Тэрыторыя маладога жніва
Узрост на жніве – гэта толькі пытанне для лідарскай дошкі гонару. У многіх намінацыях дыктуюць моду на рэкорды, дыхаюць літаральна ў спіну вопытным калегам маладыя хлебаробы. Для кожнага з іх гэта не сезонная работа, гэта праца на агульны дабрабыт гаспадаркі ды і краіны ў цэлым.

Многія маладыя імёны ўжо гучалі на старонках «ЛВ». Напрыклад, Уладзіслаў Бурак з ААТ «Жарабковічы» першым перавёз запаветную тысячу тон збожжа, а пасля, здаецца, з маладзёжнай спрытнасцю паставіў рэкорд і ў другім тысячным адрэзку. А першая намалочаная тысяча тон здарылася на палях СУП «Белазем’е». Ілья Грачыха і Глеб Ракавец – імёны хлебаробаў, якія прынеслі гаспадарцы маладзёжную хвіліну славы.

Побач з імі працуе яшчэ адзін маладзёжны экіпаж. У жніўным вопыце маладых камбайнераў – уборачная другая. Яны не ў табліцы лідараў, бо выйшлі пазней. Да гэтага былі занятыя на корманарыхтоўцы. Аднак хлебаробы Аляксей Ракавец і Анатолій Высоцкі ўпэўнены, што ў жніве галоўнае – ісці намечаным курсам, зберагаючы ўсе тэхналогіі працэсу.
– Сёлета СУП «Белазем’е» – тэрыторыя для маладога жніва. Тры экіпажы з чатырох па раёне шчыравалі на палях нашай гаспадаркі. І шчыруюць, трэба адзначыць, паспяхова. Зрабілі стаўку на моладзь і не прагадалі. Для нас першая маладзёжная тысяча ў раёне – як глыток энергіі для наступных дасягненняў. Падцягнуўся ў плане лічбы і экіпаж у складзе Ігара Буйкевіча і Паўла Лешука. З мінулага года адчувальны іх прафесійны рост. На рабят можна спадзявацца – яны ў нас шматфункцыянальныя.
На Аляксеі Ракаўцу, напрыклад, лічы, уся корманарыхтоўка. Першы і другі ўкос правёў на касавіцы. Вось і зараз заклалі люцэрну. І адразу
за штурвал камбайна.
Для «Белазем’я» важныя імя і дасягненні кожнага нашага хлебароба, таму і імкнёмся напрыканцы працоўнага дня стварыць віншавальную хвіліну для нашых механізатараў. У кожнага свае рэкорды і лічбы. Нам ёсць куды імкнуцца, аднак ёсць і чаму радавацца, – адзначыў кіраўнік СУП «Белазем’е» Анатолій Ракавец.
Шэсць з дзевяці маладых вадзіцеляў наразаюць рэйсы ад поля да элеватара ў ААТ «Жарабковічы». Набліжаецца да перавезеных двух тысяч тон Аляксандр Лушкевіч. Не адстаюць ад сваіх калег Мікалай Кавалёў, Яўгеній Дыдышка, Артур Якубоўскі.
Два маладыя вадзіцелі намотваюць кіламетры на «ліпнянскіх» палетках – Мікалай Вабішчэвіч і Дзмітрый Пашкевіч.
Жніўную прапанову ад свайго сябра сушыльшчыка СВК «Ляхавіцкі» Аляксандра Левіна прыняў Дзмітрый Баўтрукевіч. І на лета стаў напарнікам на Русінавіцкай ЗСК. Студэнт-чацвёртакурснік БДУФК – наш чалавек! Нават у тым плане, што праз год навучання прыедзе па размеркаванні ў Ляхавіцкую ДЮСШ – зараз вучыцца па мэтавым накіраванні. А пакуль будучы трэнер па футболе трэніруе дысцыплінаванасць, уменне працаваць у камандзе і на агульны вынік у зборнай СВК «Ляхавіцкі».
– Хоць і далёкі ад аграрнай галіны, разумею, на што падпісваюся. Дзякуй кіраўніцтву за давер. Разумею, на якім адказным адрэзку працую, гэта не пра адсядзецца. Тут свая тэхналогія, ЗСК, увогуле ўборачная – цэлая навука. Дзякуй, што ўсім тонкасцям і нюансам навучыў напарнік Аляксандр Левін. Таму сёння стараюся
не падвесці, вучуся кожную хвіліну. Упершыню ў жыцці датыкнуўся да хлебнай справы, каласальная праца, цяпер ведаю кошт
хлеба на стале, – разважае Дзмітрый.
Пра гэты малады экіпаж можна і не расказваць. Іх сацсеткі раскажуць самі пра сваіх аграблогераў. Яна Войтуль сёлета ў памочніках у свайго брата Андрэя. Маладзёжна-сямейны экіпаж працуе на палях ААТ «Жарабковічы».
– Жніво – асобнае жыццё. Гэта спякотнае лета пасярод вялікага лета. Колькі ў гэтым жыцці кадраў, колькі цёплых, шчымлівых сюжэтаў, якімі хочацца падзяліцца з іншымі, хочацца паказаць жыццё людзей, якія кормяць краіну. Для мяне гэта жніво першае, і яно чароўнае. І складана, я і пра гэта расказваю ў сваім ТіkТоk. Гэта не толькі від з кабіны камбайна, ад якога перахоплівае дыханне, прыгожы захад сонца, які бярэ за сэрца, для мяне, як памочніка, вялікая праца – дапамога брату. Вучуся кожную хвіліну. Як жанчына не хачу, каб думалі, што мы саступаем мужчынам ці не цягнем хлебаробскую справу – пакажам майстар-клас і на жніве.
Дабавім жніўнаму сезону жаночай пяшчоты і прыгажосці, –
-расказвае Яна.

Жніўным выдалася поле і для начаўскага маладога вадзіцеля Уладзіслава Купрыша. На падменным МТЗ-3522 перавёз больш
за 600 тон збожжа і перасеў на іншыя сельскагаспадарчыя работы.
Зараз заняты на ворыве.
– Раней на жніве быў і за штурвалам камбайна, а сёлета вазіў збожжа. Скажу, што наша тэхніка – магутная. Да кожнай патрэбен свой падыход, галоўнае – клопат, тады яна таксама аддзячыць упэўненай работай, – гаворыць Уладзіслаў.
Маргарыта КУХТА-МАСЛОЎСКАЯ.




