццяна Ксёнжык, акрамя яе, у сталовай працуюць яшчэ шэсць чалавек, – адзначае начальнік па ідэалагічнай рабоце, юрыдычных, кадравых і сацыяльных пытаннях ААТ «Жарабковічы» Святлана Новік.
– Рытм адразу задаём высокі, каб паспець нагатаваць стравы да
адвозу ў поле і добра накарміць тых, хто працуе ў полі ці на майстэрнях. Канешне, прыемна, калі чуем у полі словы падзякі, для нас важна, каб хлебаробы былі задаволены, – гаворыць Таццяна Ксёнжык.
А фінальнай кропкай у расказе пра арганізацыю харчавання на жніве па праве стануць водгукі непасрэдных удзельнікаў уборачнай кампаіі, тых, для каго і арганізавана харчаванне ў палях. «ЛВ», калі робіць рэпартажы са жніва, цікавіцца і тэмай харчавання. Дык вось, калі аб’яднаць меркаванні, то атрымаецца агульнае: кормяць смачна, як дома.
Галіна КАНЬКО.

