“Радавод” збірае сяброў

Напрыканцы мінулага тыдня Івацэвічы гасцінна сустракалі ўдзельнікаў ІV адкрытага фестывалю фальклорнага мастацтва “Радавод” – фальклорныя калектывы з усіх раёнаў Брэстчыны, а таксама гасцей з Расіі, Украіны, Польшчы.
Ляхавіччыну на фэсце прадстаўляла шматлікая дэлегацыя ў складзе ансамбля “Конькаўскія музыкі” (кіраўнік Аліна Болтуць) Федзюкоўскага ДС-САШ, фальклорныя калектывы “Весялушкі” (кіраўнік Святлана Дыдышка) Ліпскай САШ, “Кужалёк” (кіраўнік Наталля Сідор) САШ № 1, а таксама майстры з цэнтра пазашкольнай работы.
Гледачам, удзельнікам і гасцям фестывалю даспадобы прыйшлася прэзентацыя-выстава страў “Бабуліна кухня”, якую падрыхтавалі выхаванцы і педагогі цэнтра пазашкольнай работы. Ад жадаючых пакаштаваць салёныя грузды, піражкі з капустай, рэвенем, шчаўем, дранікі, дамашнюю каўбасу не было адбою. Старажытныя рэцэпты дапытлівыя гаспадыні на выставе перапісвалі, каб прыгатаваць для сваіх родных і блізкіх.
Шырока была прадстаўлена і выстава работ дэкаратыўна-прыкладной творчасці ЦПР, якая была аформлена цікава і з густам. Малыя і дарослыя з задавальненнем фатаграфаваліся на фоне цудоўных работ з саломы, ільну, вышыванак і ручнікоў, вышытых бабулямі і прабабулямі.
Цэнтр пазашкольнай работы адзначаны дыпломам за выставу народнай творчасці і “Бабуліну кухню”, а калектывы “Весялушкі”, “Кужалёк”, “Конькаўскія музыкі” – дыпломамі за высокае выканаўчае майстэрства.
І канешне, галоўным падарункам для ўсіх удзельнікаў фестывалю стала сяброўская атмасфера разумення, падтрымкі і зацікаўленасці людзей розных пакаленняў, якія аб’яднаны любоўю да культуры, звычак і традыцый свайго народа.
Галіна ШАЙКОЎСКАЯ, намеснік дырэктара цэнтра пазашкольнай работы.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *