Дарога – не гоначная траса. З 6 па 16 жніўня на Ляхавіччыне праходзіць рэспубліканская прафілактычная акцыя «Матацыкліст»

Апошнім часам у стужцы навін усё часцей мільгаюць здарэнні з удзелам матацыклістаў. І кожны раз сэрца сціскаецца ад лічбаў і фактаў: атрымаў цяжкія траўмы, знаходзіцца ў рэанімацыі, загінуў…
У Столінскім раёне 16-гадовы матацыкліст без правоў сутыкнуўся з легкавушкай – ён у рэанімацыі. У Смаргонскім раёне бяспраўнік на мапедзе насмерць збіў жанчыну. У Брэсце матацыкліст з салідным стажам вырашыў пазмагацца з аўто – пакатушкі скончыліся страшным ДТЗ, у якім загінулі вадзіцель матацыкла і яго пасажырка, а таксама выпадковы ў гэтай дарожнай гісторыі вадзіцель мапеда. Ён, дарэчы, вяртаўся з рыбалкі…
Бывае і так, што вінаватыя не заўсёды самі вадзіцелі двухколавых. Так было ў Пінскім раёне, дзе бяспраўнік на легкавушцы збіў мапед. У Бялыніцкім раёне загінуў матацыкліст пасля сутыкнення з
КАМАЗам.
ДТЗ з удзелам матацыклістаў здараліся і на Ляхавіччыне. Сёлета зарэгістравана адно здарэнне, па якім зараз праводзіцца праверка. Фіксаваліся такія ДТЗ і летась.
Едзе чалавек у шлеме, па правілах, трымае дыстанцыю. А побач – вадзіцелі ў мяккіх крэслах, якія забываюцца, што паварот трэба паказваць загадзя. Яны проста не заўважаюць матацыкл, а матацыкліст без рамяня бяспекі. І адзін няўдалы рывок руля – яма на асфальце, якую не заўважыў, ці іншыя перашкоды, раптоўнае жаданне перастроіцца на дарозе могуць мець сумны фінал.
Можа, надышоў час спыніцца і задумацца? Не толькі тым, хто сядзіць на двух колах, але і вадзіцелям легкавых аўто. Варта яшчэ раз паглядзець у аўтамабільнае люстэрка, уключыць паваротнік на дзве секунды раней.
Не трэба спяшацца перастройвацца ў пробцы. За рулём кожнага матацыкла – чалавек, якога вельмі чакаюць дома.
Матацыклістам таксама варта ўспомніць, што дарога не трэк для гонак, і яна не даруе памылак. Не трэба даказваць свету, што вы самыя хуткія. Здаецца, кожнае такое ДТЗ – гэта не толькі лічба ў зводцы, а таксама знак. Знак таго, што мы ўсе сталі менш уважлівыя адзін да аднаго, забыліся, што на дарозе не адныя, і там павінны безумоўна працаваць ПДР. Беражыце сябе. І азірніцеся навакол.
Супрацоўнікі АДАІ Ляхавіцкага РАУС дзеля папярэджвання ДТЗ праводзяць нямала прафілактычных акцый. Сярод іх – акцыя «Матацыкліст», падчас якой супрацоўнікі АДАІ правялі прафілактычныя гутаркі з вадзіцелямі мотатранспарту, нагадалі пра неабходнасць выкарыстання моташлемаў, важнасць захавання скораснага рэжыму і ўважлівасці на дарозе. За час правядзення рэйдавых мерапрыемстваў выяўлена і спынена 18 парушэнняў ПДР, з якіх два дапушчаны вадзіцелямі мотатранспарту, расказаў старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ Ляхавіцкага РАУС Аляксандр Анікевіч. Наогул, з пачатку года на Ляхавіччыне супрацоўнікі АДАІ выявілі 112 парушэнняў вадзіцелямі мотатранспарту, з іх восем не мелі права кіравання, два знаходзіліся ў нецвярозым стане. Прыбор паказаў у іх больш за 0,8 праміле алкаголю. Штраф за парушэнне – 200 БВ і пазбаўленне права кіравання тэрмінам на пяць гадоў.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

