Калі сям’я ў полі. На жніўных палетках Ляхавіччыны сёлета працуе 10 сямейных экіпажаў
На жніўных палетках Ляхавіччыны сёлета працуе 10 сямейных экіпажаў, у якіх поплеч – сын ці дачка з бацькам, муж і жонка, сястра і брат… Хтосьці выбраў такі працоўны фармат упершыню, а для кагосьці гэта ўжо шматгадовая традыцыя. Але аб’ядноўвае іх адно – жаданне разам дапамагаць агульнай справе.

Бацькава спадчына
У СВК «Ляхавіцкі» шчыруюць два сямейныя экіпажы. Не змяняе штогадовай традыцыі сям’я Граблюкоў – Генадзій і яго дачка Марта. Марта – інжынер па падрыхтоўцы кадраў Ляхавіцкага лясгаса –
стала сваёй у сельгаспрадпрыемстве, дзе ўсесезонна на розных відах работ і транспарту шчыруе родны чалавек. Генадзій некалі быў у камандзе з сынам, а ўжо дзясяты сезон з дачкой. Дарэчы, сёлета старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў лесу і прыродакарыстання Юрый Шумскі прама ў полі ўручыў Марце Падзячнае пісьмо галіновага прафсаюза.
Разам вырашаюць галоўную задачу жніва бацька і сын Дзмітрый і Арцём Шклянікі. Другі сезон яны працуюць побач, але іх хлебная гісторыя пачалася значна раней. Старшы камбайнер адзначае, што сын з дзяцінства пераняў любоў да тэхнікі і хлебаробскай справы і, можна сказаць, вырас у трактары і кабіне камбайна –
такая была цікавасць да таго, чым займаецца бацька. Арцём – старшы інструктар-выратавальнік Ляхавіцкай ПАВЧ № 1, дзеля жніва спецыяльна ўзяў водпуск. Спецыяльна атрымаў правы трактарыста-машыніста, каб стаць памочнікам роднаму чалавеку.
Не прыйшлося яму тлумачыць азы прафесіі – сын з дзяцінства ўсё бачыў на ўласныя вочы і галоўнае засвоіў без лішніх слоў. У лепшы дзень іх вынік – амаль 13 бункераў за змену, а гэта 76 тон!
У ААТ «Шлях новы» з дзевяці экіпажаў – тры сямейныя. Вызначаюцца плённай працай бацька з сынам Міхаіл і Сяргей Скрунда. Галава сям’і трымае тэмп, перадаючы вопыт малодшаму пакаленню.
Пяты сезон у напарніках у Аляксандра Цімашка сын Сяргей, які такім чынам традыцыйна праводзіць водпуск. Для іх гэта магчымасць быць разам, рабіць агульную справу і захоўваць сямейныя каштоўнасці.
У ААТ «Нача» на полі разам бацька і дачка Сяргей і Ганна Кудравец. Летась старшаму камбайнеру дапамагала дачка Ева, а сёлета яе эстафету прыняла малодшая сястра.
Прыклад таго, як сямейная згуртаванасць перарастае ў сапраўдную каманду, якой па сілах складаныя задачы, – экіпаж Віталія і Яўгенія Саганаў з СУП «Ліпнянка». Бацька і сын ужо не першы сезон разам у адной кабіне камбайна. Віталій – вопытны камбайнер, за плячамі якога не адна ўборачная кампанія. Ён ведае поле, тэхніку і тонкасці працы да дробязяў. Яўгеній раўняецца на бацьку і пераймае яго майстэрства, але разам з тым прыўносіць і свой падыход – сучасны, дынамічны.
У ААТ «Жарабковічы» таксама ў павазе сямейныя экіпажы. Адзін з іх – Вітко. Бацька Аляксандр – вопытны камбайнер з вялікім стажам, сын Максім – малады, але ўжо дастаткова дасведчаны памочнік, які пераняў ад бацькі галоўнае – любоў да тэхнікі і павагу да хлебаробскай справы. Разам яны ўбіраюць збожжа, і кожны бункер – іх агульная перамога. Яны дапа-
магаюць адзін аднаму не толькі ў рабоце, але і ў тым, каб захоўваць галоўнае – сямейны дух, які робіць іх не проста калегамі, а сапраўднай камандай.

Родныя людзі – надзейны тыл
У ААТ «Жарабковічы» ёсць экіпаж, які побач не толькі ў полі, але і ў жыцці, – Сяргей і Анастасія Каралёвы. Разам яны з 2008 года. Галава сям’і жартуе, што менавіта ў гэты год атрымаў новы трактар. Гавораць, што праверыць адносіны можна рамонтам, але камбайн не меншае выпрабаванне. Экіпаж знайшоў свой рэцэпт: працаваць зладжана, давяраць адзін аднаму і, галоўнае, паважаць.
– Калі ёсць давер і ўзаемаразуменне, усё атрымліваецца, – дзеліцца
Анастасія. – Важна не стаяць на месцы. Разам і цяжэйшае лягчэй пераносіцца, – падкрэслівае камбайнер Анастасія. І з абавязкамі спраўляецца без скідак на гендарныя стэрэатыпы.
– Мы абодва ведаем, што рабіць. Насця не назірае, а рэальна дапамагае, – падкрэслівае Сяргей. – Калі трэба, і інструмент у рукі возьме, і падкажа, і за руль сядзе.
Камбайн, на якім яны сёлета працуюць упершыню, – КЗС-1218-10 хоць і не з канвеера, але надзейны. Гавораць, што пшаніца сёлета ўрадзіла, тэхніка спраўная – і работа ідзе. Намалоты радуюць і планы на сезон – самыя смелыя. На раённай «жніўнай дошцы гонару» экіпаж Каралёвых адзначаўся сярод лепшых. І, як падкрэсліваюць бацькі, заслуга ў тым і дзяцей – сыноў Захара і Данііла. Старэйшы вучыцца ў Ляхавіцкім аграрным каледжы, і ў гэтыя дні заняты на падпрацоўцы ў гаспадарцы. Малодшы таксама захоплены тэхнікай. Хлопцы не толькі падтрымліваюць бацькоў, але і дапамагаюць – і ў полі, і дома. Яны ўжо гатовыя іх і падмяніць. Узор для іх – і мама, і бацька. Анастасія з тых жанчын, што можа ўсё! Пасля працоўнай змены, якая можа скончыцца і апоўначы, займаецца кансервацыяй, па-майстэрску кіруе аўто. А ў звычайным жыцці працуе ў ААТ вартаўніком.

Дружна – па-братэрску!
У «Жарабковічах» у адной кабіне камбайна таксама шчыруюць брат і сястра – Андрэй і Яна Войтулі. Андрэй па-за полем – механізатар, Яна – жывёлавод.
У ААТ «Шлях новы» нядаўна майстар-клас на жніве паказалі браты Аляксандр і Яўгеній Камінскія, калі сталі першым у раёне сямейным экіпажам-тысячнікам. Іх праца – прыклад таго, як братэрская падтрымка і ўзаемаразуменне дапамагаюць дасягаць высокіх вынікаў.
Сямейныя экіпажы – гэта не толькі выніковая рабочая схема, а цудоўная традыцыя, якая перадаецца з пакалення ў пакаленне. Гэта і ўменне дамаўляцца без лішніх слоў, разумець адзін аднаго з паўслова і разам радавацца выніку сваёй працы. Сямейныя традыцыі – гэта тое, што робіць нас моцнымі. І калі родныя трымаюцца адно аднаго, то любое выпрабаванне па сілах.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

