Трасцінка да трасцінкі. Ільнаводчыя прадпрыемствы Ляхавіцкага раёна прыступілі да нарыхтоўкі трасты
Ільнаводчыя прадпрыемствы раёна прыступілі да нарыхтоўкі трасты. Стужкі спелай прадукцыі збіраюцца ў шчыльныя прэс-рулоны, ажыццяўляюцца іх пагрузка і дастаўка да месца канчатковага складзіравання
Яшчэ гэта называецца фінішнай уборкай ільну, чый шлях выспявання з’яўляецца доўгім, многаэтапным, прадугледжвае выкарыстанне разнапланавага тэхніка-тэхналагічнага абсталявання, расцягваецца па часе. Значэнне мае і фактар надвор’я. Добра, калі росныя ночы змяняюцца цёплымі днямі. Як расказалі на ААТ «Ляхавіцкі льнозавод», у тым ліку і ад гэтых абставін залежыць якасны складнік сыравіны – так званы нумар нарыхтаванай для перапрацоўкі льнотрасты. Чым ён большы ў сваім лічбавым вымярэнні, тым лепш, тым больш багатымі з’яўляюцца сыравінныя запасы льноперапрацоўчага прадпрыемства.
На першыя ўчасткі палёў ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» ільноцерабілкі завіталі яшчэ некалькі тыдняў назад. Зрабілі сваю тэхналагічную справу і пакінулі яшчэ жоўта-зялёныя стужкі раслін даспяваць. Да гэтага часу апошнія вылежаліся, прайшлі праз аперацыю абарочвання,
а пасля так званага ўспушвання выйшлі ў стадыю прэс-гатоўнасці.
На сённяшні дзень усе свае амаль што 2 300 даўгунцовых гектараў ільнозавод выцерабіў, па стане на раніцу 12 жніўня ўжо каля чатырохсот першавыцерабленых ільногектараў, якія за гэты час сталі трастой, набылі форму прэс-рулонаў, частка якіх паспела заняць сваё месца на заводскім сыравінным складзе.
У адрозненне ад, напрыклад, мінулага сезона нарыхтоўкі, калі на адвозцы рулонаў быў задзейнічаны і арандаваны транспарт, сёлета з гэтым спраўляюцца ўласнымі сіламі. Шэсць-сем адзінак транспарту пакуль паспяхова закрываюць падрад. Дарэчы, сёння на палях і пад шохамі завода працуюць некалькі новых універсальных тэлескапічных пагрузчыкаў. З кожным новым днём спрасаваныя плошчы павялічваюцца прыкладна на пяць-шэсць дзясяткаў гектараў.
Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

