Навальніца са слядамі. У чацвер днём і ноччу праз Ляхавіччыну праходзіў навальнічны фронт з моцнымі дажджамі

У чацвер днём і ноччу праз Ляхавіччыну праходзіў навальнічны фронт з моцнымі дажджамі. Без наступстваў не абышлося. У вёсцы Зарытава ў выніку пападання маланкі ў дах жылога дома адбылося ўзгаранне кастрыцы. Дзякуючы аператыўным дзеянням выратавальнікаў-пажарных пацярпелых няма, агонь не пашкодзіў дах і маёмасць.

І начная навальніца значных слядоў на тэрыторыі нашага раёна не пакінула. На сайце РУП «Брэстэнерга» паведамляецца пра аварыйнае адключэнне электразабес-пячэння ў аграгарадку Нача з адзнакай «ухілена». Кропкавыя адключэнні маюцца і ў іншых населеных пунктах раёна. Ляхавіцкія энергетыкі працуюць з шасці гадзін раніцы над аднаўленнем электразабеспячэння.
У РАНС адзначылі, што іх падраздзяленні на выклікі не выязджалі, і паведамленняў пра здарэнні ў райаддзел не паступала.

Наогул жа, непагадзь даставіла нямала непрыемнасцяў жыхарам розных рэгіёнаў. Па інфармацыі энергетыкаў, на Брэстчыне найбольш пацярпелі Брэсцкі, Жабінкаўскі, Пружанскі, Пінскі і Лунінецкі раёны. Уначы ў рэгіёне наступствы разгулу стыхіі ліквідавалі 59 брыгад энергетыкаў і 73 адзінкі спецтэхнікі.